Народны клуб «Ветэран» аб’ядноўвае звыш 30 чалавек. Узрост — ад 50 да 80 гадоў. Гэта прадстаўнікі розных прафесій. Сярод іх — настаўнікі, медыцынскія работнікі, будаўнікі, работнікі гандлю, культуры, спорту і іншых сфер.
Аб жыцці клуба расказвае яго кіраўнік М. ШЧАСНАЯ
Людзі ў клубе з рознымі захапленнямі: паэзія, спевы, музыка, танцы, кулінарыя, кветкаводства, краязнаўства, фатаграфія. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці клуба з’яўляюцца арганізацыя вольнага часу і адпачынку людзей сталага ўзросту, развіццё іх творчых здольнасцей, талентаў, далучэнне да нацыянальных традыцый, прапаганда здаровага ладу жыцця, дэманстрацыя творчых дасягненняў.
Работа клуба будуецца з улікам патрабаванняў і інтарэсаў кожнага. Аматары вандровак, напрыклад, пабывалі ў Мінску, Заслаўі, на лініі Сталіна. Захапляліся прыгажосцю і разнастайнасцю кветак і іншых раслін у сталічным батанічным садзе. Правялі таксама экскурсіі па гістарычных мясцінах Расоншчыны. Наведалі краязнаўчы музей у Клясціцкай сярэдняй школе, музей у Расонах, музей партызанскага побыту.
Сумесна з актывам раённага савета ветэранаў мы ладзілі цікавую сустрэчу з міёрскімі ветэранамі. У ходзе сустрэчы адбылася спартландыя паміж камандамі нашага клуба і міёрскага клуба «Бажэна». Нашы артысты паказалі спектакль «Паўлінка», падзяліліся вопытам работы.
Садаводы, агароднікі, кветкаводы клуба «Ветэран» з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі раённых выстаў. Аматары сцэны паспяхова выступілі ў тэатралізаваным прадстаўленні на свяце «Купалле», а таксама ў канцэртнай праграме, прысвечанай Дню пажылых людзей.
Традыцыйнымі сталі вечары паэзіі «На хвалі натхнення». Са сваімі новымі вершамі нас знаёмяць Ульян Родзік і Антон Бубала.
Члены клуба — актыўныя ўдзельнікі народных святаў «Масленіца», «Купалле», «Ка-лядкі».
Праводзім рэгулярна спарт-ландыі, выставы народных умельцаў, арганізоўваем канцэртныя танцавальна-забаўляльныя праграмы. Асаблівая ўвага — імяніннікам. А для юбіляраў рыхтуем тэматычныя святочныя праграмы.
Усім запомніліся святы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, Дню жанчын, Дню маці, а да Дня сям’і была падрыхтавана праграма «Супер-бабуля + супер-дзядуля», якая мела вялікі поспех.
Радуе гледачоў ансамбль лыжкароў, які ўжо выступае сумесна з народным ансамблем «Верхнядзвінскія музыкі».
Наш калектыў прымаў удзел і ў раённым маладзёжным турзлёце, дзе вызначыўся ў мастацкай самадзейнасці, краязнаўчай віктарыне, спартыўным арыен-таванні.
На базе народнага клуба «Ветэран» працуе хор «Надзея», якому летась споўнілася 30 гадоў. Хор налічвае 28 чалавек, створаны чатыры вакальныя групы, ёсць дзесяць салістаў, дуэты. Рэпертуар разнастайны. Гэта народныя песні, песні беларускіх, савецкіх кампазітараў, творы на вершы ўдзельнікаў хору Антона Бубалы, Мікалая Карагода. Калектыў самастойна выступае на многіх раённых мерапрыемствах — на святах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, на свяце горада Себежа, на Кургане Дружбы. Шмат гледачоў сабрала канцэртная праграма «Старыя песні аб галоўным».
Адметнай падзеяй стаў удзел хора «Надзея» у абласным фестывалі ветэранскіх харавых калектываў «Не старэюць душой ветэраны». Калектыў атрымаў дыплом лаўрэата першай ступені ў намінацыі «Харавыя спевы», такі ж дыплом у намінацыі «Інструментальны ансамбль», а таксама дыплом за аўтарскія вершы.
Вядзецца збор фота- і відэаматэрыялаў аб дзейнасці клуба. Словам, работа рознабаковая. І тут дарэчы ўспомніць выраз «Не старэюць душой ветэраны».