Верхнядзвінскі майстар аднаўляе гісторыю мясцовага касцюма

Культура

У жыцці загадчыцы Бялькоўшчынскага клуба Веранікі Балтрушэвіч лялькі займаюць асобнае месца. Атрымаўшы эканамічную адукацыю і працуючы па спецыяльнасці, увесь час адчувала, што гэта зусім не тое, да чаго прагне душа і чым хацелася б займацца. Але так атрымалася, што пашчасціла трапіць на курсы вырабу лялек у Віцебску. Паспрабавала, атрымалася, і цяпер гэта нават захапленнем нельга назваць, а ладам жыцця.
Яе лялькі вындравалі па многіх выставах, трапілі на конкурс-выставу на “Славянскім базары”, дзе атрымалі высокую ацэнку журы.

img_0300-kopiya

-Я родам з Гомельшчыны, з вёскі Курані, — кажа Вераніка. – Кожны год стараюся наведваць сваю малую радзіму. Магчыма, гэтыя асаблівыя мележаўскія мясціны і цягнуць мяне да вывучэння беларускай самабытнай культуры. У мяне ёсць і фотаздымкі, і замалёўкі касцюмаў той мясцовасці. Магчыма, пазней апрану сваіх лялек у такія ўборы.
У асноўным, Вераніка займаецца аднаўленнем і стварэннем лялечных касцюмаў. Так, адноўлены дзявочы і жаночы касцюмы Дрысенскага ладу 18 стагоддзя, а таксама жаночы царкоўны. Створаны і лялькі, якія іх дэманструюць. На чарзе – зімовы касцюм. Звестак (старых фотаздымкаў, малюнкаў) для яго стварэння сабрана дастаткова.

img_0295
Гледзячы на апранутых у нацыянальнае адзенне лялек, бачна, колькі цярпення, часу аддала аўтарка для таго, каб да дробязяў перадаць асаблівасці даўнейшай вопраткі.
Яны аднаўляюцца з розных крыніц – энцыклапедый, звестках, сабраных падчас экспедыцый па роднаму краю. Майстрыца ўвесь сэнс творчасці ўкладае менавіта ў адзенне, а самі лялькі служаць толькі манекенамі.
— Заўсёды, калі раблю лялькі або шыю ім адзенне, прыступаю да працы з добрым настроем і думкамі. У іншым выпадку нічога не атрымаецца. Кожная з іх са сваім характарам: пачынаеш іншую апранаць, а вопратка на ёй “не сядзіць”, ніткі разыходзяцца – значыць, не падабаецца ёй ўбор.

img_0298
Асаблівасці пашыву адзення перададзены да дробязей. У гэтай, напрыклад, лялькі спадніца выткана з дапамогай майстроў Дома рамёстваў, у прыватнасці, Таццяны Цыра, на станку, якому 120 гадоў. І малюнак на фартуху вышыты такі, якім быў яго арыгінал. А гэты дзявочы нарад 18 стагоддзя зацікавіў мяне тым, што нідзе ў Беларусі, акрамя нашага раёна, дзяўчаты сарафан не насілі. Характэрным тут было і выкарыстанне на каптурах стужак. Іх, як і каптуры, і вянкі, насілі толькі дзяўчаты, жанчыны ж – намітки, хусткі. Зрэшты, ідучы ў царкву, жанчына магла надзець каптур, але абавязкова прыкрыўшы яго хусткай. Адзенне для царквы было асобным, самым лепшым, яго бераглі і нікуды больш не апраналі.
— Вывучаючы гісторыі касцюмаў, разам з тым вывучаю традыцыі і побыт беларусаў, — гаворыць аўтарка. – Раней, напрыклад, жанчыны насілі тры спадніцы, прычым самая ніжняя атарочвалася чырвонай ніткай ці мела чырвоную вышыўку. У мужчын жа заўсёды павінен быў быць расцёгнуты варот на кашулі і таксама аздоблены чырвонай вышыўкай – гэта былі абярэгавыя элементы.
З мэтай абярэгу рабіліся і лялькі. У адрозненне ад іншых, яны безаблічныя, каб не было наяўнасці прысутнасці чужога ў хаце.
У гуртку “Ачумелыя ручкі” , які дзейнічае пры клубе, я вучу дзяцей рабіць лялек сваімі рукамі, у тым ліку і абярэгавыя. Лялькі-гаспадыні, лялькі-неразлучніцы, жаданніцы… Кожная робіцца з канкрэтнай мэтай. Напрыклад, лялька-памочніца мае дзесяць рук, каб усё паспяваць у хаце, і ў кожную «завязвалі» якую-небудзь справу. Да ног лялькі-спадарожніцы прывязвалася малітва з просьбай аб дапамозе ў дарозе. Для дзяўчынак маці рабілі лялек-капусніц. Сваю назву яны атрымалі таму, што вырабляліся без нітак і іголак. Тканіна рвалася і з кавалкаў рабілася лялька (таму другая назва ў іх было лялькі-рванкі). Калі ж такую ляльку ставілі на акно (закідвалі), значыць дзяўчына ўжо лічылася дарослай і гатова была выйсці замуж.
Раней бераглі кожны кавалак тканіны, і толькі рэшткі маглі пусціць на выраб лялек.
На выставах у пакупнікоў лялькі-абярэгі карыстаюцца попытам. Але я да кожнай так прывязваюся, што калі просяць прадаць, для мяне гэта раўназначна здрадніцтву. Калі ж бачу, што чалавеку яна сапраўды запала ў душу, магу проста падарыць. Магчыма, хтосьці лічыць маё захапленне несур’ёзным, а для мяне лялькі – гэта асобны свет – казачны і таямнічы.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *