У вёсцы Каханавічы здалёк кідаецца ў вочы добраўпарадкаваны, дагледжаны жылы дом. Немагчыма прайсці міма такой прыгажосці. Тым больш, што гаспадыня прысядзібнага ўчастка Крысціна Людвігаўна Казлова ў наш прыезд старанна працавала ў двары, займалася праполкай кветнікоў. Яна з радасцю пагадзілася пагутарыць.
Дзевяць гадоў таму пераехала жыць з Заточча ў Каханавічы. З той пары і пачала ўпрыгожваць тут прысядзібны ўчастак.
Калі заходзіш у двор, то як быццам трапляеш у казачны свет. Каля плоту стаіць зробленая з дрэва прыгожая козачка. Побач з кветкамі на плоце – дзед са стрэльбай, які быццам бы ахоўвае прыгажосць. У альтанцы адпачываюць Кракадзіл Гена і старая Шапакляк. Непадалёку ад іх мультгероі Маша і Мядзведзь. Пчолы, зробленыя з пласцікавых бутэлек, таксама сталі часцінкай упрыгожвання. А вось з-за кутка паглядае Бураціна. Непадалёку мурашка, якую гаспадыня змайстравала з блокаў. Жаба, парасяты і яшчэ шмат цікавых казачных персанажаў упрыгожваюць падворак. І ўсіх Крысціна Людвігаўна зрабіла сваімі рукамі. Напрыклад, твары дваровым лялькам — з цэменту, а гэта нелёгкая і карпатлівая праца. Ёй дапамагаюць і сыны, і ўнукі, і нявесткі.
Сцяну жылога дома, якая выходзіць на дарогу, упрыгожвае пейзаж — два лебедзі плаваюць на сажалцы, побач растуць гарлачыкі і іншыя кветкі. А вось на ўваходных дзвярах нас сустракае намаляваны воўк з мультфільма «Ну, пачакай!».
І вакол рознакаляровае царства прыгажунь-кветак. Разнастайныя вялікія і малыя клумбы буяюць у самых розных месцах прысядзібнага ўчастка.
Крысціна Казлова стала нетаропка пералічваць назвы сваіх кветак — гатункавыя вяргіні, клямацісы, рамонкі, хрызантэмы, гладыёлусы, ружы, вялікая разнастайнасць лілей і шмат іншых. Гаспадыня аддае перавагу шматгадовым кветкам, але на ўчастку даволі і аднагодак. Іх яна выпісвае па пошце, купляе ў краме, ды і проста абменьваецца з кветкаводамі.
Ёсць у гаспадыні і агарод, прычым, не маленькі: буракі, морква, агуркі, памідоры, бульба – самае неабходнае. Трымае свіней і курэй.
У яе яшчэ шмат задумак, якія хочацца ўвасобіць. Хутка зіма, з’явіцца больш вольнага часу, і Крысціна пачне вырабляць новых персанажаў для свайго ўчастка.
К. Л. Казлова прызнана пераможцай раённага конкурсу па добраўпарадкаванні сярод гаспадароў сельскіх сядзіб.
Ілона ПЫЖОВА
Фото аўтара.