Тэма тыдня

Тема недели

IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 29-30 чэрвеня ў Маскве. 30 чэрвеня адбыліся пленарнае пасяджэнне IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Форум рэгіёнаў у бягучым го-дзе быў прысвечаны супрацоўніцтву Беларусі і Расіі ў інавацыйнай сферы. У час форуму працавала выстаўка інавацый, на якой былі прадстаўлены найноўшыя вытворча-тэхнічныя распрацоўкі, важнейшыя сумесныя праекты ў галіне прамысловасці і высокіх тэхналогій. Таксама быў арганізаваны кірмаш-продаж беларускай прадукцыі, у якім прынялі ўдзел каля 60 прадпрыемстваў Беларусі. Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам уключала 200 чалавек — гэта парламентарыі, прадстаўнікі вядучых беларускіх прадпрыемстваў, дзелавыя колы. На IV Форуме рэгіёнаў Беларусь і Расія заключылі кантракты на $450 млн.
Беларусь і Расія нацэлены на ўмацаванне палітычнага і эканамічнага партнёрства
Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час пасяджэння ВДС у Маскве.
«Сёння мы праводзім найбольш актуальныя і маштабныя мерапрыемствы ў нашых двухбаковых адносінах — пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета і Форум рэгіёнаў. Прысутнасць на гэтых пляцоўках вялікай колькасці прадстаўнікоў буйных прадпрыемстваў і арганізацый з Беларусі і Расіі з’яўляецца сведчаннем вельмі цесных сувязей двух брацкіх народаў, дэманстрацыяй узаемнай нацэленасці на далейшае ўмацаванне палітычнага і эканамічнага партнёрства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прыняты рашэнні па дзевяці пытаннях
Бакі падпісалі пастановы аб захаванні патэнцыялу машынабудаўнічага комплексу Саюзнай дзяржавы, аб супрацоўніцтве ў сферы аграпрамысловага комплексу, аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за 2016 год, аб ходзе выканання прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву.
Таксама былі прыняты пастановы аб ходзе выканання Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2016-2017 гады, аб старшыні пагранічнага камітэта Саюзнай дзяржавы, аб асноўных пытаннях да пасяджэнняў ВДС на 2017 год.
Акрамя таго, падпісаны рэзалюцыі аб выніках рэалізацыі Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2011-2015 гады, аб ходзе выканання рашэнняў Вышэйшага дзяржаўнага савета.
Спікер Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка прапанавала разгле-дзець пытанне адмены роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такую ідэю.
Ніякія санкцыі і націск Беларусі і Расіі не перашкода
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выступлення на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь развівае супрацоўніцтва з самымі рознымі рэгіёнамі Расіі. Ёсць нават сумесныя праекты на Сахаліне ў галіне сельскай гаспадаркі.
«І гэта на Сахаліне, што ўжо гаварыць аб суседніх абласцях. Гэтак жа і расіяне сёння працуюць у Беларусі. Мы проста наверсе нават мала ведаем гэтых прыкладаў. Але ўсе вы варушыцеся, у добрым сэнсе слова, як мурашкі. І я вам за гэта вельмі ўдзячны. Вы проста малайцы, трэба ў гэтым тэмпе рухацца, ствараючы нашу агульную прастору і дэманструючы ўсім, што ніякія санкцыі, ніякі націск нам не перашкода. Мы пераадолеем усё», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Актывізаваць сумесную падрыхтоўку кадраў
Такую прапанову Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў у час выступлення на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што кадравы патэнцыял навукі застаецца ключавым фактарам у многіх сферах. У Беларусі яго не толькі захавалі, але і прымножылі. «Тут трэба адзначыць супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы маладых вучоных. Звяртаюся да навуковай супольнасці нашых краін з прапановай актывізаваць работу ў гэтай сферы. Маладыя вучоныя павінны мець усе магчымасці для цесных кантактаў са сваімі калегамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама лічыць, што неабходна ўзмацніць узаемадзеянне навуковых школ па самых перспектыўных напрамках. У прыклад ён прывёў супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам.
Беларуска-расійскія кантакты ў ІТ-сферы маглі б развівацца больш дынамічна
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мабільнымі дадаткамі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ сёння карыстаюцца больш як 1 млрд чалавек у 193 краінах, звыш 90 працэнтаў выраб-ляемага ў Парку праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт у Расію і СНД, краіны Заходняй Еўропы і ЗША.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій становіцца адной з фундаментальных асноў стратэгічнага партнёрства. Тут ён вылучыў такія напрамкі, як развіццё чалавечага патэнцыялу, павышэнне эфектыўнасці дзяржкіравання ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, фарміраванне лічбавай эканомікі, забеспячэнне бяспекі грамадзян і дзяржавы.
Амбіцыйная задача — ператварыць Беларусь у ІТ-краіну
«Мы перад сабой паставілі амбіцыйную задачу — ператварыць Беларусь у ІТ-краіну. У бліжэйшы час мы прымем прававыя асновы для такога развіцця сітуацыі ў Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што адпаведныя дакументы распрацоўваліся сумесна беларускімі і расійскімі спецыялістамі. Яны «прадстаўлены ўжо на разгляд у вышэйшы орган улады Беларусі».
«Упэўнены, што гэта будзе наш з вамі агульны праект і ён унясе дастойны ўклад у самыя сучасныя напрамкі развіцця нашага грамадства і эканомікі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *