21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае свята, абвешчанае Генеральнай канферэнцыяй ЮНЭСКА ў 1999 годзе, мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
У Верхнядзвінскай гімназіі традыцыйна праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Сёлета ўдзел у іх прынялі ўсе вучні і настаўнікі гімназіі. Так, з 15 па 19 лютага прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. У бібліятэцы на працягу тыдня для наведвальнікаў была арганізавана выстава кніг беларускіх пісьменнікаў “Не пакідайце мовы нашай беларускай…”
Актыўнымі ўдзельнікамі мера-прыемстваў Тыдня сталі вучні пачатковых класаў. На працягу трох дзён вучні 3 – 4 класаў прымалі ўдзел у гульні-спаборніцтве “Перакладчыкі”. З дапамогай слоўнікаў, Інтэрнэт-рэсурсаў вучні шукалі адказы на заданні гульні і перакладалі словы на рускую і беларускую мовы па тэме “Расліны і жывёлы Беларусі”. Найбольшую колькасць правільных адказаў далі вучні 3 “Б” і 4 “Б” класаў.
“Знаўцы роднай мовы” – так можна назваць вучняў 3 – 4 класаў, якія сталі пераможцамі гімназічнай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Гэта Дар’я Шкіндзер, Арцём Лецкі, Яўген Дараўко, Сафія Маслякова, Вераніка Кандратовіч, Анастасія Рудкоўская, Ульяна Бачарова, Віктар Зубрыцкі, Ганна Карценька, Іван Дзенісёнак, Злаціслава Крымчук.
Конкурсы “Малюем ілюстрацыі да беларускіх твораў”, “Складаем рэбусы, шарады, красворды” раскрылі творчыя здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак. Малюнкі ўпрыгожылі выставу, а рэбусы, анаграмы, красворды спатрэбяцца настаўнікам у якасці займальнага матэрыялу на ўроках мовы і літаратуры.
Асабліва спадабалася пачат-коўцам гульня-квэст “Скарбы роднага краю”, у якой прынялі ўдзел чатыры каманды. Вучні адправіліся ў падарожжа па неабсяжнай Краіне Мовазнавіі, уладарка якой – Спадарыня Мова – адкрыла свае багацці кожнаму, хто хоча мець трывалыя веды. Каманды атрымалі “Ліст падарожжа”, на якім быў указаны маршрут. Падарожнічаючы, вучні выконвалі розныя заданні і атрымлівалі па адной частцы малюнка, які склалі на апошнім прыпынку свайго падарожжа. Сумесная праца, добрыя веды дапамаглі ўдзельнікам гульні правільна выканаць усе заданні.
Завяршыўся тыдзень святам, якое праводзілася 19 лютага. Яго асноўная мэта – данесці вучням, што мы – беларусы, што ў нас ёсць свая непаўторная мова і культура, што гэтыя каштоўнасці трэба шанаваць, любіць і прапагандаваць.
Гімназія была аздоблена змешчанымі паўсюль прывітальнымі словамі на беларускай мове, а таксама малюнкамі-выявамі прадметаў з іх подпісамі ў рамках акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”.
Каб зацікавіць вучняў, на кожным перапынку былі арганізаваны мерапрыемствы, звязаныя з беларускай мовай. Так, пасля першага ўрока вучні 5-х класаў наведалі “Моўную гасцёўню”, дзе праверылі свае веды ў гульні-спаборніцтве. Пасля другога ўрока вучнямі 6-х класаў быў арганізаваны флэшмоб “Спяваем пра Беларусь разам”, дзе вучні і настаўнікі разам праспявалі песню пра родны Верхнядзвінск. На наступным перапынку ўсе аматары беларускай культуры завіталі ў “Бабульчын куфар”, які быў адчынены ў гімназічным Музеі сям’і, і даведаліся пра самабытнасць беларускага народа, асаблівасці яго побыту. Затым ўсе былі запрошаны на прагляд відэаролікаў “Я мову беларускую люблю”, дзе яшчэ раз пераканаліся ў чароўнай прыгажосці беларускай мовы і роднага краю.
Фінальным мерапрыемствам Тыдня стала тэатралізаванае свята “Жаніцьба Цярэшкі”, якое падрыхтавалі гімназісты Анастасія Лаўрынава, Алег Сушко, Юлія Блашкевіч, Хрысціна Мішута, Ганна Рубель, Ілья Карнавухаў, Кацярына Ціхамірава, Арцём Мельнікаў, Алег Адамовіч, Дзіяна Галавач і Павел Казачонак пад кіраўніцтвам Маі Генадзьеўны Рубель, маці нашай вучаніцы Ганны Рубель, і настаўніка беларускай мовы і літаратуры і кіраўніка гімназічнага Музея сям’і Таццяны Аляксандраўны Тумашэвіч.
“Жаніцьба Цярэшкі” – абрад, які ўяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. Ён праводзіцца кожны год у калядны час у некаторых рэгіёнах Віцебскай вобласці. Нашы продкі прыдумалі яго для таго, каб моладзь з розных вёсак магла весела і быццам бы выпадкова знаёміцца паміж сабою.
Кожны мужчына ў гэты вечар становіцца Цярэшкам і выбірае сабе «жонку», з якой гуляе жартаўлівае вяселле. Падчас свята ў выкананні юных артыстаў гучалі народныя песні, жарты. Гучныя апладысменты выклікалі народныя танцы. Гледачы змаглі паўдзельнічаць у гульнях нашых продкаў.
На закрыцці Тыдня беларускай мовы і літаратуры самыя актыўныя ўдзельнікі былі адзначаны падзякамі і граматамі.
Свята выклікала шмат радасных эмоцый у вучняў і настаўнікаў гімназіі. Удзячныя водгукі ды беларуская гаворка даказваюць эфектыўнасць такіх мерапрыемстваў. Таму мы будзем і далей працягваць работу па папулярызацыі роднай мовы і культуры ў вучнёўскім асяроддзі нашай гімназіі.
Таццяна МАЛАДЗЕЧКІНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
Таццяна СКАВАРОДКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.