На настаўніцкай канферэнцыі віталі маладых спецыялістаў

Актуально Образование

Напярэдадні Дня ведаў у раёне адбылася жнівеньская педагагічная канферэнцыя, на якой падведзены вынікі работы ўстаноў адукацыі раёна ў мінулым навучальным годзе і абмеркаваны задачы на перспектыву.

IMG_7567

Маладыя спецыялісты ўстаноў адукацыі з кіраўніцтвам раёна.

Па традыцыі канферэнцыя пачалася з вітання маладых спецыялістаў – сёлета ў раён прыбылі 24 выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, з якіх 9 – ураджэнцы Верхнядзвіншчыны. З наказам годна несці званне настаўніка, любіць дзяцей, спаўна аддаваць сябе служэнню школе, не палохацца цяжкасцей і дасягнуць вяршынь прафесійнага майстэрства да іх звярнулася настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, выкладчык рускай мовы і літаратуры СШ №2 г.Верхнядзвінска Л.У. Мацкевіч.
Сардэчна вітаючы педагогаў раёна, старшыня райвыканкама І.І. Марковіч адзначыў, што менавіта ад іх працы залежыць фарміраванне грамадства будучага. Напярэдадні навучальнага года ў краіне адбыўся агульны педсавет, Прэзідэнт Беларусі акрэсліў задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. Сярод іх – абнаўленне праграм і падручнікаў, новыя падыходы ў агульнай сярэдняй і вышэйшай школах, накіраваныя на даступнасць і роўнасць атрымання ведаў, павышэнне матэрыяльнага заахвочвання настаўнікаў.
Падкрэслена, што самыя лепшыя і надзейныя інвестыцыі – у адукацыю, бо яна прыносіць шматразовую аддачу ў выглядзе прадукцыйнай работы кадраў. І.І. Марковіч заўважыў, што на гэту сферу ў раёне накіроўваецца значная частка бюджэту, і педагагічны калектыў апраўдвае ўкладанні самаадданай працай.
Кіраўнік спыніўся на сацыяльна-эканамічных паказчыках развіцця раёна, асобна адзначыў стварэнне новых прадпрыемстваў і рабочых месц, падрыхтоўку аб’ектаў да “Дажынак-2018”. Раёну патрэбны кваліфікаваныя кадры, асабліва сельскагаспадарчага профілю, таму пастаўленая на педсавеце задача паляпшэння працоўнага навучання школьнікаў для нас надзвычай актуальная. Радуе, што выпускнікі школ усё часцей абіраюць спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю – сёлета ў адпаведныя ўстановы адукацыі паступіла 37 чалавек.
Старшыня райвыканкама пажадаў педагагічнаму калектыву выхоўваць патрыётаў сваёй зямлі, вучыць іх працаваць, імкнуцца стаць сапраўднымі прафесіяналамі і дастойнымі грамадзя-намі сваёй Айчыны.
З дакладам аб выніках работы сістэмы адукацыі ў мінулым навучальным годзе і задачах на будучы выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С.У. Якаўлева. Работнікі ўстаноў адукацыі падзяліліся вопытам работы і абмеркавалі прыярытэтныя накірункі дзейнасці.
Да канферэнцыі была падрыхтавана выстава работ калектываў устаноў адукацыі, а таксама персанальная выстава настаўніка-метадыста, выкладчыка матэматыкі Боркавіцкай СШ А.М.Лукашонок.
Удзел у рабоце канферэнцыі прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф. Козел і намеснік старшыні райвыканкама Т.В. Севалкіна.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *