Сёлета свет адзначае чарговы юбілей славутага ўраджэнца Беларусі Напалеона Орды.
Мастак, музыкант, літара-тар, кампазітар і педагог Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў маёнтку Варацэвічы (зараз Іванаўскі раён) на Брэстчыне. Калі Напалеону споўнілася два гады, бацька памёр, і маці выхоўвала яго адна.
Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Падчас вучобы малады студэнт стаў членам тайнага таварыства «Заране», за што быў выключаны з універсітэта і арыштаваны. Выйшаўшы на волю праз 15 месяцаў, ён вярнуўся дадому пад нагляд паліцыі.
За ўдзел у паўстанні 1831 года Н. Орда быў узнагароджаны залатым крыжам Польшчы. Аднак пасля разгрому паўстання ён быў асуджаны да ссылкі ў Сібір. Але пад чужым імем яму ўдалося збегчы ў Парыж і атрымаць статус эмігранта. Тут ён стаў сябрам Адаму Міцкевічу, пазнаёміўся з Тургеневым і Бальзакам, Расіні і Гуно, Стэндалем і Вэрдзі, Лістам і Берліёзам. У Шапэна Напалеон Орда браў урокі фартэпіяна і неўзабаве ўжо іграў на вечарах у дамах Плятараў і Чартарыйскіх, прымаў удзел у літаратурных сходах, суправаджаючы ігрой на фартэпіяна паэтычныя імправізацыі Адама Міцкевіча.
Ён стаў аўтарам паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў, напісаў кнігу «Граматыка музыкі», якая выйшла ў свет у Варшаве і дзесяцігоддзямі лічылася адным з лепшых падручнікаў па тэорыі музыкі. Займаўся таленавіты ўраджэнец Беларусі мовазнаўчай і літаратурнай дзейнасцю, склаў «Граматыку польскай мовы для французаў».
З 1833 года Н. Орда вучыўся маляванню ў студыі майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара. У падарожжах па Францыі, Аўстрыі, Шатландыі, Бельгіі, Галандыі, Іспаніі, Партугаліі, Паўночнай Афрыцы маляваў пейзажы, галоўным чынам гарадскія віды. З 1847 года Напалеон Орда стаў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці Вялікай польскай эміграцыі. У 1856 годзе Аляксандр II абвясціў амністыю былым паўстанцам, і ўжо славуты выгнаннік вярнуўся на радзіму, жыў у Пінску, затым пераехаў на Валынь, дзе быў хатнім настаўнікам музыкі.
Першыя малюнкі Н. Орды датуюцца 1840 годам. У штогадовых падарожжах 1870-х – 1880-х гадоў ён маляваў выдатныя мясціны Беларусі, Літвы, Жмудзі, Ліфляндыі, Галіцыі, Усходняй Прусіі і Польшчы. Архітэктурныя краявіды мастака былі настолькі дакладныя, а дзейнасць такой актыўнай, што царскія цэрберы прымалі яго працы за шпіёнскія чарцяжы. Звычайны ж глядач ужо з першай сустрэчы з рамантычнымі творамі нястомнага летапісца даўніны адчувае асаблівае, узвышанае хваляванне. На кожным малюнку Орды ёсць невялікая дэталь – нязмушана, нібы незнарок, намаляваныя людзі, што ажыўляе краявід, робіць яго шчымліва інтымным.
Мы можам ганарыцца тым, што вядомы ўсёй Еўропе мастак не абышоў і нашы мясціны. Дзякуючы яму, у нашым музеі можна пабачыць, як выглядалі ў свой час храмы ў Валынцах і Сар’і, сядзіба ў Юстыніянаве. Пра былую ж веліч Асвеі сведчаць два краявіды.
Агульная калекцыя малюнкаў Напалеона Орды складае больш за 1150 пейзажаў, шмат з іх увайшло ў мастацкія альбомы пры яго жыцці і ў пазнейшыя часы. Скласці ўяўленне пра тое, як выглядалі некаторыя ўжо неіснуючыя беларускія маёнткі, можна зараз толькі па малюнках Напалеона Орды, бо ў тыя гады фатаграфія была яшчэ недасканалая і вельмі дарагая, а мастакі ў большасці займаліся даходным партрэтным жывапісам. Рэвалюцыі, атэістычны гвалт і войны ХХ стагоддзя знішчылі сотні замкаў, палацаў і храмаў Беларусі. Таму альбомы мастацкіх прац Н. Орды з часам набываюць яшчэ большую каштоўнасць. Менавіта яны, напрыклад, добра паслужылі пры рэстаўрацыі замка ў Міры і Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу.
Творчым і жыццёвым крэда мастака былі словы: «Хто хоць жменяй зямлю носіць, той зможа насыпаць гару».
Памёр Напалеон Орда ў Варшаве 26 красавіка 1883 года. Паводле завяшчання яго пахавалі ў Іванаве ў фамільным склепе. Імя выдатнай асобы шырока ўшанавана ў свеце. 200-я гадавіна з дня нараджэння Н. Орды дала штуршок да ўвекавечання яго памяці на радзіме. Яго партрэт і рэпрадукцыі з прац стала магчымым убачыць на манетах і купюрах, у новых альбомах. У Варацэвічах была створана карцінная галерэя, а мінулай вясною адчынены цудоўны музейны комплекс. У Іванаве з’явілася вуліца і мастацкая школа імя Напалеона Орды. На магіле выдатнага земляка паўстала мемарыяльная пліта, а на плошчы райцэнтра ўсталявалі адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Орду.
Антон БУБАЛА.