Да 500-годдзя кнігадрукавання

Актуально Общество

Самавыдавецтва – даўняя “ізюмінка” нашай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Тараса Хадкевіча. Займацца гэтай няпростай, руплівай справай яна пачынала адной з першых у вобласці прыкладна ў сярэдзіне 90-х гадоў. 

Н. С. Глацёнак і К. А. Карманава за работай.
Н. С. Глацёнак і К. А. Карманава за работай.

І за гэты час назапасіла шмат каштоўнага матэрыялу. Сярод іх – разнастайныя краязнаўчыя зборнікі, вершаваныя зборнікі паэтаў-землякоў і іншыя.
Разам з загадчыкам аддзела абслугоўвання і інфармацыі, актыўным ініцыятарам збору краязнаўчага матэрыялу Н. С. Глацёнак пагартаем старонкі некаторых з іх.
Вось зборнік “Верхнядзвіншчына ў легендах і паданнях” – выданне ўнікальнае, не маючае аналагаў. Работа па яго складанні была праведзена вялікая – на працягу доўгага часу сельскія бібліятэкары хадзілі па вясковых хатах, запісвалі ўспаміны старых людзей. І вынікам стала кніга, дзе дапытлівы чытач можна знайсці цікавыя гісторыі аб мясцінах нашага раёна. Напрыклад, даведацца, адкуль узяліся назвы ракі Свольна і во-зера Белае, вёсак Чурылава і Цясты, Сахонаўскага дуба, Французскай, Вужынай і Чортавай гары і іншыя. Пагартайце старонкі, і вам адкрыецца наша малая бацькаўшчына з нечаканага, у нечым казачнага боку.
Асобнай увагі вартыя выданні, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: “Дарогамі вайны”, “Памяць дзіцячага сэрца”, “І былі разам дзяцінства і вайна”, дзе змешчаны ўспаміны сведкаў таго жахлівага часу, як маленькіх дзяцей, так і ветэранаў-удзельнікаў.
Асобна можна выдзеліць паэтычныя зборнікі нашых паэтаў-землякоў — Чаславы Петрашкевіч, Антона Бубалы, Эдуарда Зубрыцкага, Васіля Рудога, Аляксандра Мя-дзюты, Мікалая Карагода, Анастасіі Урбан, Людмілы Ціханчык. Шэраг з іх — з аўтарскім подпісам. Да юбілеяў паэтаў у бібліятэцы рыхтуюцца таксама буклеты.
З праваслаўнымі і каталіцкімі святынямі Верхнядзвіншчыны пазнаёмяць чытача інфармацыйныя даведнікі “На крыжовых шляхах”. У іх выкарыстаны матэрыялы, прадастаўленыя рабочай групай раённага краязнаўчага музея, размешчаныя ў інтэрнэце і энцыклапедыях, паведамленні чытачоў раёнкі, а таксама сабраныя падчас вандровак па мясцінах знішчаных святыняў.
Паэтычныя радкі, што прысвяцілі Верхнядзвінску мясцовыя паэты, змяшчае зборнік “Горад нашых сэрцаў”.
— Яшчэ адным асобным выданнем з’яўляецца кніга “Афган. Испытание мужеством”, выдадзеная ў 2012 годзе, — адзначае Ніна Сяргееўна. — Па-першае, таму, што тут пада-дзены звесткі аб нашых земляках-удзельніках баявых дзеянняў у Афганістане – успаміны саміх воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сяброў, родных, паштоўкі загінуўшых салдат. Па-другое, гэтую кнігу першай у вобласці выдала менавіта наша бібліятэка. І ўжо па яе прыкладу падобныя склалі і астатнія раённыя бібліятэкі вобласці. Зараз на аснове гэтых зборнікаў сфарміравана абласная база дадзеных пра воінаў-інтэрнацыяналістаў.
На рахунку самавыдавецтва бібліятэкі і шматлікія буклеты — прысвечаныя 630-годдзю Верхнядзвінска, агратурызму ў раёне, знакамітым людзям, чыімі імёнамі названы вуліцы горада.
І сёння праца ў гэтым накірунку не спыняецца – ідзе працэс збору і сістэматызацыі звестак аб нашых земляках-вучоных.
За кожным выданнем – самаадданая, руплівая праца супрацоўнікаў бібліятэкі. Яны выступаюць у ролі не толькі ініцыятараў стварэння зборнікаў, буклетаў і кніг, але і збіраюць неабходную інфармацыю, апрацоўваюць яе, набіраюць на камп’ютары (раней гэта рабілі з дапамогай пішучай машынкі). Афармленнем займаецца мастак-афарміцель Л. В. Шаўчэнка.
Такі вось няпросты выдавецкі працэс праходзіць у сценах цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Сёння, каб даведацца аб гісторыі нашай Верхнядзвіншчыны, людзях, якія яе праславілі, гістарычных мясцінах і іншых цікавых звестках, чытачу не трэба рабіць пошук у інтэрнэце або пераглядаць вялікую колькасць друкаваных выданняў. Дастаткова ўзяць у рукі выданні, над якімі рупліва папрацавалі работнікі бібліятэкі, адбіраючы самае карыснае, цікавае і пазнаваўчае.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *