Традыцыі сустрэчы каталіцкіх Калядаў

Актуально Духовность

Каталіцкае Ражство святкуецца  25 снежня. У гэты дзень свята Нараджэння Хрыстова   адзначаюць таксама пратэстанты і лютаране. 

kolyadki

Падрыхтоўка да Ражства пачынаецца з Адвэнта – часу чакання нараджэння Хрыста. У гэты перадкалядны месяц вернікі наведваюць Храмы, моляцца, ідуць да споведзі, удзельнічаюць у справах дабрачыннасці. У многіх касцёлах стаў звычаем збор рэчаў і пачастунку для сірот, інвалідаў, абяздоленых і адзінокіх лю-дзей. Ёсць такая традыцыя і ў Верхнядзвінскай святыні.
Напярэдадні Калядаў хрысціяне рыхтуюць да свята дом: прыбіраюць, упрыгожваюць вянкамі і елкамі, ззяючымі агеньчыкамі. З асаблівым настроем падбіраюць для блізкіх падарункі, запасаюцца прадукта-мі для святочнага стала.
З наступленнем Вігіліі – вечара перад Ражством, як толькі на небе з’яўляецца першая зорка, сям’я збіраецца на традыцыйную калядную вячэру. І хаця яна посная, гаспадыні стараюцца, каб пачастунак быў па-святочнаму шчодрым і прыгожым. Стол засцілаюць белым абрусам, пад які па магчымасці падкладаюць сена – сімвал нараджэння дзіцяці ў яслях. Для ўпрыгожвання стала выкарыстоўваюць свечкі, калядныя вянкі, выявы Святога сямейства і ясляў з немаўляці, анёлкаў. На куццю, як яе называюць у народзе, на стале прынята мець 12 страў. У прыгатаванні найчасцей выкарыстоўваюць рыбу, грыбы, арэхі, разнастайныя гароднінныя стравы, садавіну, аладкі з макам, кісялі. Асобае месца на стале займае сама куцця – зерневая каша з мёдам, арэхамі, рызынкамі, цукатамі. Лічыцца, што ў гэты вечар ніхто не павінен адчуваць сябе забытым, таму на вячэру запрашаюць адзінокіх людзей, а на святочны стол ставяць лішні прыбор – для любога магчымага госця.
Перад вячэрай галава сям’і чытае Евангелле ад Св. Лукі аб нараджэнні Хрыста, усе моляцца і пад зіхаценне ўбраных елачак пачынаюць куццю з пераломвання аплатак – асвечаных у Храме праснакоў. Кожны дзеліцца сваёй аплаткай з іншымі ўдзельнікамі застолля. Затым усе прыступаюць да куцці і посных страваў. Спіртныя напоі на калядным стале не дазволены.
Бліжэй да апоўначы ў каталіцкіх Храмах пачынаюцца пышныя і ўрачыстыя Літургіі, удзельнічаць у якіх лічыць абавязкам кожны веруючы. Калядныя службы працягваюцца ўдзень 25 снежня.
Пасля наведвання касцёла ўся сям’я збіраецца за святочным сталом. Гэта ўжо не ціхая і посная вігілійная трапеза, а шчодры пачастунак з агульнай весялосцю. Традыцыйнымі стравамі свята Ражства з’яўляюцца запечаныя індычка, гусь, курыца, каўбаскі, халадзец, рулеты, іншыя мясныя стравы, фаршыраваная рыба, пудзінгі, пірагі, шматлікія ласункі. У многіх краінах свету ў гэты дзень стараюцца прыгатаваць свае нацыянальныя стравы. У Англіі гэта запечаная птушка, у Польшчы – вэнджаніна, а беларусы пачастуюць гасцей адмыслова прыгатаванымі каўбасамі або вырабленымі з бульбы і свініны “калдунамі”.
Ражство – час віншаванняў, падарункаў, забаў і, канешне, самабытных калядак. Да гэтай пары захавалася традыцыя хадзіць адзін да аднаго ў госці або, як кажуць у народзе, калядаваць. Лічыцца, што прыняць калядоўшчыкаў – пусціць у дом удачу на цэлы год. Раней гаспадары спецыяльна выходзілі на вуліцу і запрашалі да сябе вясёлыя гурты з Казой, Зоркай і Мядзведзем. Калядоўшчыкам дзякавалі за віншаванні і пажаданні дабра ў хату і шчодра адорвалі ўсемагчымым пачастункам. Сёння аўтэнтычныя традыцыі калядавання актыўна адраджаюцца культработнікамі і жывуць у многіх паселішчах.
У шчодры калядны перыяд прынята праводзіць дабрачынныя акцыі, наведваць адзінокіх людзей, сірот, рабіць падарункі не толькі блізкім, але ўсім, хто патрабуе ўвагі і цяпла.
Радасны і святочны калядны перыяд доўжыцца да 1 студзеня, калі католі-кі адзначаюць Дзень Найсвяцейшай Багародзіцы.
Шчаслівага Ражства!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *