Пабываць у Росіцкім касцёле і на яго тэрыторыі ў квітнеючым маі – асалода для душы. На нейкі час забываеш аб мірскіх праблемах і акунаешся ў прыгажосць свету, якой так шчодра надзяліў нас Бог, і якую прымножыла нястомная чалавечая праца.
Пробашч касцёла айцец Чэслаў Курэчка запрасіў нас у госці з прыемнай нагоды – у Росіцы пачалося буйнае цвіценне раслін, у тым ліку экзатычных. Толькі тут на Беларусі заружавелі дзівоснымі бутонамі кусты магнолій і яшчэ некалькі дзесяткаў кветак, якіх не ўбачыш у іншых мясцінах нашай паласы.
Апынуўшыся на маляўнічым узгорку, дзе лунаюць у блакітнае веснавое неба вежы святыні, адчуваеш незвычайную гармонію навакольнага свету. У прыродным і рукатворным ансамблі злучыліся бязмежная прастора і чырвоны гмах касцёла, узвышшы і азярыны, алеі і альтанкі, буслы над дахамі і кветкі, мора кветак… Яны, нібы жывыя істоты, бясконцымі шарэнгамі акружаюць касцёл, плябанію, помнік, спускаюцца да возера, выглядваюць з далёкіх куткоў. У дружным веснавым імкненні распусціліся тысячы рознакаляровых цюльпанаў і фіялак, белых нарцысаў і крокусаў, жоўтых рамонак і калужніц, блакітных і ружовых гіяцынтаў, чырвоных бегоній і яшчэ мноства невядомых нам відаў дэкаратыўных раслін.
Хочацца лепш разгледзець гэта фантастычнае хараство, але святар адразу ж вядзе да свайго галоўнага “экспаната” – квітнеючай магноліі. І яна таго варта: куст вышэй чалавечага росту густа ўсеяны буйнымі, матавымі, падобнымі на вялізныя гарлачыкі ружовымі кветкамі з тонкім водарам. Яны настолькі ідэальна сфарміраваныя і шчыльныя, што здаюцца штучнымі.
-Такія гатункі магнолій растуць толькі ў двух мясцінах: у Сочы і Росіцы,- заўважае айцец Чэслаў. — Саджанцы, а дакладней, проста галінкі прывёз сюды чатыры гады назад. Прыжыліся — сёння ля касцёла 12 кустоў гэтых прыгожых раслін. Вось гэта гатунак “Александрына”, а там далей “Сюзанна” – яны ліловыя і густа бэзавыя.
Абыходзім усіх прыгажунь, захапляючыся іх убраннем. Адзін з кустоў пасаджаны ля помніка салдату – вызваліцелю. Святое для расічан месца акружана зялёнай агароджай і чырвоным полымем цюльпанаў.
-Першыя свае туі і кветкі, якія прывёз у Росіцу, пасадзіў са школьнікамі ля помніка,- расказвае святар.- Кожны год абнаўляем кампазіцыю, добраўпарадкоўваем. Сёлета да свята Вялікай Перамогі правялі тут духоўна-патрыятычнае мерапрыемства.
9 Мая ў Росіцу прыехала звыш ста гасцей: з Мінска, Віцебска, Барысава, Жодзіна, Верхнядзвінска, Асвеі, Бігосава, Каханавіч. У касцёле з яго асаблівай трагічнай ваеннай гісторыяй была праведзена служба ў памяць аб ахвярах вайны і ў абарону новага жыцця. Затым усе сабраліся ля помніка на мітынг, у якім удзельнічалі кіраўнік мясцовай гаспадаркі В.І.Губанаў, духоўныя асобы, жыхары і госці Росіцы. Кранальна і шчымліва спяваў барысаўскі хор, гучалі словы падзякі вызваліцелям і памяці аб ахвярах вайны. А затым у касцёле адбылася канферэнцыя для жанчын, дзе гаварылася аб іх ролі ў сучасным свеце, абароне зачатага жыцця.
Айцец Чэслаў расказвае, што ў Росіцу пастаянна прыязджаюць людзі. Напярэдадні, 2 мая, была арганізавана сустрэча для мужчын, дзе размова ішла аб павышэнні ролі мужчыны як мужа, бацькі, працаўніка.
Госці наведваюць Росіцу, каб памаліцца, палюбавацца прыгажосцю, а яшчэ аказаць дапамогу ў доглядзе тэрыторыі — толькі праполка тут вылічваецца гектарамі. Вось і падчас нашага візіту клерык Сяргей Крывы завіхаўся на тэрыторыі з газонакасілкай. А духоўныя асобы з Польшчы на чале з правінцыялам ордэна марыянаў Паўлам Навумовічам аглядалі і фатаграфавалі наваколле.
Дарэчы, напярэдадні група святароў Беларусі аб’ехала каля дзесяці святынь Глыбоцкага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага і іншых раёнаў са свайго роду семінарам па добраўпарадкаванні. Айцу Чэславу было вельмі прыемна пачуць, што яго касцёл прызнаны адным з лепшых і нават параўнаны з Мосаркім.
Ацэнка заслужаная: гаспадару ўдалося ажыццявіць многае са сваіх задум па ўвекавечванні памяці росіцкіх пакутнікаў і стварэнні прывабнага месца паломніцтва. Касцёл адрамантаваны, тэрыторыя аздоблена прыгожым дэкаратыўным ансамблем з агароджай, ліхтарамі, газонамі і кветнікамі. Да возера спускаецца Алея пакутнікаў у абрамленні туй і барбарысаў, неўзабаве тут будуць зроблены прыступкі, ля вадаёмаў з’явіліся альтанкі і пантонны мост, разведзены рознакаляровыя гарлачыкі. Ля касцёла абсталёўваецца агароджа вакол ліпы Лапацінскіх, тэкст да гісторыі якой напісаў А.Ф.Бубала. Кіпіць работа ў напрамку былой піларамы – тут з’явяцца вадаёмы і парк. Вакол могілак святар плануе ўстанавіць агароджу з камянёў у выглядзе ружанца. А яшчэ дзеліцца радасцю з нагоды рамонту дарогі да Росіцы – ужо робіцца насып, будзе пракладзены асфальт, на падыходзе да касцёла плануецца паставіць ліхтары і абсталяваць тратуар.
-Усё, што ўдалося зрабіць — плён сумеснай працы,- гаворыць айцец Чэслаў.- За гэта шчыра ўдзячны раённай уладзе на чале з Ігарам Іванавічам Марковічам, мясцовай гаспадарцы, сваім добраахвотным памочнікам з нашага раёна і валанцёрам з Глыбокага, іншых мясцін.
Зразумела, найбольшы клопат аб прывабнасці касцёла праяўляе сам святар. І тут вельмі дарэчы яго талент кветкавода і дызайнера. Па словах святара, дапамагаюць не веды, але адчуванне, інтуіцыя. Як удаецца развесці ў нашым непяшчотным клімаце столькі экзотыкі, сапраўды, загадка. Мы ўбачылі кусты самшыту, барбарысу, цісу, чырвоны арэх, кітайскі клён, азалію, родадэндроны, гартэнзію, юку, берасклет, бузульнік — усяго не злічыць. Прычым не па адной-дзве расліны, а цэлымі плантацыямі. “Люблю, каб усяго было многа”,- жартуе гаспадар. І паказвае на два “бурты” геаргінаў, падрыхтаваных да высадкі. Якая праца з гэтым “многа”, можна толькі ўяўляць. Але айцец Чэслаў спраўляецца. Не ўдалося яму хіба прыжывіць плакучыя івы.
— Заўсёды хацеў стварыць росіцкі ансамбль з акцэнтам на сум і слёзы гэтага месца, — расказвае святар. – Барбарыс, як кроплі крыві, кіпарысы і туі , як малітва да неба, івы, як слёзы ахвяр. Але вось незадача: не хочуць тут расліны “плакаць”. Яны квітнеюць і радуюцца жыццю, вітаючы кожнага, хто прыходзіць у Росіцу, нібы падтрымліваючы і абнадзейваючы. Так, пэўна, і павінна быць. Некалі з подзвігам росіцкіх святароў, якія не пабаяліся смерці, тут перамагла любоў, перамагло жыццё. Вось і сёння з кожным квіценнем яно нібы перамагае зноў і зноў.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.