Тэма тыдня

Тема недели

тема

З УЛІКАМ ЭКАНАМІЧНАЙ МЭТАЗГОДНАСЦІ.

Навуковыя распрацоўкі павінны ўкараняцца з улікам іх эканамічнай мэтазгоднасці. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, уручаючы 12 лютага дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.
Кіраўнік дзяржавы пасля завяршэння цырымоніі ўручэння дыпломаў пагутарыў з вучонымі. Размова датычылася розных тэм і атрымалася канструктыўнай, грунтоўнай. На сустрэчы вучоныя падзяліліся з Прэзідэнтам сваімі меркаваннямі па многіх актуальных пытаннях навуковай дзейнасці ў розных сферах.

ПАДРУЧНІКІ ПАВІННЫ БЫЦЬ ПРАЎДЗІВЫМІ І ЦІКАВЫМІ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе падрыхтоўкі якасных падручнікаў для школ і ВНУ. «Ні для каго не сакрэт, што ў нас нямала вучэбнай літаратуры, якая не адпавядае сучасным патрабаванням як па форме, так і па змесце, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вось што нам перашкаджае напісаць нармальныя падручнікі?»
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што якасныя падручнікі для школ і ВНУ неабходны па шэрагу прадметаў, але ў першую чаргу па гісторыі. «Яны павінны быць праўдзівымі, цікавымі, дакладна выкладзенымі і зразумелымі дзецям. Адказваць на вельмі важныя, істотныя пытанні развіцця нашай гісторыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

ДАРУЧАНА СТВАРЫЦЬ ЭКСПЕРТНУЮ ГРУПУ ПА ВЫВУЧЭННІ РЭКАМЕНДАЦЫЙ АБСЕ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у самыя кароткія тэрміны стварыць міжведамасную экспертную групу па вывучэнні рэкамендацый АБСЕ і выпрацоўцы прапаноў па прымяненні гэтых рэкамендацый. Такую задачу ён паставіў на сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай.
«Ёсць неабходнасць абмеркаваць коратка вынікі прэзідэнцкіх выбараў вачамі БДІПЧ АБСЕ», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што падагульняючая справаздача БДІПЧ АБСЕ па прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ў Беларусі была прадстаўлена як ніколі позна — праз 3,5 месяца пасля выбараў. «Доўга рыхтавалі. Праўда, яна ў асноўным, як я заўважыў, нічым не адрозніваецца ад папярэдняй. Але ёсць нейкія прапановы, патрабаванні да нас», — адзначыў Прэзідэнт.
Як адзначыла Лідзія Ярмошына ў гутарцы з журналістамі, ЦВК абагульніць вывады міжведамаснай экспертнай групы і прадставіць кіраўніку дзяржавы напярэдадні парламенцкіх выбараў прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу.

ПРАПАНОВЫ РЭФАРМАВАННЯ СІСТЭМЫ АПЛАТЫ ПРАЦЫ БЮДЖЭТНІКАЎ

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі распрацоўвае прапановы па рэфармаванні сістэмы аплаты працы ў бюджэтнай сферы. Аб гэтым паведаміла міністр Марыяна Шчоткіна.
«У бюджэтнай сферы плануем падрыхтоўку прапаноў па рэфармаванні сістэмы аплаты працы. Прадугледжваецца прадастаўленне кіраўнікам галіновых рэспубліканскіх органаў і рэгіёнаў свабоды ў размеркаванні стымулюючага складніка заработнай платы, а таксама значнае спрашчэнне механізма яе фарміравання», — сказала кіраўнік міністэрства.

ЗАЦВЕРДЖАНА ДЗЯРЖПРАГРАМА АБ САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЕ І САДЗЕЙНІЧАННІ ЗАНЯТАСЦІ НАСЕЛЬНІЦТВА НА ПЯЦІГОДДЗЕ

У Беларусі зацверджана Дзяржаўная праграма аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады.
Паводле слоў спецыялістаў, будзе рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў, які дасць магчымасць захаваць узровень рэгіструемага беспрацоўя ў межах 1,5-2 працэнты да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва; знізіць вытворчы траўматызм і прафесійную захворваемасць; стабілізаваць паказчык цяжару першаснай інваліднасці асоб працаздольнага ўзросту; павялічыць колькасць даступных для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб прыярытэтных аб’ектаў сацыяльнай сферы жыццядзейнасці; забяспечыць слабаабароненых грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі і сацыяльнымі паслугамі.
Дзяржаўная праграма ўключае пяць падпраграм: «Садзейнічанне занятасці насельніцтва», «Ахова працы», «Папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў», «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб», «Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і пажылых грамадзян».

СВОЕЧАСОВА АТРЫМЛІВАЦЬ ПЛАТУ ЗА СВАЮ ПРАЦУ

Кожны работнік павінен своечасова атрымліваць плату за сваю працу, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.
«Аналіз прычын нявыплаты заработнай платы паказвае, што прадпрыемствы маюць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі, несвоечасовай выплатай выкананых аб’ёмаў работы, стратнай работай на працягу доўгага перыяду, — адзначыла міністр. — Аднак своечасовасць выплаты заработнай платы работнікам — гэта абавязак наймальніка ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам. Чалавек павінен своечасова атрымліваць плату за сваю працу».
Марыяна Шчоткіна падкрэсліла, што пытанням своечасовасці выплаты заработнай платы пастаянна ўдзяляецца павышаная ўвага. У 2015 годзе запазычанасць па заработнай плаце дапускалі арганізацыі ўсіх абласцей і Мінска. Трэба адзначыць, што ў Брэсцкай і Гродзенскай вобласці гэтыя пытанні практычна адразу ж здымаліся, дадала кіраўнік ведамства.
За нясвоечасовую выплату заработнай платы да адміністрацыйнай адказнасці з прымяненнем санкцый у выглядзе штрафу ў мінулым годзе прыцягнуты больш за 3,6 тыс. наймальнікаў і амаль 4 тыс. службовых асоб на суму больш як Br11 млрд (у 2014 годзе — Br7,6 млрд).
Унесены змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы павелічэння тэрмінаў іскавой даўнасці за нявыплату заработнай платы — з двух месяцаў да аднаго года.

ПІЛОТАМ «БЕЛАВІЯ» ЎПЕРШЫНЮ СТАЛА ЖАНЧЫНА

Святлана Яроменка стала першай жанчынай-пілотам у радах авіякампаніі «Белавія» з моманту заснавання кампаніі ў 1996 годзе.
У 2011 годзе скончыла Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт грамадзянскай авіяцыі па спецыяльнасці «лётная эксплуатацыя грамадзянскіх паветраных суднаў». Сваю кар’еру пачала ў рэгіянальнай авіякампаніі «Пскоўавія» на пасажырскіх самалётах Ан-24/Ан-26, потым працавала ў «Трансаэра», дзе прайшла перападрыхтоўку на паветранае судна Boeing 737NG.
У «Белавія» Святлана прыйшла ў лістападзе 2015 года. Пасля неабходнага навучання, у тым ліку наземнай тэарэтычнай і трэнажорнай падрыхтоўкі, першы палёт у якасці стажора Святлана зрабіла 29 снежня ў сталіцу Туркменістана — Ашхабад.
Пакуль Святлана яшчэ стажор і лётае з інструктарам, аднак хутка пачне выконваць палёты самастойна ў якасці другога пілота паветранага судна Boeing 737NG. У будучым Святлана марыць сама стаць пілотам-інструктарам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *