Віншуем каталіцкіх вернікаў са святам Божага Нараджэння

Актуально Духовность

Шаноўныя браты і сёстры, глыбокапаважаныя жыхары Верхнядзвінскага раёна!


Сардэчна вітаю вас і віншую з надыходзячымі святамі і заканчэннем адвэнтовага посту. У гэтым годзе Адвэнт прамінуў вельмі хутка, і вось мы ўжо стаім на парозе святкавання Божага Нараджэння – самага любімага і чаканага свята для кожнага хрысціяніна. Свята, якое адраджае нашу веру, надзею і любоў і абуджае жаданне дзяліцца каляднай радасцю са сваімі роднымі і блізкімі.
Езус Хрыстус, прыходзячы на зямлю, пажадаў нарадзіцца ў сям’і. Тым самым Ён асвяціў сямейнае жыццё як калыску будучыні кожнага чалавека і крыніцу свайго благаслаўлення. Менавіта таму Божае Нараджэнне па праву лічыцца самым сямейным святам на працягу года. Збіраючыся з самымі дарагімі нашаму сэрцу людзьмі за вігілійным сталом, складаючы святочныя віншаванні і ўслухоўваючыся ў словы Евангелля, мы перажываем асаблівыя моманты еднасці і ўзаемнай любові. Штосьці падобнае адчуваем і ў касцёле, удзельнічаючы як адна парафіяльная сям’я ў начной святой Імшы.
Евангелісты Лука і Мацвей проста, але вельмі ўзнёсла апавядаюць гісторыю нараджэння Сына Божага. А вось святы Ян у сваім Евангеллі для апісання Божага нараджэння выкарыстоўвае мову містычную і сімвалічную, прадстаўляючы Хрыста як спрадвечнае Слова Бога Айца: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі. Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды» (Ян 1,1-14).
Божы Сын стаўся чалавекам, каб мы маглі стаць дзецьмі Божымі. Бэтлеемская стайня ператварылася ў месца сустрэчы Бога і чалавека, нябеснага і зямнога, вечнага і часовага. Божае Нараджэнне – гэта не толькі час, калі мы ўглядаемся ў святочныя дэкарацыі: стаенку, фігуркі маленькага Езуса, Марыі і Юзафа, пастухоў і каралёў, але, у першую чаргу, услухоўваемся ў Слова Божае. Па прыкладу Багародзіцы імкнёмся ў сваім сэрцы стварыць Бэтлеемскія яслі і адчуць там прысутнасць уцелаўлёнай Любові.
Жадаю вам радаснага святкавання, цёплых сямейных спатканняў, шчырых малітваў і адчування блізкай прысутнасці ў вашым жыцці ўцелаўлёнага Божага Слова. Слова праўды, любові і супакою.
Шчаслівага Божага Нараджэння і шчодрых Калядаў!
Кс. Аляксандр Грыцкевіч, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *