Ва ўсе часы верхнядзвінскія юнакі годна служылі Радзіме. Многія выбралі ваенную прафесію вызначальнай у асабістым лёсе. Аб тых, хто на тэрміновай службе, у райваенкамат паступаюць толькі станоўчыя водгукі.
У апошні прызыў апранулі вайсковую форму 33 чалавекі, 6 юнакоў залічаны ў рэзерв. Тры з іх маюць вышэйшую адукацыю, тры — сярэднюю спецыяльную.
Служаць нашы землякі ў брыгадзе спецыяльнага прызначэння, часцях Міністэрства Унутраных спраў, у пагранатрадах. Напрыклад, Максім Анкіновіч — воін разведвальнага батальёна, выдатны спарстмен, узорны салдат.
Адметна, што кожны год верхнядзвінцы паступаюць у ваенныя навучальныя ўстановы. Летась слухачамі Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь сталі чацвёра хлопцаў. Сёлета паспрабуюць свае сілы пры паступленні ў Акадэмію Яўген Суднік, які пасля заканчэння васьмі класаў Бігосаўскай сярэдняй школы стаў навучэнцам Віцебскага кадэтскага вучылішча. А Вадзім Кавалёнак, вучань 11 класа СШ № 2 г. Верхнядзвінска, марыць аб факультэце разведкі. Двое юнакоў будуць паступаць на ваенны факультэт БНТУ.
Дарэчы, не будзе лішнім напомніць выпускнікам сярэдніх школ, што курсанты (слухачы) атрымліваюць да 833 тысяч рублёў стыпендыі і, акрамя таго, знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні: інтэрнат, абмундзіраванне, харчаванне.