У Віцебску адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» па выніках работы за 2014 год.
Добрай традыцыяй у Віцебскай вобласці стала ўшанаванне напачатку года лепшых працаўнікоў, якія дабіліся найбольш важкіх вынікаў у сваіх сферах дзейнасці. Званне «Чалавек года Віцебшчыны» прысвойваецца 100 прадстаўнікам розных прафесій у 24 намінацыях.
Сёлета цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання праходзіла ў канцэртнай зале «Віцебск» у сёмы раз. Удзел у ёй прымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва вобласці і раёнаў, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Галоўнымі героямі свята сталі людзі, якія сваёй працавітасцю, інавацыйным падыходам, майстэрствам і творчасцю робяць наш край яшчэ больш заможным і квітнеючым.
Вітаючы гасцей, старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М. Шарстнёў нагадаў народную мудрасць: » З майстэрствам не нараджаюцца, а добрым рамяством ганарацца». Дакладней не скажаш: у гэтым імкненні да працоўных набыткаў наша сіла. Ва ўмовах, калі ў суседзяў узнікаюць узброеныя канфлікты, асаблівую каштоўнасць набываюць мір і згода на нашай зямлі. На гэтай аснове будуецца беларуская дзяржаўнасць, яна дае магчымасць стваральнага развіцця і забеспячэння дабрабыту.
Кіраўнік вобласці адзначыў, што мінулы год быў для Віцебшчыны плённым: дасягнута станоўчая дынаміка сацыяльна-экана-мічнага развіцця, ажыццёўлены рад інавацыйных праектаў, зроблены значныя крокі ў мадэрнізацыі вытворчасці, развіцці ўсіх галін народнай гаспадаркі. Хлебаробы вобласці сабралі рэкордны ўраджай збожжа — звыш 1 мільёна 200 тысяч тон. Уведзены ў строй рад важнейшых аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі, культуры. У ходзе падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» папрыгажэў Гарадок.
Акрэсліваючы задачы на 2015 год, Мікалай Шарстнёў падкрэсліў, што гэта — год 70-й гадавіны Вялікай Перамогі і Год моладзі. Мы абавязаны берагчы гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне. Ветэранаў засталося нямнога, для іх трэба зрабіць усё, што магчыма, душой прасякнуцца іх патрэбамі, каб не было і ценю крыўды на нашу няўважлівасць. Дзеці і моладзь павінны ведаць, што яны — нашчадкі народа-пераможцы, які вызваліў Еўропу ад фашызму, таму асаблівую ўвагу варта надаваць іх патрыятычнаму выхаванню. У Год моладзі,- заўважыў кіраўнік вобласці,- важна ствараць умовы для самарэалізацыі маладых людзей, павышэння іх сацыяльнай і грамадскай актыўнасці.
У ліку важнейшых сацыяльна-эканамічных задач старшыня аблвыканкама адзначыў мадэрнізацыю вытворчасці, зніжэнне ўсіх відаў затрат, павелічэнне рэалізацыі прадукцыі. Ва ўмовах няпростых знешніх абставін найбольш пільную ўвагу неабходна звяртаць на свой унутраны патэнцыял. І вызначальную ролю тут адыгрываюць адносіны людей да працы, іх прафесійныя здольнасці, майстэрства і наватарскі падыход.
Прыкладам такіх адказных адносін з’яўляюцца лаўрэаты ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Сваім уменнем разважаць, спалучаць вопыт і майстэрства, удасканальвацца ў прафесіі яны паказваюць, якія агромністыя ў нас рэзервы і магчымасці для павелічэння прадукцыйнасці працы, а значыць, і паляпшэння дабрабыту.
Урачысты і хвалюючы момант свята — узнагароджанне лаўрэтаў, якіх запрашаюць на сцэну для ўручэння дыпломаў, прэмій і кветак. Сярод узнагароджаных — трое прадстаўнікоў нашага раёна. Высокага звання па выніках работы за 2014 год удастоены: у намінацыі «Аграпрамысловы комплекс» — дырэктар ААТ «Верхнядзвінскі масласырзвод» Пётр Пятровіч Лаўрынаў; у намінацыі «Фінансы і страхаванне» — начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Верхнядзвінскаму раёну Анна Міхайлаўна Ушакова; у намінацыі «Жыллёва-камунальная гаспадарка» — слесар-сантэхнік участка жыллёвага фонду Верхнядзвінскага ДРУВП ЖКГ Аляксандр Уладзіміравіч Намавір.
Для ўдзельнікаў урачыстасці быў дадзены вялікі канцэрт з удзелам знакамітых артыстаў беларускай эстрады.
Аднымі з першых лаўрэатаў павіншавалі члены дэлегацыі Верхнядзвінскага раёна — старшыня райвыканкама І.І.Марковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф.Козел, намеснік старшыні райвыканкама Т.В.Севалкіна, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама І. Г. Ушакова, дырэктар ААТ «Нурава» В.М. Шылаў, дырэктар ДРУВП ЖКГ У.Г. Кузняцоў, дырэктар Верхнядзвінскай школы мастацтваў Я.Д. Шугаль.
Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем лаўрэатам новых дасягненняў у працы.
Фота Валерыя Салаўёва.