Бібліятэка многія стагоддзі займае важнае месца ў духоўным жыцці грамадства. А кніга была і застаецца надзейнай крыніцай пазнання і духоўнага развіцця.
Сёння ў склад ДУК “Верхнядзвінская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” уваходзяць 20 бібліятэк. Штогод яны абслугоўваюць каля 13 тысяч карыстальнікаў. Да іх паслуг фонд кніжных і перыядычных выданняў, які складае звыш 260000 экзэмпляраў і пастаянна абнаўляецца. Штогод біліятэкі выдаюць больш за 230000 адзінак бібліятэчнага фонду.
Пры бібліятэках працуюць 9 клубаў па інтарэсах і 9 гурткоў, якія наведваюць больш 200 дзяцей і дарослых. Жыхароў маланаселеных вёсак, якія маюць патрэбу ў бібліятэчных дакументах, абслугоўвае бібліобус.
Зыходзячы з таго, што сучасныя чытачы рэалізуюць у бібліятэках не толькі патрэбу ў інфармацыі, але і бачаць у іх месца культурнага адпачынку, супрацоўнікі ДУК “Верхнядзвінская ЦБС” праводзяць разнастайныя па тэматыцы марапрыемствы: літаратурныя вечары і святы, вечары-сустрэчы з цікавымі людзьмі, краязнаўчыя гадзіны, дні адчыненых дзвярэй, гасцёўні і шмат іншых.
Для карыстальнікаў распрацаваны сайт раённай бібліятэкі, дзе можна даведацца аб усіх значных падзеях бібліятэчнага жыцця: пабываць на віртуальных выставах, пазнаёміцца з анонсам мерапрыемстваў, даведацца аб навінках літаратуры.
Сваё прафесійнае свята бібліятэчныя работнікі заўсёды сустракаюць у прыемным асяроддзі чытачоў. Таму Дзень бібліятэк — гэта не толькі прафесійнае свята людзей, якія працуюць у бібліятэках, але і тых, хто любіць і паважае кнігі.
З прафесійным святам, паважаныя бібліятэкары! Дабрабыту вам, душэўнага камфорту, моцнага здароў’я і творчых поспехаў.
Таццяна ЗУЕВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.