Да 85-годдзя рэгіёна майстры Віцебшчыны стварылі лапікавае пано-кнігу, якое можа стаць марай любога філатэліста: кожная старонка – паштовая марка. Вялікі ўклад у сумесную творчую працу ўнеслі Алена Дзямешка, Святлана Калеснікава і Ірына Салаўёва з Верхнядзвінска.
Праект «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына» быў арганізаваны Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці пры дапамозе Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, а ў прыватнасці – народнага клуба аматараў лапікавага шыцця «Рошва». Мэту паставілі амбіцыйную: у тэхніцы лапікавага шыцця ўзнавіць паштовыя маркі розных гадоў, прысвечаныя сімвалам і гісторыка-культурнай спадчыне Віцебшчыны. Спачатку планавалася пашыць адно вялікае палатно, але гэта не вельмі зручны фармат, таму арганізатары вырашылі зрабіць кнігу – і арыгінальна, і кампактна.
Да праекта з энтузіязмам далучыліся аматары лапікавага шыцця амаль што з усіх раёнаў вобласці. Верхнядзвінск прадстаўлялі кіраўнік народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў пры Доме рамёстваў Алена Дзямешка і яго актыўныя ўдзельніцы Святлана Калеснікава і Ірына Салаўёва.
Работа над пано пачалася ў красавіку з двухдзённага абласнога семінара-практыкума ў Полацку. Там удзельнікі праекта паглядзелі майстар-класы па «аплікацыі наадварот» і тэхніцы «піца», абмеркавалі дэталі і атрымалі выявы марак, якія ім трэба пашыць.
Работа абяцала быць складанай і карпатлівай: каб у дакладнасці паўтарыць малюнак тканінай і ніткамі, патрэбны вялікае майстэрства і шчырае захапленне справай. Але няма такой задачы, якая не па сілах верхнядзвінскім рукадзельніцам!
Марка з выявай Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра дасталася Алене Дзямешка, таксама яна дапамагала Святлане Калеснікавай прасцёгваць марку «Лён». А самая складаная задача стаяла перад Ірынай Салаўёвай: ёй трэба было пашыць выяву знакамітага крыжа Еўфрасінні Полацкай. Гэта філігранная работа з вялікай колькасцю вышыўкі і стразамі замест каштоўных камянёў. Ірыне Мікалаеўне нават удалося перанесці на тканіну выявы маленькіх абразоў!
Ад майстроў патрабавалася пашыць толькі верхні слой пано, а пасля ўдзельнікі клуба «Рошва» дадавалі падкладку і ніжні слой, афармлялі работы ў выглядзе паштовых марак і збіралі ў кнігу. Але прадстаўніцы Верхнядзвінска ўсё, акрамя фінальнага этапа, зрабілі самі.
Прэзентацыя лапікавага пано, створанага ў рамках праекта «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына», адбылася ў верасні ў Віцебскім абласным цэнтры народнай творчасці. Усяго майстры Прыдзвінскага краю пашылі 25 марак! Адразу тры з іх – ад Верхнядзвінска, гэта самая вялікая колькасць сярод усіх раёнаў. Гатовая кніга будзе знаходзіцца ва Упраўленні культуры аблвыканкама.
За захаванне і развіццё традыцый лапікавага шыцця і ўдзел у праекце па стварэнні лапікавага пано «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына» Алена Дзямешка, Ірына Салаўёва і Святлана Калеснікава атрымалі Падзяку Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Алёна МАРОЗ.