Калі прыйсці туды, дзе сабраны разам творы народнага мастацтва – ручнікі, посуд з керамікі, народнае адзенне, маляваныя дываны, тканыя посцілкі, кошыкі з лазы, саламяныя лялькі, ды і наогул шматлікія вырабы з гліны, дрэва, лазы, – можа падацца, што трапіў на нейкае свята: усё навокал радуе вока чыстымі, яснымі, радаснымі фарбамі, гармоніяй формы. Сапраўды, сустрэчу з народнай творчасцю называюць сустрэчай з радасцю, а народнае мастацтва – свята для вока.
24 лютага ў выставачнай зале ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” сабраліся зацікаўленыя народным майстэрствам і хараством народнай творчасці, бо менавіта ў гэты дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Святліца” Міёрскага раённага Дома культуры і клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў Верхнядзвінскага раённага Дома рамёстваў. Нягледзячы на тое, што адна зала змясціла два розныя клубы, мэта і задача ў іх адна: развіваць і папулярызаваць народнае самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
-У выніку спусташэнняў у гады апошняй вайны віцебская зямля страціла каштоўны пласт традыцыйнай матэрыяльнай культуры і народнага мастацтва, але ж майстры змаглі зберагчы і прадставілі на выставу шматлікія каштоўныя экспедыцыйныя экспанаты, якія даюць нам больш поўнае ўяўленне аб рэгіянальных традыцыях і лакальных асаблівасцях. Гэта – ткацтва двайнога палатнянага і рапсавага перапляцення. Побач з ткацтвам мастацкія ўзорныя тканіны – ручнікі, абрусы, посцілкі, асаблівасцю якіх з’яўляецца лёгкасць арнаментальна-кампазіцыйных і каларыстычных рашэнняў. Значнае месца належыць дыванам – разам з ўзорнымі посцілкамі яны выкарыстоўваліся для ўпрыгожвання жылля. Вельмі цікавым з’яўляецца смеласць і ўнікальнасць каларыстычнага рашэння ткацтва, – выказвае свае ўражанні мастацтвазнаўца, галоўны мастак Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Уладзіміраўна Вакар. – Верхнядзвінскія майстры вядуць актыўнае ўзнаўленне і рэканструцыю свайго рэгіянальнага строя, ручнікоў. Адной з захапляючых работ з’яўляецца вышыўка “Еўфрасіння Полацкая”, якую выканаў мужчына, што яшчэ раз нам даказвае, што вышыўка — не толькі жаночы занятак.
Цеплыня закрадваецца ў душу пасля прагляду выставы, якая будзе адорваць сваёй цеплынёй аж да 11 сакавіка. Радуе, што засталіся майстры, якія доў-жаць і зберагаюць традыцыі старажытнага народнага мастацтва. Адзін народны ўмелец казаў, што перш чым заняцца творчасцю, ён мусіць паглядзець, як сонца ўстае над зямлёю. І кожны раз прачынаўся на золку, каб не прапусціць гэты вялікі цуд…
Ганна ПЕРЛІНА,
вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ.