Сельгаспрадпрыемства сябруе са школай

Актуально Жизнь сельских Советов

IMG_1574

-Хваліцца няма чым, — дырэктар ААТ «Сакалоўшчына» У. У. Корсун, як і іншыя кіраўнікі нашых сельгаспрадпрыемстваў, не надта любіць «фанфары», — проста працуем у звычайным рытме.
А між тым рытм гэты даволі напружаны. І прыносіць плён. Вытворчасць валавай прадукцыі за дзевяць месяцаў склала 101,1 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года, у тым ліку збожжавых і зернебабовых — 102,3% пры ўраджайнасці 31,7 цэнтнера з гектара. Упэўнена плюсуюць надоі. Ірына Пілецкая надаіла ад кожнай каровы па 4567 кілаграмаў малака, Кацярына Бембель — па 4562 кілаграмы. Прыкладна такі ж паказчык у Таццяны Сяткоўскай і Наталлі Руткоўскай.
З непадробным клопатам гадуе цялятак сям’я Галынскіх — Канстанцін і Святлана.
Важкі ўклад у агульную скарбонку ўносяць механізатары Аляксандр Бужынскі, Валерый Шкецік, Мікалай Новікаў, Андрэй Смірноў, Мікалай Гардзей, Леанід Чэрній, Мікалай Баярын, Сяргей Сабалеўскі, Аляксандр Дарожка.
На ўборцы ўраджаю вызначыліся вадзіцелі Аляксандр Кірэй і Уладзімір Заляціла.
Зладжанасць вытворчых працэсаў забяспечваюць спецыялісты.
-Уладзімір Уладзіміравіч, не сакрэт, што рабочых рук на вёсцы не хапае. Як плануеце папаўняць рады земляробаў?
-За кошт мясцовай моладзі. Дзелавыя, творчыя сувязі з Галубаўскай базавай школай усталяваліся даўно і толькі ўмацоўваюцца.
Дырэктар не перабольшвае. Ён асабіста, спецыялісты — частыя госці ў гэтай навучальнай установе. Зрэшты, не столькі госці, колькі дарадчыкі і памочнікі. Трэба фарба, матэрыялы для рамонту будынка — калі ласка. Транспарт? Чаму не?
Толькі за апошні перыяд гаспадарка падарыла школе стэлажы для кухні, тэлефон-факс. На лінейках вучням, якія вызначыліся ў вучобе, спорце, мастацкай самадзейнасці, грамадскай рабоце ўручаюцца грашовыя прэміі.
Асабліва адзначаюцца юныя памочнікі на сельгасработах. Дзеці ўдзельнічаюць ва ўборцы бульбы, падрыхтоўцы ферм да зімоўкі, летам пераганяюць жывёлу на выпасы.
У час жніўнага прыпару неацэннай аказалася дапамога былых вучняў Галубаўскай школы, а цяпер студэнтаў, на дапрацоўцы збожжа. Міхаіл Семянец, Вячаслаў Барыкін, Вадзім Кузьмянкоў і Ілля Пятровіч уразілі сваёй працавітасцю і адказнасцю. І зарабілі, між іншым, нядрэнна — ад 7 да 9 мільёнаў рублёў.
-На былых выпускнікоў раўняюцца іх малодшыя таварышы, — працягвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Хаця вучняў не так і многа, але ёсць перспектывы росту. Нядаўна мы прынялі на пастаяннае месца жыхарства перасяленцаў з Данбаса — дзве сям’і з дзецьмі. Чакаем яшчэ дзве і таксама з дзецьмі. Для перасяленцаў ёсць і работа, і жыллё.
-Як іх сустрэлі?
-А як могуць беларусы адносіцца да людзей, трапіўшых у цяжкія жыццёвыя абставіны? Гасцінна, з непадробнай цеплынёй. Вяскоўцы падзяліліся, чым маглі. Гаспадарка забяспечыла дрывамі, выдзеліла матэрыяльную дапамогу.
Нашу размову перапыніў тэлефонны званок: «Уладзімір Уладзіміравіч, не забыліся, што сёння чакаем Вас у школе?»
-Абавязкова буду.
М. КАТКОЎ.
Фота В. САЛАЎЁВА.



1 комментарий по теме “Сельгаспрадпрыемства сябруе са школай

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *