Прывітанне пробашча касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі вернікам з нагоды Божага нараджэння

Актуально Общество

138373__birth-of-jesus_p копия

Зорка Бэтлеемска над зямлёю ззяе,
Радасную вестку людзям абвяшчае.
Промень ласкі Божай на зямлю праліўся,
Каб табе даць шчасце, Збаўца нарадзіўся.
Устань жа, не спазніся прывітаць Дзіцятка.
Да жыцця ачніся, беларусе-братка.
He спі, абудзіся! Хрыстус нарадзіўся!
З неба радасць прамяніцца, будзем весяліцца.
(калядка «Зорка Бэтлеемска»).
Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!
Ад імя парафіянаў храма Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў горадзе Верхнядзвінску ад усяго сэрца шчыра віншую ўсіх хрысціянаў з самым жаданым і самым радасным святам Божага Нараджэння!
Бэтлеемская зорка прывяла да Збаўцы мудрацоў з усходу. Яны пакланіліся Яму і прынеслі свае дары, тым самым вызнаючы ў Ім Цара, Прарока і Месію. У сёняшнім свеце, напоўненым хлуснёй, трывогай і бязвер’ем, кожны чалавек добрай волі імкнецца знайсці крыніцу мудрасці, радасці і супакою. Таму не дзіва, што ўсе мы ў гэты калядны час імкнёмся да бэтлеемскіх ясляў. Бо толькі тут нашае сэрца, так часта напоўненае трывогай, адчувае сапраўдную еднасць з Богам. З Богам, які не хоча нас судзіць, папракаць ці дапытвацца пра нашыя грахі. З убогіх ясляў на нас пазірае Бог, які ёсць Любоў. Езус Хрыстус дзеля таго і прыйшоў на гэты свет, каб несці людзям свет любові, які напаўняе нашыя сэрцы на-дзеяй, радасцю і супакоем.
У гэтыя святочныя дні жадаю, каб кожны з нас адкрыў сваё сэрца Божаму Сыну, а таксама адчуў цеплыню сэрца бліжняга і быў гатовы падзяліцца з ім сваёй святочнай радасцю! Няхай Божае Дзіця ўсіх нас благаславіць, адорыць трывалым здароўем, суцешыць сапраўдным супакоем і спашле шчодрыя дары!
З Божым Нараджэннем і Калядамі!
Кс. Аляксандр ГРЫЦКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *