Верхнядзвінск прымаў на Дні горада гасцей з Расіі, Латвіі і Беларусі

Актуально Общество

Свята горада – гэта асаблівая дата для кожнага яго жыхара, падчас якой ён адчувае сябе прыналежным да адной вялікай сям’і. Той, дзе шануюць працавітых і гаспадарлівых, любяць парадак і прыгажосць, клапоцяцца аб дзецях і старых, шануюць традыцыі і проста любяць усёй душой край, дзе нарадзіўся і дзе знайшоў свой лёс. Рыхтуючыся да свята, гаспадары стараюцца навесці парадак на вуліцах і дварах, упрыгожыць тэрыторыі, падрыхтаваць гораду свае падарункі. Нібы падтрымліваючы людзей у гэтых ставаральных памкненнях, надвор’е ўзнагародзіла іх яркім сонечным днём і запрасіла разам парадавацца дасягненням і адпачыць пасля шматлікіх клопатаў. Сапраўды, на гарадскіх вуліцах і ў парку было як ніколі шматлюдна – здаецца, на ўрачыстасць прыйшлі ўсе верхнядзвінскія жыхары. Прыбылі шматлікія госці, якім мы заўсёды рады — дэлегацыі з Расіі і Латвіі, Наваполацка, іншых гарадоў і раёнаў.

Прадстаўнікі замежных дэлегацый прынялі ўдзел ва ўшанаванні памяці вызваліцеляў горада.
Прадстаўнікі замежных дэлегацый прынялі ўдзел ва ўшанаванні памяці вызваліцеляў горада.

Вітаючы ўдзельнікаў свята, старшыня райвыканкама І.І. Марковіч нагадаў слаўную і неўміручую гісторыю Прыдзвінскага краю. Знаходзячыся на скрыжаванні стратэгічных шляхоў, ён неаднойчы падлягаў нашэсцю ворагаў і спусташэнню. Але заўсёды ўздымаўся з попелу і аднаўляўся да жыцця. Асаблівай старонкай у летапісу Верхнядзвіншчыны стала Вялікая Айчынная вайна, якая забрала жыцці 20 тысяч мірных жыхароў, звыш 5 тысяч землякоў, якія змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах, сцерла з твару зямлі 426 населеных пунктаў раёна. Наколькі ж моцныя гераізм і стойкасць народа, які перажыў гэты жах і перамог ворага ў няроўнай барацьбе!

І. І. Марковіч падзякаваў за працу і вернасць прафесіі дынастыі Самадумскіх.
І. І. Марковіч падзякаваў за працу і вернасць прафесіі дынастыі Самадумскіх.

Спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб узняць горад з руінаў, але і гэты шлях напружанай працы быў пройдзены з гонарам. Сёння Верхнядзвінск набывае новае аблічча і прымнажае традыцыі, умацоўвае сацыяльна-эканамічнае становішча і стварае камфортныя ўмовы для жыцця людзей.
У будучым годзе тут будуць праведзены абласныя “Дажынкі”, што дасць новыя магчымасці ў паляпшэнні інфраструктуры і ўжо сёння патрабуе зладжанай працы. Запланаваны будаўніцтва ФСК з басейнам, магазіна “Еўраопт”, рэканструкцыя Юбілейнай плошчы, капітальны рамонт Цэнтра культуры, шматкватэрных дамоў, іншыя значныя работы.

IMG_4246 копия
Гарант рэалізацыі ўсіх задумак – наш таленавіты і працавіты народ, якому падуладны любыя смелыя перспектывы. У гэты святочны дзень мы асабліва дзякуем ім за працу, аддаем гонар і пашану, жадаем новых набыткаў.

Канстанцін Шкіндзер  і Аляксей Калесніковіч.
Канстанцін Шкіндзер
і Аляксей Калесніковіч.

Кіраўнік раёна ўручыў узнагароды навуковаму супрацоўніку раённага краязнаўчага музея А.Ф. Бубала і дырэктару ААТ “Прудзінкі” В.А. Красніку, якім прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Верхнядзвінскага раёна”. Заслугі гэтых патрыётаў Верхнядзвіншчыны істотныя. Антон Францавіч Бубала — вядомы краязнаўца і даследчык роднага краю, галоўны складальнік кнігі “Памяць”, аўтар кнігі “Па слядах вогненных вёсак”. Ён правёў вялікую работу па стварэнні раённага краязнаўчага музея, праклаў па раёну дзесяткі турыстычных маршрутаў, працягвае краязнаўчую работу з моладдзю. А яшчэ з’яўляецца надзвычай творчым і захопленым чалавекам, піша вершы, удзельнічае ў хоры “Ветэран”.

Эдуард Ханок  выканаў свае песні.
Эдуард Ханок
выканаў свае песні.

Васіль Аляксеевіч Краснік прысвяціў верхнядзвінскай зямлі 39 гадоў плённай працы, працяглы час узначальвае сельгаспрадпрыемства, якое славіцца высокімі паказчыкамі ў розных галінах, лідзіруе па вытворчасці збожжа. Кіраўнік клапоціцца аб умацаванні калектыву, забеспячэнні жыллём, сацыяльнымі дабротамі. Яму прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі”.

Фіналісты Еўрабачання «NaviBand»  на верхнядзвінскай сцэне.
Фіналісты Еўрабачання «NaviBand»
на верхнядзвінскай сцэне.

Гарачымі апладысментамі сустракалі землякі працоўныя дынастыі. Яны з’яўляюцца сапраўдным аплотам раёна, бо ўмацоўваюць яго патомнай прафесіянальнай працай. Агульнай справай для сям’і Сабалеўскіх з ААТ “Сакалоўшчына” стала праца ў сельскай гаспадарцы – агульны стаж сям’і ў гэтай галіне складае 119 гадоў. Сумленнымі працаўнікамі гаспадаркі з’ўляюцца галава роду Рыгор Максімавіч і яго жонка Зоя Барысаўна. Лепшыя традыцыі перанялі шасцёра дзяцей. Сын Сяргей 27 гадоў працуе трактарыстам-машыністам, жонка Валянціна — бухгалтар гаспадаркі. Ужо іх пяцёра дзяцей сталі самастойнымі людзьмі і чацвёра працуюць у сельскай гаспадарцы.

IMG_4319 копия
Сельскагаспадарчай дынастыяй з’яўляецца і сям’я Букей з УП «Вужыца-Агра». Эдуард Пятровіч і яго жонка Надзея Аляксандраўна прысвяцілі жыццё сялянскай працы, дзеці Іван і Таццяна таксама працуюць у вёсцы. Не сталі здраджваць сямейнай традыцыі і ўнукі Аляксандр і Сяргей, якія сталі кваліфікаванымі спецыялістамі аграпрама.

Усіх захапіла шоу байкераў.
Усіх захапіла шоу байкераў.

Тры пакаленні сям’і Смулько з ААТ “Баліны” таксама верныя сельскагаспадарчай галіне. Галава дынастыі Васіль Васільевіч перадаў механізатарскае майстэрства сыну Віктару. Унукі працягваюць дынастыю – сын Віктара працуе механізатарам, а дачка набывае прафесію агранома ў сельгасакадэміі.
Слаўныя працоўныя традыцыі ў сям’і Грынько, галава якой Іван Іванавіч з’яўляецца заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі. Доўгія гады Іван Іванавіч узначальваў райаграсервіс, а яго жонка Ларыса Іванаўна працавала тут жа дыспетчарам. Сёлета яны адзначаць 55-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Сын Сяргей 27 гадоў адпрацаваў у райграсервісе, а яго жонка Наталля Уладзіміраўна і сёння займацца на прадпрыемстве кадравай работай. Прадстаўнік малодшага пакалення ўнук Іван – студэнт 3 курса Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.
Многія з гасцей свята ўдзячны дынастыі Сініцыных-Сасноўскіх, бо былі вучнямі гэтых вядомых настаўнікаў. Амаль паўстагоддзя складае педагагічны стаж настаўніка біялогіі Эдуарда Міхайлавіча і 37 – Тамары Уладзіміраўны. Прыклад бацькоў аказаў уплыў на выбар дачкі Жанны, якая стала выхавацелем і музычным кіраўніком СШ№2. Працягвае сямейную справу і ўнучка Аляксандра – студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, будучы настаўнік замежнай мовы.
А хто з верхнядзвінцаў не ведае сямейную дынастыю ўрачоў Самадумскіх! Уладзімір Залманавіч 43 гады аддаў медыцыне, працуючы на складанейшым участку ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага. Людміла Яўгенаўна, у мінулым загадчык паліклінікай, 29 гадоў прысвяціла медыцыне. Дачка Марына ўжо 26 гадоў працуе лабарантам РЦГЭ, а ўнук Уладзімір – студэнт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Цёпла прымалі землякі спартыўную сям’ю Язерскіх, якія прывілі любоў да спорту не аднаму пакаленню верхнядзвінцаў. Уладзімір Афанасьевіч – ветэран педагагічнай працы з 42-гадовым стажам. Сын Аляксандр працуе трэнерам-выкладчыкам ДЮСШ, а нявестка Святлана кіруе калектывам гэтай школы. Сямейную справу працягваюць унукі Вікторыя і Яўген – студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

IMG_3439 копия
Свята горада супала з Днём сям’і, любові і вернасці, таму сямейным дынастыям жадалі не толькі прымнажаць працоўныя традыцыі, але берагчы і ўмацоўваць свае сямейныя саюзы.
Віншаванні гараджан і гасцей свята прымалі лаўрэаты намінацыі “Працоўныя дасягненні моладзі”. Сярод іх настаўнік фізічнага выхавання Верхнядзвінскай гімназіі Аляксей Калесніковіч, які з’яўляецца прызёрам конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў, лаўрэатам рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, падрыхтаваў пераможцаў рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў.

IMG_4011 копия
Узнагароду заслужыла вядучы спецыяліст раённага Цэнтра культуры Вольга Шакель — актыўны ўдзельнік шматлікіх культурных мерапрыемстваў, лаўрэат абласных конкурсаў і фестываляў, а таксама конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод культарганізатараў.
Перспектыўным спецыялістам з’яўляецца галоўны ветурач ААТ “Шайцерава” Канстанцін Шкіндзер, які працягвае вядомую сямейную дынастыю сельгаспрадпрыемства. Дзякуючы яго працы на вытворчасці забяспечаны высокі ўзровень ветэрынарна-санітарнага кантролю.

IMG_4534 копия
Неаднаразовым пераможцам працоўнага спаборніцтва з’яўляецца трактарыст-машыніст ААТ “Прудзінкі” Раман Ганчарэнка – прадаўжальнік справы бацькоў, якія прысвяцілі жыццё сельскай гаспадарцы.
Узнагароды за працоўныя дасягненні на свяце атрымаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В.А. Багушэвіч. Юбілейным медалём “110 гадоў прафсаюзнага руху Беларусі” узнагароджаны начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.А. Масквічова і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М.Я. Дабранаў. Падзяка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за шматгадовую добрасумленную працу аб’яўлена старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК А.У. Зуй.

IMG_4011 копия
Верхнядзвінцы сардэчна віталі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, дзякуючы якім і стала магчымым мірнае жыццё і гэта цудоўнае свята.
З Днём горада яго жыхароў павіншавалі госці – галава горада Валакаламска Пётр Лазараў, кіраўнік Краслаўскай краявой думы Гунарс Упеніекс, першы намеснік галавы адміністрацыі Себежскага раёна Аляксей Рабаў, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў.
Удзельнікаў свята горада чакала шмат сюрпрызаў і забаў. Для іх працавалі разнастайныя выставы, праводзіліся акцыі і конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, гульнёвыя праграмы, быў арганізаваны святочны гандаль. Спадабаліся ўсім яркае шоу байкераў і дзіцячыя атракцыёны. Шмат прыхільнікаў было ў музыкантаў і салістаў Ваенна-духавога аркестра Полацкага пагранатрада. І нікога не пакінуў раўнадушным вялікі святочны канцэрт з удзелам народнага артыста Беларусі кампазітара Эдуарда Ханка і зорак беларускай эстрады. Дзякуючы вядомай народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – вместе!”, верхнядзвінскія гледачы маглі бачыць выступленні груп “NaviBand” і” ByCity”, шоу-балета “Феерыя”, салістаў Сашы Нэма, Вікторыі Алешка, пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Новыя галасы Беларусі”, ансамбля казацкай песні і танца, іншых артыстаў.
Свята завяршылася феерверкам і стала яшчэ адной яркай вехай у жыцці горада, якому складаць сваю далейшую непаўторную гісторыю.
С. ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *