Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі стужку і націснулі сімвалічную кнопку запуску работ.
Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з прадпрыемствам і яго вытворчымі магчымасцямі, а затым пакінулі запісы ў Кнізе ганаровых гасцей камбіната.
«Увядзенне ў строй з удзелам беларускіх спецыялістаў Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, які ўвасобіў лепшыя рашэнні і самыя перадавыя тэхналогіі, з’яўляецца яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва нашых дзяржаў. Упэўнены, гэта ўнікальная высокатэхналагічная вытворчасць унясе важкі ўклад ва ўмацаванне эканомікі Туркменістана і развіццё ў краіне новай горна-хімічнай галіны на карысць туркменскага народа», — гаворыцца ў запісе Аляксандра Лукашэнкі.
У 2010 годзе беларускі генпадрадчык ААТ «Белгархімпрам» падпісаў з дзяржаўным канцэрнам «Туркменхімія», які выступіў у якасці заказчыка, кантракт на будаўніцтва пад ключ Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.
Кошт праекта ацанілі ў $1 млрд. Будаўніцтва вялося сіламі 14 беларускіх і 22 туркменскіх падрадных арганізацый. Агульная колькасць працуючых на пляцоўцы перасягнула 2,3 тыс. чалавек, практычна палавіну з іх склалі грамадзяне Беларусі.
ЗАЦВЕРДЖАНА СТРАТЭГІЯ РАЗВІЦЦЯ ФІНАНСАВАГА РЫНКУ БЕЛАРУСІ ДА 2020 ГОДА
Савет Міністраў і Нацыянальны банк сумеснай пастановай ад 28 сакавіка 2017 года нумар 229/6 зацвердзілі Стратэгію развіцця фінансавага рынку Беларусі да 2020 года, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Згодна з дакументам, мэтай развіцця фінансавага рынку Беларусі да 2020 года з’яўляецца яго якасная трансфармацыя, павышэнне стабільнасці і эфектыўнасці функцыянавання, накіраваныя на рост эканомікі і дабрабыту насельніцтва.
Для рэалізацыі стратэгіі плануецца выкананне плана мерапрыемстваў, які ўключае больш за 50 пазіцый. Так, мяркуецца ўдасканаліць функцыянаванне ДУ «Агенцтва па гарантаваным кампенсаванні банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб»; павысіць абароненасць банкаў-крэдытораў ад нядобрасумленных дзеянняў даўжнікоў шляхам удасканалення заканадаўства аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве); планамерна скараціць удзел банкаў у дырэктыўным крэдытаванні; развіць сістэму жыллёвых будаўнічых зберажэнняў і інвестыцыйны банкінг.
УСЕ ПРАПАНОВЫ БІЗНЕСУ ПАВІННЫ БЫЦЬ ПАЧУТЫ
Пры змяненні заканадаўчай базы павінны быць пачуты ўсе прапановы бізнесу. Такое меркаванне ў час выязнога семінара ў Гродне выказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.
«Перад намі стаіць і амбіцыйная задача па стварэнні стратэгіі развіцця прадпрымальніцтва да 2030 года: што неабходна зрабіць, каб малы бізнес хутчэй уключаўся ў эканамічныя схемы і ланцужкі, каб больш даваць валавога унутранага прадукта. А гэта зарплата, занятасць насельніцтва, якраз вырашэнне пастаўленых перад намі задач», — адзначыў Уладзімір Зіноўскі. Ён падкрэсліў, што прадстаўнікі ўлады, выконваючы гэтыя даручэнні, абавязаны пашыраць і ідэі бізнесу.
Міністр таксама расказаў, што па выніках пасяджэння рабочай групы ў Адміністрацыі Прэзідэнта плануецца вынесці на грамадскае абмеркаванне праекты дакументаў, накіраваных на стымуляванне дзелавой актыўнасці, удасканаленне кантрольна-нагляднай дзейнасці і выключэнне залішніх патрабаванняў да бізнесу.
ПЕНСІЯНЕРЫ І ІНВАЛІДЫ НА МІНСКІХ РЫНКАХ МОГУЦЬ ГАНДЛЯВАЦЬ БЯСПЛАТНА
Гандлёвыя месцы на рынках Мінска для пенсіянераў і інвалідаў будуць прадастаўляць бясплатна, паведамілі ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.
Адпаведнае пагадненне заключана паміж гарадскім выканаўчым камітэтам і кіраўнікамі рынкаў. Без аплаты можна рэалізоўваць да 20 кг сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай на зямельным участку, выдзеленым для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.
Бясплатныя гандлёвыя месцы прадастаўляюцца з 1 красавіка да 1 снежня на наступных аб’ектах: «Гандлёвыя рады» (пр. Партызанскі, 99); «Чыжоўскі рынак» (пр-д Ташкенцкі, 5а); «Свелта» (вул. Малініна, 35А); «Серабранка» (вул. Пляханава, 89); «Велазаводскі» (зав. Рабочы, 5); «Маскоўскі» (пр. Газ. Звязда, 16); «Малінаўка» (вул. Ясеніна, 76); «Уральскі» (вул. Фролікава, 8); «Уручча-3» (вул. Нікіфарава, 51); «Усход» (вул. Славінскага, 45а); КГУП «Мінскі Камароўскі рынак» (вул. В. Харужай, 8); «Ракаўскі кірмаш» (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 11); «Заходні» (вул. Бурдзейнага, 6); ТАА «Гандлёвы дом «Ждановічы» (вул. Ціміразева, 123).
Права на льготу павінна пацвярджацца дакументамі — пасведчаннем і даведкай аб тым, што рэалізуемая прадукцыя вырашчана фізічнай асобай і (або) асобамі, якія знаходзяцца з ёй у адносінах блізкага сваяцтва, на знаходзімым на тэрыторыі Беларусі зямельным участку, прадастаўленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва, агародніцтва.
ЗАЛІЧЭННЕ АБІТУРЫЕНТАЎ У СІЛАВЫЯ ВНУ БЕЛАРУСІ НА БЮДЖЭТ БУДЗЕ ПА 24 ЛІПЕНЯ,
У ТВОРЧЫЯ — ПА 28 ЛІПЕНЯ
Залічэнне абітурыентаў на бюджэт у сілавыя ВНУ Беларусі ў перыяд асноўнага набору ў 2017 годзе будзе праходзіць па 24 ліпеня, у творчыя — па 28 ліпеня. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства адукацыі нумар 17 ад 9 сакавіка 2017 года, апублікаванай 31 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Для атрымання вышэйшай адукацыі на вочнай (дзённай) форме ў Ваеннай акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы тэрмін залічэння ўстаноўлены па 24 ліпеня; на вочнай (дзённай) і завочнай формах у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС — па 24 ліпеня. У творчых ВНУ тэрмін залічэння на вочную (дзённую) і завочную формы — па 28 ліпеня. Размова ідзе пра Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Залічэнне на вочную і завочную формы ў іншых дзяржаўных ВНУ пройдзе па 28 ліпеня. Гэта не датычыцца завочнай формы ва ўстановах вышэйшай адукацыі сельгаспрофілю — тут тэрмін залічэння ўстаноўлены па 20 снежня.
Што датычыцца атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове, то залічэнне на вочную (дзённую) і завочную формы ў сілавых ВНУ пройдзе па 2 жніўня, у творчых — па 3 жніўня, іншых (акрамя завочнай формы ў ВНУ сельгаспрофілю) — па 6 жніўня. Залічэнне на завочную форму атрымання адукацыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю пройдзе па 20 снежня.
Ад 18 ліпеня пачынаюцца ўступныя іспыты, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Па 21 ліпеня такія іспыты пройдуць у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС; па 26 ліпеня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў; па 24 ліпеня — у іншых ВНУ. Уступныя іспыты ў ВНУ сельгаспрофілю пройдуць з 18 па 25 ліпеня (вочная форма) і з 6 па 15 снежня (завочная форма).
Таксама вызначаны тэрміны прыёму дакументаў ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць у беларускія ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі. Асобны блок прысвечаны тэрмінам прыёму дакументаў, правядзення гутаркі і залічэння на вакантныя месцы на бюджэт і на платнай аснове грамадзян Украіны і асоб без грама-дзянства, якія пражывалі (як правіла, не менш за год) на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны і прыбылі ў Беларусь для атрымання дазволаў на часовае або пастаяннае пражыванне.
Завершыцца ўступная кампанія 6 жніўня.