У Верхнядзвінску адзначылі юбілей вядомага паэта-земляка

Актуально Литературная страница

17 красавіка споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Іосіфавіча Зубрыцкага – паэта і журналіста, вядомага далёка за межамі Верхнядзвінскага краю. Жыццёвы шлях і лепшыя творы славутага земляка ўзгадалі ўдзельнікі раённага конкурсу чытальнікаў «Я па жыцці іду паэтам…», які прайшоў нядаўна ў раённай бібліятэцы.

IMG_7267 копия

У вялікай чытальнай зале вольнага месца не было. Паслухаць добрыя вершы і паспрабаваць свае сілы ў конкурсе сабраліся людзі з усяго раёна. Усе канкурсанты – пераможцы адборачных тураў, загадзя праведзеных у школах і сельскіх бібліятэках. Цяжкая задача ацэньваць выкананне твораў і выбіраць пераможцаў лягла на плечы дырэктара ДУК «Верхнядзвінская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Людмілы Аляк-сандраўны Куўшынавай, стар-шыні Верхнядзвінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святланы Уладзіміраўны Якаўлевай і сына паэта, індывідуальнага прадпрымальніка Ігара Эду-ардавіча Зубрыцкага. Менавіта ён даў пачатак конкурснай частцы мерапрыемства, расказаўшы пра творчы шлях свайго бацькі і звярнуўшыся да ўдзельнікаў з уступным словам.

Пераможцу конкурсу Вераніку Казак узнагароджвае Л. А. Куўшынава.
Пераможцу конкурсу Вераніку Казак узнагароджвае Л. А. Куўшынава.

За перамогу чытальнікі змагаліся ў трох узроставых катэгорыях: вучні 1-5 класаў, 6-11 класаў, 18 год і больш. Выкананне твораў ацэньвалася па дзесяцібальнай шкале. Улічвалася граматная гаворка, артыстызм выканання, стварэнне мастацкага вобразу і перадача сэнсавага значэння верша. Па-за конкурсам выступілі бібліятэкар Таццяна Рачыцкая, Антон Францавіч Бубала і ўнук паэта Ілля Зубрыцкі.
Падчас мерапрыемства прагучалі адны з найлепшых паэтычных твораў Эдуарда Зубрыцкага, якія не могуць пакінуць абыякавым нават самага крытычнага слухача: «Выспявае неба», «Балада пра чырвоны жвір», «Равесніца-зязюля», «Дом, пазбаўлены дыхання», «Святыня» і многія іншыя. Крануў да слёз прысвечаны Росіцкай трагедыі ўрывак з паэмы «Рубяжы» ў выкананні Веранікі Казак. Творча падыйшоў да свайго выступлення Юрый Сахонька: верш «Ветрана» ён прачытаў пад музыку, а Аня Маеўская ўразіла харызматычным выкананнем твору «Ля апошніх перапраў».
Пакуль выстаўляліся адзнакі і вызначаліся пераможцы, усім прысутным было прапанавана лепш пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам паэта праз мультымедыйную прэзентацыю. Гучалі песні на словы Э. Зубрыцкага і музыку А. Міронава.
Прыйсці да адзінага рашэння журы было няпроста. Сярод вучняў 1-5 класаў лепшай стала Алеся Брышко (в. Жыгулі), дыплом II ступені атрымала Віка Крэгу (аг. Сар’я), а на трэцім месцы апынуліся адразу два канкурсанты з Валынцаў – Вераніка Іванова і Жэня Якілюнас.
Ва ўзроставай катэгорыі вучняў 6-11 класаў перамога дасталася Вераніцы Казак (аг. Бігосава), другім стаў Слава Кураш (аг. Лявонішана), трэцяе месца атрымаў Еўдакім Гірдзюк (Верхнядзвінск).
Сярод удзельнікаў ад 18 гадоў і болей дыплом I ступені дастаўся Дар’і Літвінавай (в. Марозы), трохі саступіла ёй Таццяна Броніна (аг. Каханавічы), трэцяй стала Марына Карнавухава (в. Бароўка). Асобным прызам ад Ігара Зубрыцкага была ўзнагароджана Паліна Чарняўская (аг. Бігосава).
Напрыканцы мерапрыемства прагучаў верш «Зямля бацькоў», пранікнуты любоўю да Радзімы і роднага краю, а лірычную кропку паставіла песня «Спадчына» ў выкананні Славы Кураша.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *