Тэма тыдня

Тема недели

tema-nedeli

Беларусь змагла стаць востравам стабільнасці ў рэгіёне. Аб гэтым 30 верасня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні ў Пекінскім універсітэце.
«Гістарычна склалася, што праз нашы землі ў цэнтры Еўропы шмат стагоддзяў праходзіць так званая лінія сутыкнення інтарэсаў буйнейшых дзяржаў, якую шэраг даследчыкаў называюць лініяй сутыкнення цывілізацый. Не прэтэндуючы на глабальныя геапалітычныя амбіцыі, мы змаглі стварыць востраў стабільнасці ў нашым рэгіёне, сфарміраваўшы дружалюбныя і ў дастатковай ступені даверныя адносіны з усімі нашымі суседзямі: Расіяй, Еўрапейскім саюзам, Украінай», — заявіў беларускі лідар.
«І калі фактычна на нашых граніцах ва Украіне (а гэта нашы самыя блізкія браты разам з расіянамі) разгарэўся небяспечны канфлікт, менавіта Мінск аказаўся ў пэўным сэнсе ідэальнай для ўсіх бакоў пляцоўкай для перагавораў па ўрэгуляванні крызісу. Роля Беларусі, наша шчырае імкненне быць стабілізуючым фактарам ужо ацэнены многімі дзяржавамі, якія разглядаюць нашу краіну як пункт апоры ў пашырэнні сваіх, у першую чаргу, эканамічных інтарэсаў на постсавецкай прасторы і ва Усходняй Еўропе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

ІНДУСТРЫЯЛЬНЫ ПАРК «ВЯЛІКІ КАМЕНЬ» ПАВІНЕН СТАЦЬ УЗОРНА-ПАКАЗАЛЬНЫМ КОМПЛЕКСАМ

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» павінен стаць узорна-паказальным комплексам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 верасня ў час выступлення ў Пекінскім універсітэце.
Прэзідэнт назваў парк «Вялікі камень» узорам інвестыцыйнага супрацоўніцтва. «Хоць, напэўна, правільней было б гаварыць, што гэта ў шырокім сэнсе міжнародны праект, паколькі кампаніі розных краін імкнуцца туды, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Парк удачна размешчаны і стаў рэгіянальным лагістычным цэнтрам. Ён знаходзіцца ў экалагічна чыстай зоне, і мы разлічваем на прымяненне зялёных тэхналогій. Парк павінен стаць жамчужынай Шаўковага шляху. Упэўнены, гэты праект прадэманструе Еўропе і ўсяму свету ўзрастаючы тэхналагічны ўзровень Кітая».
«Праводзячы перагаворы з прэм’ерам Дзяржсавета Кітая і з Сі Цзіньпінам, мы дамовіліся, што індустрыяльны парк «Вялікі камень» у Беларусі павінен стаць узорам яшчэ і для таго, каб прадэманстраваць усяму свету, і перш за ўсё высокатэхналагічнай Еўропе, што такое Кітай сёння, — сказаў беларускі лідар. — Нам трэба пабудаваць узорна-паказальны тэхналагічны комплекс, каб іншыя краіны Еўропы, убачыўшы гэта, пажадалі супрацоўнічаць з Кітаем. І чаго б нам ні каштавала, гэты праект будзе рэалізаваны».

ПРАФІЦЫТ РЭСПУБЛІКАНСКАГА БЮДЖЭТУ

Прафіцыт рэспубліканскага бюджэту за студзень-жнівень 2016 года склаўся ў суме Br0,9 млрд, або 1,45 працэнта ВУП.
Прафіцыт бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання склаў Br1,5 млрд, або 2,5 працэнта ВУП. Яго даходы за студзень-жнівень склаліся ў суме Br25,2 млрд, або 61,6 працэнта ўдакладненага гадавога плана.
Даходы рэспубліканскага бюджэту склалі Br11,3 млрд, або 60,3 працэнта ўдакладненага гадавога плана. Паступленне ПДВ — Br5,5 млрд, або 65,1 працэнта. Падатку на прыбытак паступіла Br1,2 млрд, або 53,4 працэнта. Акцызы паступілі ў суме Br1,4 млрд, або 66 працэнтаў. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі Br2,3 млрд, або 55,2 працэнта. Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — Br7,8 млрд, або 62,9 працэнта, у Фонд універсальнага абслугоўвання — Br24,5 млн, або 79 працэнтаў, у Фонд грамадзянскай авіяцыі — Br16,1 млн, або 134 працэнты, Фонд Дэпартамента выканання пакаранняў — Br0,1 млн, або 10,9 працэнта.
Па стане на 1 верасня запазычанасць па падатках і зборах склала Br126,6 млн.

ДАКУМЕНТЫ  ДЛЯ ПРАДАСТАЎЛЕННЯ БЕЗНАЯЎНАЙ ЖЫЛЛЁВАЙ СУБСІДЫІ

У Беларусі ўстаноўлены пералік неабходных для прадастаўлення безнаяўнай жыллёвай субсідыі дакументаў.
Дакументам вызначаны наступны пералік дакументаў (звестак), якія неабходны для прадастаўлення безнаяўнай жыллёвай субсідыі і запрошваюцца службай субсідзіравання: даведка аб месцы жыхарства і складзе сям’і заяўніка; даведкі аб правах на аб’екты нерухомай маёмасці (жылыя памяшканні), што належаць заяўніку і членам яго сям’і, якія пражываюць разам з ім, або аб адсутнасці такіх правоў; звесткі аб уласніку маёмасці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, месцазнаходжаннем якога з’яўляецца жылое памяшканне заяўніка; звесткі аб наяўнасці ў заяўнікаў і членаў яго сям’і, якія пражываюць сумесна з ім, дагавораў найму (паднайму) жылога памяшкання.
У адпаведнасці з пастановай урада нумар 781 ад 27 верасня ў якасці арганізацыі, на рахунак якой пералічваецца сума безнаяўных жыллёвых субсідый, налічаных грамадзянам (сем’ям) за кожны мінулы месяц, вызначана ААТ «Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора».
Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі будуць прадастаўляцца ў Беларусі з 1 кастрычніка. Яны будуць распаўсюджвацца на гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), газа- і электразабеспячэнне, тэхнічнае абслугоўванне ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, капітальны рамонт, а таксама расходы на электраэнергію для асвятлення пад’ездаў і работу ліфтаў.

АКЦЫЯ ПА ПАСАДЦЫ ЛЕСУ НА ПАШКОДЖАНЫХ УРАГАНАМ УЧАСТКАХ ПРОЙДЗЕ 8-31 КАСТРЫЧНІКА

Добраахвотная акцыя «Адновім лясы разам!» па пасадцы лясоў на тэрыторыях, пашкоджаных ліпеньскім ураганам, пройдзе з 8 па 31 кастрычніка, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
«Апошнія дні ў большай частцы раёнаў краіны ўстанавілася халаднаватае дажджлівае надвор’е. Вільготная глеба і спрыяльны тэмпературны рэжым выдатна падыходзяць для стварэння новых лясоў. Сумеснымі намаганнямі мы зможам аднавіць беларускі лес і перадаць яго нашчадкам», — падкрэслілі ў прэс-службе.
Мінлясгас запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у акцыі ў любы дзень.
У прэс-службе растлумачылі, што ў бліжэйшы час будуць вызначаны ўчасткі для пасадак, лясгасы падрыхтуюць пасадачны матэрыял і прылады працы. Рэгістрацыя ўдзельнікаў акцыі пачнецца 5 кастрычніка ў абласных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднаннях.
Як паведамлялася, у ліпені 2016 года на Беларусь абрушылася стыхія. Разбурэнні ў лясной гаспадарцы ў міністэрстве назвалі самымі маштабнымі. Найбольш пацярпелі Бярэзінскі, Дзяржынскі, Мінскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці і Мазырскі раён Гомельскай вобласці. Усяго па краіне ў ліпені было пашкоджана больш за 4 млн кубаметраў драўніны на плошчы амаль 12,8 тыс. га.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *