«Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці»

Актуально Общество

Менавіта гэтыя радкі Францыска Скарыны сталі эпіграфам выставы «Асветнікі і першадрукары», падрыхтаванай супрацоўнікамі раённай бібліятэкі імя Т. Хадкевіча да Дня беларускага пісьменства.

Выстава расказвае пра беларускіх першадрукароў, зараджэнне і развіццё беларускага пісьменства, знаёміць са знакамітымі асветнікамі, класікамі роднай літаратуры.
Асобны куток у чытальнай зале адведзены пад новыя выданні, якія яшчэ пахнуць друкарскай фарбай. Шмат месца на паліцах для кніг, якія распавядаюць пра першадрукара Францыска Скарыну, аб асветніках беларускай зямлі Еўфрасінні Полацкай, Сімяоне Полацкім, Усяславе Чарадзеі. Для развіцця агульнага кругагляду наведвальнікам бібліятэкі прапанаваны кнігі «Узнікненне кнігадрукавання ў Еўропе і Беларусі», «Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага», «Старажытная беларуская літаратура», «Гісторыя беларускай крыўскай кнігі», «Беларусь. Зямля песняроў».
Сёлетні трыццаць першы Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Энцыклапедычны матэрыял аб сталіцы мерапрыемства таксама размешчаны на стэндзе.
Зацікавяць чытачоў і кнігі з серыі «Жыццё знакамітых лю-дзей Беларусі», дзе распавядаецца пра Якуба Коласа, Янку Купалу, Івана Мележа, Максіма Танка. Біяграфіі, асабістыя якасці характару асоб, успаміны сяброў і лю-дзей, якія былі знаёмы з вялікімі беларускімі класікамі, уражваюць і захапляюць аматараў беларускага пісьменства.
Уважліва знаёміцца з выствай пастаянны чытач бібліятэкі Галіна Пяскова. Яна высока ацаніла прадстаўленыя выданні, адзначыла, што яны будуць карыснымі як для моладзі, так і старэйшага пакалення. Важна ведаць сваю гісторыю і перадаваць нашчадкам.
Галіна Пяскова нарадзілася ў вёсцы Юльянова, што на Бігосаўшчыне. Працавала і жыла ў Латвіі. Калі выйшла на пенсію, прыехала даглядаць маці ў Верхнядзвінск. У яе была свая даволі вялікая бібліятэка. На жаль, перавезці кнігі ў Беларусь не ўдалося. Але магчымасць сустрэцца з любімымі аўтарамі ёсць у мясцовай бібліятэцы. Галіна захапляецца беларускімі класікамі і сучаснай літаратурай. Лічыць, што няма нічога даражэй сваёй мовы і культуры.
Кніга ж пашырае кругагляд, робіць чалавека адукаваным, служыць крыніцай ведаў. Чытайце! А супрацоўнікі раённай бібліятэкі дапамогуць вам выбраць выданне для душы.

Штогод сталіцай Дня беларускага пісьменства вызначаецца горад, які пакінуў адметны след у гісторыі беларускай зямлі як цэнтр асветы і культуры. Пачатак гэтай традыцыі пакладзены ў 1994 годзе ў горадзе Полацку. Трыццаць першы Дзень беларускага пісьменства праводзіцца сёлета ў г. Івацэвічы Брэсцкай вобласці 31 жніўня – 1 верасня.
У праграме свята навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў», міжнародны круглы стол «Час выбраў нас», сустрэчы з беларускімі і замежнымі творцамі, работа інтэрактыўных пляцовак, выставы, канферэнцыі, іншыя мерапрыемствы. Кульмінацыяй свята стане цырымонія ўзнагароджання пераможцаў «Нацыянальнай літаратурнай прэміі».
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства, адбываюцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *