Прымем удзел у напісанні старонкі памяці

Актуально Память

У выдавецкім доме газеты «Звязда» адбыўся «круглы стол», на якім ішла зацікаўленая гутарка пра неабходнасць павышэння ўвагі грамадства, дзяржавы і сусветнай супольнасці да гісторыі «вогненных» вёсак Беларусі, іх уцалелых жыхароў.

День Победы

 

Тэма спаленых вёсак асабліва актуальная ў наш час, калі на планеце пульсуе крывёю шэраг «гарачых кропак», а сучасныя кампутарныя сродкі навязліва прапаноўваюць сваім карыстальнікам гульні, дзе смерць падаецца як захапляльная забава. Адыходзіць з жыцця тое абпаленае вайной пакаленне, якое не па фільмах бачыла жахлівы разгул смерці і сваімі сведчаннямі яшчэ можа сказаць сваё рашучае «Не!» такому небяспечнаму ачмурэнню.
Сёлета Нацыянальны архіў Беларусі выдаў дакументальную кнігу «Хатынскі некропаль», у якой, акрамя дакументаў і фатаграфій, змешчаны ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак, якія ўвекавечаны на Хатынскіх могілках. Найбольш старонак занялі матэрыялы пра вогненыя вёскі Верхнядзвіншчыны. У выніку акцыі, якая праводзілася ў нашым раёне пад знакам 70-годдзя Асвейскай трагедыі, нам удалося адправіць у рэдакцыю ўспа-міны былых жыхароў або сведчанні пра лёс вёсак Аніськава, Бузова, Верхняе Стунжава, Жалабоўшчына, Кулакова, Ладэлева, Мазалеўшчына, Межалы, Немцы, Рэвуты, Сакалова, Ціршава, Шабалы. На жаль, не былі прыняты да друку шматлікія ўспаміны сведкаў з тых вёсак, якія былі спалены з людзьмі і не адрадзіліся з вайны, але чамусьці не трапілі ў спісы для ўвекавечання на могілках вёсак у Хатыні.
Зараз рыхтуецца да выдання падобная кніга пра вёскі, якія былі спалены, але адрадзіліся да жыцця і занесены ў своеасаблівы спіс на Дрэве Памяці ў Хатыні. Застаецца зноў пашкадаваць, што каменны летапіс Хатыні «акамянеў» у сваёй непаўнаце. Так, з нашага раёна ў гэты спіс трапілі толькі 26 вёсак (на могілках — 42). Агулам гэта складае толькі шостую частку з «вогненнага рэестра» вёсак Верхня-дзвіншчыны.
Хатынскі мемарыял мусіць абнаўляцца за кошт новых дадаткаў, складзеных па выніках карпатлівай даследчай працы за апошнія дзесяцігоддзі. Але зараз перад намі стаіць канкрэтная і тэрміновая задача: падаць як мага больш успамінаў для новага зборніка. Вось пералік нашых вёсак, занесеных на Дрэва Памяці ў Хатыні:

Абухава
Азернікі
Ардаўскія
Бандзелі
Барысова
Валюкі
Галькаўшчына
Задзежжа
Запасішкі
Зашчырына
Каралёва
Каханавічы
Кашалёва
Кісялі
Любасна
Марозы
Марцінава
Матукі
Муквяціца
Мушына
Ніжняе Хаміно
Пятроўшчына
Рудня
Сямёнава
Царкоўна
Ярмоліна

Ад імя ўкладальнікаў кнігі «Хатынскі некропаль» і запланаванага выдання я звяртаюся да чытачоў «Дзвінскай праўды» з просьбай прыняць актыўны ўдзел у напісанні яшчэ адной старонкі нашай вогненнай памяці. На адрас раённай газеты або раённага савета ветэранаў можна прысылаць як уласныя ўспаміны, так і сведчанні, перададзеныя малодшым пакаленням ад родных, блізкіх і знаёмых, пачутыя або прачытаныя з іншых крыніц. Рэдакцыйную калегію цікавяць матэрыялы менавіта пра вёскі, прыведзеныя вышэй у спісе. Як бачым, у ім няма нават такіх шматахвярных вёсак, як Расіца, Ліпаўкі і іншыя. Але гэта клопат на будучыню. А пакуль будзем чакаць вашага аператыўнага водгуку. Мы зноў разлічваем таксама на дапамогу школьных краязнаўцаў. Не чакайце, калі ласка, афіцыйнай аб’явы пра нейкую спецыяльную акцыю. Запісаць успаміны людзей, што перажылі вайну, — гэта абавязак Памяці, які не мае права на спачын. У кнізе будуць надрукаваны расказы пр абставіны гібелі і адраджэння вёсак, пра лёсы саміх апавядальнікаў і іх сем’яў.
Запісваючы ўспаміны, не забывайцеся на дэталі — імёны і даты, геаграфічныя назвы і іншае, бо запісанае вамі будзе мець статус дакумента ў Нацыянальным архіве нашай дзяржавы.
А. БУБАЛА, краязнаўца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *