Дарагія браты і сёстры!
Першыя словы, якія прамовіў уваскрослы Госпад, калі з’явіўся перад сваімі вучнямі на восьмы дзень пасля сваёй смерці былі «Спакой вам!». Так апісвае гэтую лёсавызначальную сустрэчу Евангеліст Ян: «Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана». Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам!» (Ян 20, 19-21).
Сёння ўвесь свет, прыгнечаны навінамі пра войны і канфлікты, прагне пачуць словы аб міры і супакоі паміж народамі. Словы, якія будуць напоўненыя цвёрдай воляй да спынення забойства людзей і знішчэння гарадоў. Такія словы можна прамовіць толькі з верай у сэрцы. Верай і міласэрнасцю, якія дае Божы Сын, які сам прайшоў праз зневажанне, бічаванне, крыжовую дарогу і, нарэшце, ганебную смерць на крыжы. Нават пасля свайго ўваскрасення на Яго целе засталіся раны на руках і баку. Гэтыя раны застануцца і на сэрцах людзей, якія прайшлі праз пекла вайны. І загаіць гэтыя раны можа толькі Бог.
Таму так важна, адзначаючы свята Змёртвыхпаўстання Пана, у сваіх малітвах прасіць міласэрнага Бога, каб спаслаў свету мір. У гэтым годзе Бог адарыў усіх хрысціянаў радасцю адзначаць Вялікдзень разам, а гэта значыць, разам святкаваць, маліцца, збірацца сем’ямі за святочным сталом і віншаваць адзін аднаго словамі «Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!». Няхай жа ў гэтыя дні кожны з нас стане своеасаблівым міратворцам для сваіх родных і блізкіх. Міратворцам, гатовым да прабачэння, прымірэння, суперажывання і прыняцця іншага чалавека з міласэрнасцю і лагодай. Бо менавіта з неспакою і канфліктаў у нашых сем’ях разрастаюцца сусветныя вой-ны. Дзеці, якія не адчувалі сямейнага цяпла і любові, якія не бачылі, як бацькі просяць прабачэння адзін у аднаго і падаюць адзін аднаму руку для прымірэння, рызыкуюць вырасці ў тыранаў, якія будуць помсціць усяму свету за сваю «недалюбленасць».
Просім Госпада, каб сёлетняя Пасха з’яднала ўсіх хрысціянаў у адзіным жаданні міру і супакою. Каб Бог сваёй гаючай ласкай сагрэў скамянелыя ад нянавісці людскія сэрцы і ператварыў нашыя сем’і ў супольнасці веры, надзеі і любові. Няхай жа кожны з нас, так як Хрыстовыя вучні, набярэцца адвагі прапаведаваць мір і паяднанне сваім братам і сёстрам. Каб з Божай волі ў гэтым годзе споўніліся нарэшце словы Святога Пісання з Кнігі прарока Ісаі: «І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды – на сярпы. Не падыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць» (Іс 2,4).
На мірнае і спакойнае святкаванне Вялікадня благаслаўляе
ксёндз Аляксандр ГРЫЦКЕВІЧ,
пробашч касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Расклад святочных Імшаў у Верхнядзвінскім касцёле:
пятніца, 18 красавіка – 20 гадзін;
субота, 19 красавіка – 22 гадзіны;
нядзеля, 20 красавіка – Рэзурэкцыя ў 8 гадзін.