Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня запаліў калядную свечку ля Мінскага абраза Божай Маці ў Свята-Духавым кафедральным саборы.
Кіраўніка дзяржавы сустрэў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У саборы таксама прысутнічалі прыхаджане, прадстаўнікі праваслаўных брацтваў і сястрыцтваў, навучэнцы нядзельнай школы.
Прэзідэнт перадаў у дар Беларускай праваслаўнай царкве абраз Божай Маці «Замілаванне», напісаны паводле ўзору маларыцкага абраза «Замілаванне» XV стагоддзя. Абраз выкананы ва ўнікальнай старажытнай тэхніцы васковай тэмперы.
У сваю чаргу мітрапаліт Павел падарыў Аляксандру Лукашэнку выяву Іверскага абраза Божай Маці, асвячоную на гары Афон.
«Хочацца пажадаць, каб Маці Божая ахоўвала наш народ, ахоўвала вас — кіраўніка цудоўнай Айчыны, дзяржавы, умацоўвала вашы духоўныя і цялесныя сілы. Няхай Маці Божая ахоўвае Белую Русь, увесь наш набожны народ. Каб надышоўшы каляндарны год быў для ўсіх нас благаславенным, мірным і паспяховым. І, вядома, як Вы заўсёды падкрэсліваеце, шмат у чым гэта будзе залежыць ад нас. Будзем маліцца, працаваць — благаславенне Божае будзе з усімі намі», — пажадаў мітрапаліт Павел.
Малодшаму сыну Прэзідэнта Беларусі Мікалаю ён падарыў абраз Анёла-захавальніка.
Мітрапаліт Павел таксама павіншаваў усіх са святам Ражджаства Хрыстовага, назваўшы мінулы год цяжкім, але благаславенным, як і ўсе гады. «Сёння сапраўды радуюцца і нябёсы, і зямля. Сонечнае, але марознае надвор’е сведчыць аб тым, што гэта — асаблівая падзея», — сказаў ён.
РОЛЯ КОЖНАГА ГРАМАДЗЯНІНА
Ў ДАБРАБЫЦЕ ЎСЁЙ ДЗЯРЖАВЫ
Дабрабыт і эканамічнае развіццё ў дзяржаве залежаць ад укладу кожнага жыхара краіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня, наведваючы ў свята Ражджаства Хрыстовага Свята-Духаў кафедральны сабор Мінска.
«Спадзявайцеся на дзяржаву, але толькі ў тых пытаннях, якія дзяржава павінна вырашаць: бяспека, асноўныя напрамкі нашага развіцця. Словам, пастарайцеся зрабіць для сябе самі тое, што вы можаце зрабіць. Калі кожны звернецца да сябе і зробіць тое, што ён павінен зрабіць, дзяржава і ўлада ў даўгу не застануцца. Гэта я вам абяцаю», — заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што будзе рабіцца ўсё неабходнае, каб беларуская дзяржава з кожным годам станавілася мацнейшай, а значыць, заставалася ў будучым незалежнай.
Паводле яго слоў, мінулы год быў няпростым, асабліва ва ўзаемаадносінах з бліжэйшымі суседзямі і партнёрамі. «Гэта не дазволіла нам (хоць крыху, праўда) выйсці на тыя запланаваныя рубяжы, на якія мы спадзяваліся. Але я думаю, гэта праблема ўлад. Яна вырашаемая», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
СТВАРЭННЕ СП У ПАРКУ «ВЯЛІКІ КАМЕНЬ»
Сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасці дызельных рухавікоў можа быць створана ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». Гэта тэма абмяркоўвалася 5 студзеня ў Пекіне, паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Кітаі.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам карпарацыі «Вэйчай» Сюй Хунам і віцэ-прэзідэнтам «Вэйчай Інтэрнэшнл» Ланам Хуа, з іншымі супрацоўнікамі кампаніі, якія займаюцца пытаннямі рэалізацыі сумесных праектаў у Беларусі.
На сустрэчы разгледжаны актуальныя пытанні супрацоўніцтва паміж групай кампаній «Вэйчай» і ААТ «МАЗ» па стварэнні сумеснага прадпрыемства па вытворчасці дызельных рухавікоў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».
НАН БЕЛАРУСІ ПАЧНЕ Ў 2017 ГОДЗЕ ВЫРАБ СПАДАРОЖНІКА БКА-2
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пачне ў 2017 годзе выраб Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага распазнавання — БКА-2. Аб гэтым паведаміў 6 студзеня кіраўнік апарату НАН Беларусі акадэмік Пётр Віцязь у час прэзентацыі Года навукі ў Беларусі.
«За апошнія два гады ў Беларусі з’явілася новая галіна навукі — касмічныя даследаванні. Для гэтага ў нас створана сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, ёсць свой спадарожнік. Цяпер мы працуем над стварэннем новага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання з распазнаваннем 0,5 м, наша задача ў гэтым годзе — пачаць яго выраб. Мы прапрацавалі ўжо тэхнічныя патрабаванні, падпісалі неабходныя дагаворы», — сказаў Пётр Віцязь.
Ён растлумачыў, што касмічная інфармацыя з першага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі выкарыстоўваецца 11 міністэрствамі Беларусі. «Работа БКА-1 прадоўжана на два гады, гэта ўжо ўзгоднена з Раскосмасам. Акрамя таго, разам з БДУ мы стварылі нанаспадарожнік, які трэба ў гэтым годзе запусціць, стварыць сістэму кіравання. Лічу, што мы гэта будзем рабіць разам, каб выкарыстоўваць гэты спадарожнік не толькі ў вучэбных мэтах, але і ў навуковых», — расказаў ён.
ПРАХОДЖАННЕ АЛЬТЭРНАТЫЎНАЙ СЛУЖБЫ ПАЧАЛІ ЎЖО 24 ЧАЛАВЕКІ
У Беларусі праходжанне альтэрнатыўнай службы пачалі ўжо 24 чалавекі, паведамілі ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
З 1 ліпеня 2016 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2015 года «Аб альтэрнатыўнай службе». Гэта дало магчымасць грамадзянам рэалізаваць замацаванае ў Канстытуцыі права на замену воінскай службы альтэрнатыўнай.
Першыя альтэрнатыўшчыкі пры-былі да месца службы 1 снежня мінулага года. Паводле даных на 6 студзеня бягучага года, пачалі службу ўжо 24 маладыя чалавекі. Усяго Міністэрствам працы і сацабароны прыняты рашэнні аб месцы праходжання альтэрнатыўнай службы адносна 54 грамадзян, якім па рашэнні прызыўных камісій воінская служба заменена на альтэрнатыўную службу.
Альтэрнатыўшчыкі накіраваны ў бальніцы, дамы-інтэрнаты, арганіза-цыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і лясгасы. Штомесячнае грашовае ўтрыманне для іх устанаўліваецца ў памеры 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Памер утрымання павышаецца на 20 працэнтаў БПМ з 13-га месяца альтэрнатыўнай службы, на 40 працэнтаў БПМ — з 25-га месяца. Грошы выплачваюцца органам па працы, занятасці і сацабароне па месцы знаходжання арганізацыі, у якой грамадзянін праходзіць альтэрнатыўную службу, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Як растлумачылі ў міністэрстве, альтэрнатыўная служба ўяўляе сабой грамадска карысную дзейнасць узамен воінскай службы. На яе накіроўваюцца грамадзяне, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прыгодныя па стане здароўя і фізічным развіцці да яе праходжання, але якія заявілі аб тым, што прыняцце Ваеннай прысягі, нашэнне, прымяненне зброі або непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі, боепрыпасаў і баявой тэхнікі супярэчаць іх рэлігійным перакананням.