У пагодлівы суботні дзень цэнтральная плошча і вуліцы пасёлка ператварыліся ў суцэльную святочную пляцоўку. Яркія прыродныя фарбы кветак і гародніны перапляталіся з фантазійнымі ўзорамі выстаў, у паветры лунаў водар духмяных страў, а па наваколлі разліваліся пералівы гармоніка і задорныя прыпеўкі. Асвейскія дажынкі праходзілі як ніколі шырока і багата — сяляне шчыра папрацавалі на зямлі і гэтак жа шчодра дзяліліся здабыткамі.
Адкрываючы свята, старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф.Козел і старшыня Асвейскага сельскага Савета А.В.Лаўрыновіч падзякавалі працаўнікам зямлі за стараннасць і руплівасць у вытворчых справах, навядзенне парадку на сваіх тэрыторыях, актыўнасць у грамадскім жыцці і пажадалі спаўна парадавацца плёну сваёй працы.
Удзел у кірмашы прынялі мясцовае КУВСГП «Асвейскі», гаспадаркі і прадпрыемствы раёна, гандлёвыя арганізацыі і прадпрымальнікі. У шырокім асартыменце прапаноўваліся збожжа, бульба, гародніна і садавіна, мясная і малочная прадукцыя, мёд, кандытарскія вырабы і пачастунак. Асвейцы спяшаліся запасці на зіму зерне для падсобнай гаспадаркі, куплялі гаспадарчыя прылады, насенне.
Арганізатары кірмашу пастараліся , каб ён ператварыўся ў сапраўднае свята ўраджаю. Асаблівым упрыгожваннем кірмашовай плошчы сталі маляўнічыя падвор’і, якія абсталявалі КУВСГП «Асвейскі», участак ДРУВП ЖКГ, філіял ТЦСОН, Асвейскія школа і дзіцячы сад, Сенькаўская школа і Асвейская бальніца. Чым толькі не прываблівалі гасцей гаспадары: адмысловымі стравамі нацыянальнай кухні, кветкавымі кампазіцыямі, вышыванкамі і выставамі народных промыслаў, арыгінальнымі ўпрыгожваннямі з каларытных лялек і гароднінных фігур. Усё гэта хараство суправаджалася жартоўнымі прэзентацыямі і музычнымі нумарамі. Самым адметным прызнана падвор’е Асвейскага ўчастка ДРУВП ЖКГ, якое арганізоўвалі работнікі прадпрыемства на чале з Н.І.Марозавай. Госці з задавальненнем заходзілі ў рукатворную альтанку ў народным стылі, дзе ўсё было з густам аформлена і здзіўляла багаццем незвычайных кампазіцый. Другое месца камісія аддала прыгожаму і шчодраму падвор’ю гаспадара «Дажынак» — сельгаспрадпрыемству «Асвейскі», у якога атрымаўся самы багаты беларускі стол. А трэцяе заняла Асвейская СШ, якая падрыхтавала выдатнае музычнае суправаджэнне і цікавую выставу падзелак.
Па традыцыі на свяце пасёлка назвалі лепшых гаспадароў і ўшаноўвалі юбіляраў. У намінацыі «Лепшае падвор’е сельсавета сядзібнага тыпу» перамаглі Любоў і Эдуард Серпуць і Раіса і Аляксандр Байковы. Лепшай сярод арганізацый прызнана тэрыторыя Асвейскага дзіцячага сада, загадвае якім Алена Антонаўна Злотка. Сардэчна віталі землякі сямейных юбіляраў: Раісу і Аляксандра Байковых, якія адзначылі «залатое вяселле»; Ірыну і Аляксандра Дарашэвіч, Уладзіміра і Наталлю Марозавых — «сярэбранае». Адзначылі самага маленькага жыхара Асвеі — Аляксандра Злотку і самага старэйшага — Мікалая Іванавіча Скрыпко.
Падводзячы вынікі кірмашу, асвейцы прысудзілі першае месца КУВСГП «Асвейскі», другое — райспажыўтаварыству, трэцяе — масласырзаводу. Адзначаны плённы ўдзел у гандлі хлебазавода і ААТ «Верус».
Удзельнікаў асвейскіх дажынак, асабліва маленькіх, чакалі сюрпрызы: вулічныя кафэ, атракцыёны, катанне на конях. Надзвычай захапілі дзяцей прагулкі на цудоўным поні, якога нядаўна набыло КУВСГП «Асвейскі».
Усе намінанты свята атрымалі прызы ў выглядзе прыгожых формаў для вулічнага дызайна, за што сардэчна ўдзячны сельгаспрадпрыемству «Асвейскі» і яго кіраўніку А.Ч.Станкевічу. Менавіта дзякуючы зацікаўленаму падыходу прадпрыемства да арганізацыі дажынак, удзелу ў кірмашы і спонсарскай дапамозе, свята атрымалася такім змястоўным і масавым.
А яшчэ яно было падмацавана ўдалай рэжысёрскай працай культработнікаў — дырэктара Асвейскага Дома культуры Вольгі Пятроўны Навіцкай і акампаніятара Святланы Уладзіміраўны Ашэйчык. Яны не толькі прадумалі і ажыццявілі выдатны сцэнарый, але і самі актыўна ўдзельнічалі ў канцэрце. Упрыгожваннем свята сталі таксама выступленні ансамбляў «Сенькавіца» і «Вясёлы настрой» мясцовых устаноў культуры.
Свята атрымалася звонкім, яркім і па-дамашняму цёплым, як бывае ў вялікай сям’і, дзе ўсе радуюцца агульнаму дабрабыту.
С. Дзвінская.