Верхнядзвінскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адзначае 215-годдзе. Змяняліся часы і эпохі, грымелі войны і рэвалюцыі, а святыня нязменна выконвала сваё прызначэнне – заставалася цэнтрам духоўнага жыцця людзей.
Папярэднікам мураванага касцёла быў драўляны храм, дакументальныя звесткі аб якім адносяцца яшчэ да 1734 года. З часам мястэчка Дрыса расло, у ХІХ стагоддзі жыхароў каталіцкага веравызнання тут было больш за 2 тысячы. Патрабаваўся новы касцёл, які і быў пабудаваны ў 1809 годзе паміж тагачаснымі вуліцамі Дзвінскай, Маскоўскай і Новай Каменнай. Пазней побач з’явіліся плябанія, флігель, гаспадарчыя пабудовы. Усе яны складалі адзіны архітэктурны ансамбль.
У 1848 годзе касцёл становіцца філіяй Забельскага кляштару. З 1907 па 1913 гады пры ім дзейнічаў кляштар сясцёр-законніц. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зачынены. Будынак разбураўся, яго хацелі выкарыстаць пад музей, але вернікі з’ездзілі ў Маскву і адстаялі святыню. З 1990 года пачынаецца новы этап яе развіцця. Касцёл набывае сучасны выгляд, дабудоўваецца, капітальна рамантуецца, узво-дзіцца новая плябанія, тэрыторыя добраўпарадкуецца.
У захаванне і росквіт храма вялікі ўклад унеслі і вернікі, і святары, якія самааддана служылі веры. У розны час пробашчамі касцёла былі Леапольд Окала-Кулак, Юстын Скакоўскі, Ян Вярсоцкі, Мечыслаў Багаткевіч, Стэфан Пракурат, Уладас Пятрайціс, Клаўдзіюш Прызмант. У гады вайны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч быў расстраляны фашыстамі за веру і ў 1999 годзе аб’яўлены Папам Рымскім благаслаўлёным мучанікам. З бягучага года ў Верхнядзвінскім касцёле ўрачыста адзначаецца Дзень успаміну благаслаўлёных мучанікаў Віцебскай дыяцэзіі.
Шмат працы па аднаўленні святыні ўклалі святары Томаш Юньчык і Тадэвуш Кавальскі. Сёння пробашчам касцёла з’яўляецца Аляксандр Грыцкевіч, які дзевяты год служыць у Верхнядзвінскай парафіі і прыўносіць у яе жыццё новыя традыцыі і духоўныя практыкі, многа працуе з моладдзю.
Верхнядзвінскі касцёл – гэта не проста месца для малітвы, гэта жывая супольнасць людзей, якія пад кіраўніцтвам святароў ідуць шляхам веры.
У нядзелю, 8 верасня 2024 года, у Верхнядзвінскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 215-гадовага юбілею святыні.
11.00 – працэсія ад Паклоннага крыжа ў мікрараёне да касцёла.
12.00 – Святая Літургія.