Днямі ў самым паўночным гарадскім пасёлку Беларусі Асвея адбылася падзея, якая не пакінула раўнадушнымі ні мясцовых жыхароў, ні шматлікіх прыхільнікаў творчасці пісьменніка Васіля Рудога з розных куткоў краіны і замежжа.
Мясцовай бібліятэцы было прысвоена імя В. І. Рудога, а на будынку прымацавана мемарыяльная дошка.
З гэтай нагоды прайшла і вечарына памяці Васіля Іосіфавіча – мясцовага ўраджэнца, капітана першага рангу ў адстаўцы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго творы, выдадзеныя на рускай мове, — “Сумасшедший экипаж” і «Последний комиссар» — папоўнілі кніжныя паліцы многіх аматараў чытання. А вечарыну аздобіла прэзентацыя апошняга твора адважнага марака і таленавітага літаратара – зборніка “Судьбы дорога”, які ўбачыў свет дзякуючы Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
У зале сабралася шмат сяброў, былых калег, сваякоў і проста землякоў Васіля Іосіфавіча. Гучалі пранікнёныя словы аб яго чалавечых якасцях, таленце, натхненні, падораным роднай зямлёй, аб мужнасці ваеннага марака, адзначанай ордэнам Чырвонай Зоркі.
Сярод выступаючых – капітан трэцяга рангу запасу, намеснік старшыні савета абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ваенных маракоў” М. В. Крылоў, капітан другога рангу запасу, старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі “Грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз ваенных маракоў” А. Л. Бычкоў, старшыня прэзідыума Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў, палкоўнік унутранай службы запаса Г. М. Ягораў, намеснік старшыні Савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Віцебскай вобласці, капітан другога рангу запасу С. С. Дзянісаў, беларуская паэтка, член саюза пісьменнікаў Беларусі Г. П. Загурская, бібліятэкар Асвейскай бібліятэкі імя В.І. Рудога Т. А. Дзмітрыева, кіраўнік раённай структуры ДТСААФ Г. С. Сінкевіч.
Пад апладысменты прагучалі ў выкананні вучняў Асвейскай сярэдняй школы вершы Васіля Іосіфавіча з нядаўна выдадзенай кнігі.
Памяць жыве…
М. КАТКОЎ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.