На Верхнядзвінскім-Школьным участку №4, які размяшчаецца ў Верхнядзвінскай гімназіі, створаны ўсе ўмовы, каб працэс выбараў прайшоў арганізавана, без заўваг і нараканняў.
Належным чынам аформлена памяшканне, загадзя складзены графік дзяжурстваў, удакладняюцца спісы выбаршчыкаў, устаноўлены кабіны і урны для галасавання, у тым ліку датэрміновага.
Аформлены куток выбаршчыка, дзе ёсць Канстытуцыя і Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь, журналы акрэдытацыі назіральнікаў, дапаможнік для членаў участковых камісій. Сёння кожны жадаючы можа, патэлефанаваўшы, даведацца, ці ўнесены ён у спіс выбаршчыкаў.
-У спісах — 1090 выбар-шчыкаў, — гаворыць старшыня камісіі А. В. Шыпіла. – Безумоўна, некаторыя будуць галасаваць датэрмінова, напрыклад, прадстаўнікі сілавых структур, бо ў дзень выбараў будзе ўзмацненне аховы мяжы. Упершыню прымуць удзел у выбарах 16 чалавек. Запісаліся прагаласаваць на даму 97 чалавек. Хачу адзначыць, што зроблена ўсё, каб выбары прайшлі празрыста. Пастараліся, каб кожны, хто прыйдзе на ўчастак, рабіў свой выбар у максімальна камфортных умовах. Так, напрыклад, для слабабачачых набылі лупы.
На базе Верхнядзвінскага-Цэнтральнага ўчастка для галасавання прайшоў трэнінг для членаў выбарчых камісій. Падчас яго разбіраліся пазаштатныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць падчас выбараў і якія не прадугледжаны ў Выбарчым Кодэксе.
6 кастрычніка пачнецца датэрміновае галасаванне.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.