Майстрыца з Сенькава вырабляе лялек-абярэгаў

Культура

IMG_9179Сенькава – мясціна, дзе з асаблівай пашанай адносяцца да фальклору. У многім дзякуючы мясцовым культработнікам, якія на чале з загадчыцай мясцовага клуба-бібліятэкі Любоўю Іванаўнай Марынскай на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў працуюць над зберажэннем мясцовых традыцый і абрадаў.
Менавіта ў гэтым паселішчы ўпершыню загучалі чароўныя народныя песні вядомага гурта “Сенькавіца”, тут сабраны багатая песенная спадчына і абрадавыя сцэнарыі, рэцэпты нацыянальнай кухні, створана свая народная майстэрня. Пры клубе адкрыты невялікі музей этнаграфіі, у якім прадстаўлена творчасць мясцовых жыхароў: вырабы ткацтва, вышыванкі, вязанне, карункапляценне. Калекцыю ўласных вышыванак падарыла музею Кацярына Лемяшонак, а дзівосныя тканыя вырабы – Юлія Пілюшына. Адметна, што народная творчасць перадаецца дзецям – маленькія ўдзельнікі клуба народных майстроў вырабляюць кветкі нават з кукурузы, а яшчэ Любоў Іванаўна вучыць іх рабіць лялькі-абярэгі. Сама яна асвоіла гэту старадаўнюю тэхніку 6 гадоў таму і нават не заўважыла, як захапілася незвычайнай творчасцю.
Нашы продкі рабілі лялькі-абярэгі з кавалачкаў тканіны і нітак. У кожнай было сваё прызначэнне, аб якім гаварылі назвы: Дабрабытніца, Траўніца, Дабравесніца, Пеляналка, Сонніца. Іх выкарыстоўвалі ў пэўных жыццёвых абставінах, спадзеючыся на аберагальную моц. Зразумела, сучасны чалавек не верыць у язычніцкія паданні, але інтарэс да гісторыі народнай спадчыны захоўвае. Нездарма на “Славянскім базары”, дзе Любоў Іванаўна паказвала сваіх лялек, знайшлося столькі жадаючых набыць іх. Выставы лялек-абярэгаў дэманстраваліся таксама на раённых і мясцовых святах, ёсць на старонцы Любові Марынскай у інтэрнэце.
Майстрыца не можа сцвярджаць, што лялькі-абярэгі засцерагаюць ад праблем, з якімі былі закліканы змагацца, але тое, што дораць людзям добры настрой і захапляюць творчасцю,- упэўнена.
С.ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *