«Ярыца» адзначыла 20-гадовы юбілей

Актуально Культура

“Сударыня-барыня Ярыца!… ”. Менавіта з гэтых радкоў песні і пачаў калісьці свой творчы шлях народны калектыў “Ярыца”. Тады, у далёкім 1994 годзе маладыя і актыўныя педагогі сярэдняй школы №2, якія толькі прыехалі ў раён па размеркаванні, прапанавалі і падрыхтавалі  сваімі сіламі канцэрт да святкавання Дня Перамогі. І на пляцоўцы ў гарадскім парку адбыўся дэбют калектыву “Ярыца”.

IMG_3027 копия 

І быў ён паспяховым. Новы калектыў заўважыў і запрасіў да сябе дырэктар Дома культуры В. Д. Хадорчанка. Колькі часу прайшло, колькі падзей разнастайных адбылося… Безліч рэпетыцый, хваляванняў, планаў і перамог. Колькі канцэртных пляцовак рознага ўзроўню пакарылася “Ярыцы”! Ёй апладыраваў глядач не толькі нашай краіны, але і Латвіі, Расіі, Эстоніі. А якім гонарам для маладога калектыва стала выступленне падчас першых рэспубліканскіх “Дажынак” у Століне! І незабыўныя ўражанні падчас творчай вандроўкі з дабрачынным канцэртам у Хойніках. У мінулым годзе “Ярыца”, як адзін з лепшых калектываў вобласці, дарыла свае песні гледачам гала-канцэрта “Славянскі базар” у Віцебску. І абласныя “Дажынкі” ужо проста нельга ўявіць без верхнядзвінскіх майстроў сцэны, як і разнастайныя раённыя святы.

IMG_2734 копия 2
Але, як кажуць артысты, менавіта перад сваім, родным гледачом, выступаць асабліва няпроста, бо адказнаць і патрабавальнасць узрастае значна.
У 1996 годзе “Ярыца” атрымала званне народнага і раз ад разу паспяхова яго пацвярджае.
Доўгі час творчым кіраўніком была В. І. Новікава. Апошнія пяць гадоў калектывам кіруе захаплёны сваёй працай, творчы, актыўны чалавек – М. Г. Рубель.

IMG_2782 копия
Час імчыць, і вось на сцэне раённага Дома культуры адбылося святкаванне 20-годдзя народнага калектыву.
У зале не было свабодных месцаў – ці гэта не паказчык таго, што творчаць калектыву высока цэніцца найперш жыхарамі Верхнядзвіншчыны. Ці не гэта найвышэйшая адзнака творчасці?
20 год “Ярыца” нясе радасць і запальвае агонь у сэрцах гледачоў. І побач — верныя сябры. У гэты вечар шчырымі апладысментамі зала сустракала народны вакальны калектыў “Дзвінскія напевы”, эстрадную групу “Праект”, народны клуб “Ветэран” і ансамбль лыжкароў “Забава”, народны ансамбль “Верхнядзвінскія музыкі”, ВІА “Драйв”, хор «Верхнядзвінскрайгаз». Усе нумары канцэрта былі падрыхтаваны канцэртмейстрам, выдатным музыкантам, рэжысёрам М. Рубель.

IMG_2984 копия
Вясёлымі танцамі парадавалі “Лялькі”, а песняй — “Ярычка” – дзеці ўдзельнікаў дарослага склада “Ярыцы”. Самабытныя, непаўторныя і мілагучныя беларускія песні ў выкананні юбіляраў чаргаваліся з цікавымі дуэтамі, сольнымі выкананнямі. “Ярыца” парадавала гледачоў і эстраднымі нумарамі, і непаўторным гучаннем шумавых інструментаў у выкананні ансамбля «Пляскач».
Намеснік старшыні райвыканкама Т. В. Севалкіна, віншуючы калектыў са святочнай нагоды, адзначыла, што 20-годдзе – цудоўны ўзрост, калі ўжо склаліся традыцыі, ёсць заслужаныя адзнакі, а самыя вялікія дасягненні яшчэ наперадзе. Калектыў дастойна прадстаўляе наш раён па-за яго межамі, зберагаючы народныя традыцыі і нязменна дорыць добры настрой. Таццяна Васільеўна пажадала артыстам, каб іх жыццё заўсёды было напоўнена любоўю і ўдзячнасцю гледачоў, а таксама моцнага здароўя і новых творчых перамог. Кіраўніку калектыва М. Г. Рубель яна ўручыла сертыфікат для набыцця новых сцэнічных касцюмаў, а таксама Ганаровую грамату райвыканкама за высокі ўзровень правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, асабісты ўклад у развіццё народнай творчасці і ў сувязі з 20-годддзем “Ярыцы”.

IMG_2865 копия
Словы віншавання выказала таксама намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Г. Кісялевіч, якая ўручыла дыпломы кіраўніку і кожнай удзельніцы калектыву, а таксама гукарэжысёру К. Шалонька.
У гэты юбілейны вечар выказаць словы падзякі любімай “Ярыцы” ад імя ўсіх хлебаробаў раёна на сцэну ўзняліся У. У. Фесін, дырэктар ААТ “Баліны”, І. І. Раманоўская, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Шайцерава”, М. А. Паршута, старшыня прафгрупы Верхнядзвінскага раёна газазабеспячэння.

IMG_2963 копия
Падзякі за яскравую творчаць і плённае супрацоўніцтва, вершаваныя радкі, падарункі – усё гэта ад шчырага сэрца падаравалі сваім сябрам і калегам на сцэне клуб “Ветэран” і народны вакальны калектыў “Дзвінскія напевы”.
Нечаканым і арыгінальным падарункам “Ярыцы” ад сваіх творчых сяброў стаў відэаролік, падчас якога прагучалі віншаванні і самыя цёплыя словы ў адрас юбіляра ад іх калег і прыхільнікаў творчасці. Гледачам нават удалося зазірнуць за кулісы падчас відэароліка і ўбачыць, як праходзяць рэпетыцыі “Ярыцы”, колькі сіл, часу і вялікай цярплівасці патрабуецца ад кожнага члена калектыву і яго кіраўніка, каб на сцэне кожны нумар выглядаў бездакорна.

IMG_2776 копия
Цёплыя словы на працягу ўсяго святочнага мерапрыемства гучалі ў адрас Майі Рубель не толькі як надзвычай чулага і добрага чалавека, але і любай матулі. Іх пранікнёна выказала дачушка Аня. Ад імя калектыва “…любімай Маечке Генадзьеўне, самаму лепшаму кіраўніку і сапраўднай сяброўцы” дзякавала за плённае супрацоўніцтва ўдзельніца “Ярыцы” Юлія Парфёнава.
Ці трэба казаць, што час за віншаваннямі, яскравымі, запамінальнымі нумарамі праімчаў вельмі хутка. І ніякія друкаваныя радкі не змогуць у поўнай меры перадаць тую непаўторную атмасферу, што панавала ў зале і на сцэне.
-Колькі існуе “Ярыца”, я заўсёды была разам з ёй, — кажа кіраўнік ансамбля Майя Рубель. — І я шчаслівая, што побач са мной людзі, якія дапамагаюць ажыццяўляць галоўны жыццёвы дэвіз – дарыць дабро людзям, любіць іх і даносіць сваё майстэрства, не шкадуючы сіл і часу. З якімі лёгка, цікава працаваць і мы імкнемся да адной мэты. Гэта мае дзяўчаты Валянціна Хрытановіч, Юлія Парфёнава, Святлана Ляйчынская, Святлана Шкецік, Дар’я Сакалоўская, Дзіна Максуль, Дзі-на Тамашэвіч, Уладзіслава Савва, Аксана Ахламёнак, Жанна Барыла, Алеся Літвінава, Алена Грэцкая. Такія розныя, і па узросце, і па прафесіі, у калектыве яны раскрываюцца, прычым не толькі як вакалісткі, але і музыканты. Прыемна бачыць іх усмешкі, добры настрой пасля канцэрта і тое, як яны перажываюць за агульную справу, аддаюць ёй ўсе сілы і душу. Безумоўна, працы выступленні патрабуюць шмат: пастаянныя рэпетыцыі, пастаноўка харэаграфіі, аб’яднанне спеваў, музыкі і танцаў. Але гэта лёгка, калі адчуваеш, што людзі ідуць табе насустрач, калі супрацоўніцтва ўзаемнае. І І ў нас атрымліваецца.
Цікава, што калектыў мае пастаянны ўзрост сваіх удзельнікаў – 30-40 год – як у вакальным складзе, так і харэаграфічным. І такую планку мы паспяхова ўтрымліваем. Прыемна, што ўжо 20 гадоў застаюцца вернымі сваёй “Ярыцы” Святлана Шкецік і Святлана Ляйчынская.
Канцэрт прынёс асабліва мне шмат уражанняў і сюрпрызаў. Як кіраўнік я задаволена вынікам. Мне хацелася ўнесці разнастайнасць у выглядзе масавых нумароў – так атрымаліся сумесныя нумары з народным клубам “Ветэран” і ансамблем лыжкароў “Забава”, бігосаўскім калектывам “Дзвінскія напевы” пад кіраўніцтвам І. І. Новікава. Заўсёды вельмі прыемна працаваць з хорам райгаза, яны сапраўдныя малайцы, нумар атрымаўся цудоўны. Калі на сцэне адначасова некалькі калектываў – як паказаў канцэрт, атрымліваецца яркае відовішча.
Але, у якім бы жанры мы не спрабавалі сябе, нязменным застанецца захаванне народнага каларыту. Гэта нашы вытокі, крыніца натхнення. І паказаць прыгажосць і непаўторнасць народнай песні “Ярыцы” дапамагае народны ансамбль народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі”, які паспяхова акампануе вакальнаму складу. І сувязь іх настолькі непарыўная, што ўспрымаецца як адзінае цэлае.
Шмат працуем і над харэаграфіяй, кожнаму нумару стараемся надаць сваю асобую, тэатралізаваную нотку.
Я ўдзячна ўсім, хто дапамагаў нам стварыць гэтае свята – Кацярыне Шалонька, Мікалаю Зярнову, Дзмітрыю Руткоўскаму, Вольге Шакель, Уладзіміру Літвінаву. Асобныя словы падзякі калектывам, што выходзілі на сцэну, спонсарскай дапамозе арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна (сельгаспрадпрыемстваў, райгаза, ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод»).
Дзякуючы фінансавай падтрымцы “Ярыца” парадуе ў будучым не толькі новымі песнямі, але і касцюмамі. Усім, хто раздзяліў з намі радасць свята, жадаю здароўя, шчасця, творчых сіл. Наш калектыў заўсёды рады новым людзям, якія любяць народную творчасць, народныя песні. Мы і надалей будзем працаваць для свайго гледача, спрабаваць сябе ў розных жанрах. Каб радавалі словы “Для вас спявае «Ярыца»!”.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *