У Верхнядзвінскім раёне адбыўся фестываль «Зорны карагод»

Актуально Культура

Пахмурнае надвор’е зусім не сапсавала настрой тым, хто ў нядзелю  прыйшоў у Валынецкі СДК. Адсутнасць сонейка  кампенсавалася выдатным настроем, звонкімі песнямі і цеплынёй ад радасці сустрэчы сяброў. 

Гаспадароў і гасцей свята з юбілейнай сустрэчай віншуе Язэп Дабкевіч.
Гаспадароў і гасцей свята з юбілейнай сустрэчай віншуе Язэп Дабкевіч.

Рэгіянальны фестываль “Збіраем зорны карагод” у дзесяты, юбілейны раз, гасцінна сабраў на адной сцэне творчыя калектывы не толькі нашага раёна, гарадоў Полацка і Наваполацка, але і гасцей з Латвіі і Расіі.
Урачыстасць святу з першых хвілін надалі выступленне ансамбля барабаншчыц дзіцячай школы мастацтваў і песня “Прывітальная” у выкананні квартэта “Ваколіца” Асвейскага ГДК.

Выступленне ансамбля «Сударушка» (Расія).
Выступленне ансамбля «Сударушка» (Расія).

Па добрай традыцыі караваямі сустракалі сяброў з замежжа — Язэпа Дабкевіча, арганізатара па знешніх сувязях Краслаўскай краявой Думы, Марыю Міцкевіча, кіраўніка аддзела адукацыі і культуры Дагдскага краю і Алену Маславу, дырэктара Ідрыцкага Дома культуры, а таксама іх творчыя дэлегацыі.
У тым, што беларусы і творчы, і хлебасольны народ, госці свята ўпэўніліся, наведаўшы прэзентацыю галерэі “ Мы шчаслівыя, калі мы разам”, дзе лепшыя майстры аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах Цэнтра культуры раёна прадставілі свае вырабы і багатыя прысмакамі сталы. Тут былі і кветкі ад клуба кветкаводаў з Росіцы, і вырабы аматарскага аб’яднання “Рукатворныя цуды” Сар’янскага СДК, і разнастайнасць лялек-абярэгаў і вышыванак жаночага клуба па інтарэсах “Кудесница” Валынецкага СДК. Радавалі прыгажосцю гістарычныя і тэкстыльныя лялькі майстра-лялечніка Веранікі Балтрушэвіч, вырабы з лазы Мікалая Баршчова, выставы Дома рамёстваў і клуба “Сучаснік”, ТЦСАН, упрыгожванні з бісеру, зробленыя рукамі ўдзельніц калектыву “LORETA” (Дагдскі край). Паласавацца прысмакамі можна было ў “Чайным дворыку”, а ўдзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Расіца” частавалі ўсіх жадаючых нацыянальнымі беларускімі прысмакамі. Працавала фотаэкспазіцыя “Музыка нас звязала”.
Пад такой назвай праходзіў і сам фестываль. І гэта невыпадкова, бо за час яго існавання ў свята з’явілася шмат сяброў, якіх музыка сабрала ў адзіны дружны зорны карагод. І ўсе дзесяць гадоў на сцэне Валынецкага СДК выступалі толькі зоркі.
Вітаючы гасцей, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел павіншавала ўсіх з юбілейным святам і адзначыла, што добрая традыцыя, закладзеная дзесяць гадоў назад, мае і будзе мець працяг, бо так прыемна сябрам збірацца разам і да новай сустрэчы захоўваць добры настрой ад убачанага і пачутага.
Адкрылі канцэртную праграму гаспадары – вакальны гурт “Спадчына”. Музычную эстафету ад яго пераняў ансамбль народнай песні “Раніца” з г. Наваполацка, які ўпершыню выступаў на валынецкай сцэне, але, несумненна, знайшоў прыхільнікаў сваёй творчасці.
Музычныя нумары дарылі вакальны гурт “Сар’яначка” Сар’янскага СДК, трыа “Крэатыў” і вакальны гурт “Натхненне” Запруддзеўскага СДК, артысты Лілія Бохан і трыа “Magico” Бялькоўшчынскага клуба-бібліятэкі, а таксама вакальны гурт “Гукі сэрца” Антонаўскага СДК.
Яскравым выступленнем упрыгожылі фестываль госці з Расіі — ансамбль народнай песні “Сударушка”, які добра ведаюць і любяць у нашым раёне. Як і артыстаў вакальнага ансамбля “Накцюрн” з Краславы, якія ў знак павагі да беларускага народа і яго культуры выканалі песню на беларускай мове.
Шчырымі апладысментамі сустракалі гледачы народную вакальную групу “Дзвінскія напевы” Бігосаўскага СДК.
Адзіным танцавальным калектывам, які, несумненна, упрыгожыў свята, стаў ансамбль “LORETA” Сварынскага Народнага дома (Латвія). У гэтым годзе ён адзначыць 17 год з дня заснавання. Назва склалася з першых літар імёнаў яго ўдзельніц. Так атрымалася не толькі прыгожае жаночае імя, але і цудоўны калектыў. Па словах кіраўніка Эрны Шляхота, першапачаткова калектыў меў назву “Вечарынка”, аднак з часам змяніліся і назва, і склад удзельнікаў. Кожны танцавальны нумар калектыву “нараджаецца” з песні: на музыку “накладаецца” танец і потым пад кожны падбіраюцца касцюмы.
Завяршыла парад зорак выступленне народнага ансамбля “Сузор’е” з г. Наваполацка, творчасць якога вядома не толькі ў вобласці і рэспубліке, але і на міжнародным узроўні.
Кожны нумар артыстаў, якія выходзілі на сцэну, быў непаўторна яскравым, а песні ішлі ад самага сэрца.
— Час праляцеў так хутка, але ён быў напоўнены святлом, цеплынёй, шчырымі апладысментамі, — адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Т. В. Севалкіна. – І мы ў чарговы раз упэўніліся, што кожны ўдзельнік фестывалю – яркая, непаўторная творчая асоба, і кожны калектыў, які выходзіў на сцэну, унёс непаўторны каларыт у гэта мерапрыемства. Асобыя словы падзякі — нашым замежным сябрам, якія далі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сваіх народаў. Вялікі дзякуй за той святочны настрой, якім вы надзялілі кожнага. Гэта свята – яркі прыклад таго, што для сяброўства творчых калектываў нашых краін межаў не існуе.
Дыпломы за актыўны ўдзел у фестывалі “Збіраем зорны карагод” Таццяна Васільеўна ўручыла ансамблям “Накцюрн”, “Сударушка”, “Раніца”, “Сузор’е”, творчаму калектыву “LORETA”. Падзякі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўручаны кіраўніцтву ААТ “Прудзінкі” і “Антонава-Агра”, Валынецкага сельвыканкама, якія дапамагалі ў арганізацыі свята.
— Музыка – гэта тое, што не патрабуе слоў, што зразумела кожнаму чалавеку, дорыць добры настой і яркія эмоцыі, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. А. Ма-сквічова, уручаючы падзякі Валынецкаму і Шайцераўскаму СДК, творчаму аб’яднанню “Рукатворныя цуды”, дыпломы — вакальным групам “Сар’яначка”, “Спадчына”, “Натхненне”, ансамблю “Гукі сэрца”, аматарскаму аб’яднанню “Кветкаводы”, Росіцкаму і Сакалоўшчынскаму клубам-бібліятэкам, раённаму Дому рамёстваў, ТЦСАН, народнаму аматарскаму аб’яднанню “Сучаснік” .
Фестываль не развітваецца са сваімі гледачамі, абяцаючы новыя непаўторныя музычныя сустрэчы.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *