Выязныя прыёмы грамадзян па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», якія праводзіць гэтымі днямі ў рэгіёнах кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, нацэлены на тое, каб вывучыць хвалюючыя людзей праблемы. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў у час такога прыёму ў Рагачове.
Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што дэкрэт нумар 3 памылкова звязваюць з барацьбой з дармаедствам. «Людзі, якія працуюць і не паказваюць свае даходы, не дармаеды. Яны ствараюць прадукцыю з дабаўленай вартасцю, прыносяць краіне пэўную карысць. Іншае пытанне, што яны не ўдзельнічаюць у пакрыцці сацыяльных расходаў», — растлумачыў ён. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі заклікаў не ўспрымаць сацыяльна арыентаваную палітыку па-ўтрыманску. Дзяржава прадастаўляе кожнаму сацгарантыі, але частку сацыяльнай адказнасці людзям трэба браць на сябе, у тым ліку шляхам сумленнай выплаты падаткаў.
На прыём да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі запісалася 14 члавек. Многія пытанні былі вырашаны на месцы. Падводзячы ў гутарцы з журналістамі вынікі, Максім Рыжанкоў у цэлым пазітыўна ацаніў работу мясцовых улад са зваротамі грамадзян і выказаўся за тое, каб яны больш актыўна карысталіся прадастаўленымі ім па заканадаўстве паўнамоцтвамі пры вырашэнні ўзнікаючых у людзей пытанняў.
ПЛАНУЕЦЦА СТВАРЫЦЬ НЕ МЕНШ
ЯК 70 ТЫСЯЧ РАБОЧЫХ МЕСЦ
У Беларусі ў 2017 годзе плануецца стварыць не менш як 70 тыс. рабочых месц. Аб гэтым у інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» расказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.
Уладзімір Зіноўскі вылучыў тры напрамкі работы эканамічных і галіновых органаў у гэтым годзе. Першы — гэта захаванне макраэканамічнай збалансаванасці. Для гэтага разлічаны паквартальныя індыкатары індэкса спажывецкіх цэн і знешнегандлёвага сальда. Устаноўлены ліміты дырэктыўнага крэдытавання дзяржпраграм. Распрацаваны планы развіцця абласцей. Прадугледжаны штоквартальны галіновы і рэгіянальны маніторынг. «Сур’ёзныя прапановы ў нас выпрацаваны сумесна з міжнароднымі арганізацыямі. Так, у рамках супрацоўніцтва з МВФ адбыўся шэраг тэхнічных місій па ацэнцы якасці актываў беларускіх банкаў, рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў, павышэнні патэнцыялу мадэлявання манетарнай палітыкі», — растлумачыў міністр.
Другі момант — гэта фінансавае аздараўленне рэальнага сектара. Устаноўлены нарматывы зніжэння затрат. Уладзімір Зіноўскі звярнуў увагу, што новыя бізнес-планы арганізацый будуць абавязкова змяшчаць меры па зніжэнні затрат. Намечана паглыбленая фінансавая дыягностыка для фінансавага аздараўлення неплацежаздольных арганізацый.
Акрамя таго, адным з важнейшых напрамкаў работы стане паляпшэнне інвестыцыйнага клімату. Так, запланавана распрацоўка заканадаўства аб дасудовым урэгуляванні спрэчак з замежнымі інвестарамі. Прадугледжана правядзенне комплекснага аналізу заканадаўства для выяўлення норм, якія абмяжоўваюць канкурэнцыю на карысць арганізацый з удзелам дзяржавы. Распрацоўваюцца галіновыя і рэгіянальныя праграмы па развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.
ВЕРНУТЫ ЛЬГОТНЫ ПДВ 10 ПРАЦЭНТАЎ НА ПАМПЕРСЫ І НЕКАТОРЫЯ ХАРЧОВЫЯ ТАВАРЫ
У Беларусі ў спіс тавараў з ільготным ПДВ у памеры 10 працэнтаў вярнулі памперсы і некаторыя харчовыя тавары. Гэта прадугледжана ўказам ад 15 лютага 2017 года нумар 42, які апублікаваны 17 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент уносіць змяненні ў пералік харчовых тавараў і тавараў для дзяцей, па якіх прымяняецца стаўка падатку на дабаўленую вартасць у памеры 10 працэнтаў пры іх увозе на тэрыторыю Беларусі і (або) пры рэалізацыі на тэрыторыі краіны. Гэты пералік зацверджаны ўказам ад 21 чэрвеня 2007 года нумар 287 «Аб падаткаабкладанні харчовых тавараў і тавараў для дзяцей».
Пералік змяшчае кароткія найменні тавараў з пазначэннем кодаў тавараў па Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці. У сувязі з уступленнем у сілу з 1 студзеня 2017 года рашэння Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі змяніліся коды ТН ЗЭД адносна шэрага тавараў, уключаных у пералік. Указ нумар 42 прадугледжвае прывядзенне ўказа нумар 287 у адпаведнасць з новай рэдакцыяй ТН ЗЭД. Такім чынам, у спіс тавараў з ільготным ПДВ вернуты дзіцячыя пялёнкі і падгузнікі, пеналы, касы лічбаў і літар, гатовая або кансерваваная рыба і некаторыя іншыя тавары.
Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2017 года.
СТУДЗЕНЬСКІЯ МАРАЗЫ
І ЖЫРОЎКІ БЕЛАРУСАЎ
Насельніцтва заплаціць за студзеньскае ацяпленне па аб’ёмах, спажытых у снежні 2016 года, паведамілі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
«Нягледзячы на сур’ёзны холад, які быў у студзені, калі тэмпература паветра апускалася да мінус 28 градусаў, беларусы адчуюць падаражэнне паслуг ацяплення толькі за кошт павелічэння тарыфаў. Рост аб’ёмаў спажытай цеплаэнергіі ЖКГ возьме на сябе і пагасіць за кошт зніжэння затрат на працягу года. У выніку беларусы заплацяць менш, чым маглі б заплаціць», — сказалі ў міністэрстве.
Як паведамлялася раней, з 1 студзеня 2017 года кошт цеплаэнергіі павялічаны на 17 працэнтаў да Br15,6098 за 1 Гкал. На аналагічны працэнт вырасла для насельніцтва цана на газ прыродны ў ацяпляльны перыяд. Кошт электраэнергіі, згодна з дакументам, не павялічыўся.
ЭЛЕКТРОННЫ РЭСУРС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Нацыянальны корпус беларускай мовы вучоныя прэзентуюць у бягучым годзе. Аб гэтым паведаміў 17 лютага журналістам дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў.
«Нацыянальны корпус — гэта электронны рэсурс тэкстаў розных жанраў, стыляў, якія максімальна поўна пераведзены ў лічбавы фармат, што дае магчымасць карыстальніку лёгка знайсці пэўную інфармацыю. Прэзентацыя запланавана на бягучы год. Акадэмія навук правядзе курсы для жадаючых звяртацца да гэтага рэсурсу», — расказаў Ігар Капылоў.
Ён дадаў, што рэалізуючы гэты інавацыйны праект Беларусь далучаецца да славянскіх і заходнееўрапейскіх краін, якія маюць такія нацыянальныя карпусы.