Сёння ва ўстановах адукацыі завяршаецца чарговы навучальны год. Апошні званок абвесціць аб заканчэнні заняткаў у 16 школах раёна.
2120 навучэнцаў сярэдніх і базавых школ Верхнядзвіншчыны падняліся на яшчэ адну прыступку ведаў. Год прынёс новыя перамогі і дасягненні: школьнікі ў пераважнай большасці паказалі добрыя веды, здабылі перамогі на раённых і абласных алімпіядах, творчых і спартыўных спаборніцтвах розных узроўняў. Цяпер для іх наступае радасны час летніх канікулаў, калі можна адпачыць, аздаравіцца, заняцца любімымі справамі, а для самых крэатыўных – яшчэ і папрацаваць на вытворчасці або самастойна папоўніць веды.
На ўрачыстую лінейку да школьнікаў прыйдуць прадстаўнікі ўлады, шэфствуючых арганізацый, РАУС і РАНС, бацькі, якія павіншуюць дзяцей з завяршэннем навучальнага года, пажадаюць плённых канікулаў і падкажуць, як зрабіць іх бяспечнымі і прадуктыўнымі.
Асаблівыя словы він-шаванняў і наказаў прагучаць для выпускнікоў 11-х і 9-х класаў. Сёлета сярэднюю школу заканчваюць 103 навучэнцы, базавую – 228. Для іх наступае адказны перыяд экзаменаў, які доўжыцца з 1 па 9 чэрвеня, а затым паўстае важнейшае пытанне выбару далейшага жыццёвага шляху. Як паведамілі ў раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, значная частка выпускнікоў марыць аб вышэйшай адукацыі. І сёлета жаданне паступіць у ВНУ выказвае звыш 60% навучэнцаў. Актыўны ўдзел у пробным тэсціраванні паказаў высокую гатоўнасць рабят “штурмаваць” прэстыжныя ўстановы адукацыі.
Пажадаем ім поспеху ва ўсіх выпрабаваннях і здзяйснення мары.
С. ДЗВІНСКАЯ.