Тэма тыдня

Тема недели

тема недели

Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15-16 мая знаходзіўся з афіцыйным візітам у Таджыкістане. У ходзе візіту адбыліся перагаворы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Прэзідэнты прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця нацыянальнай выстаўкі Беларусі ў Таджыкістане і шэрагу іншых мерапрыемстваў.

Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

«Дзякую вам за запрашэнне прыехаць у гэты цудоўны горад, у гэту працавітую краіну, да гэтага цудоўнага народа. Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём Таджыкістана. Мяне асабліва радуюць тэмпы, з якімі развіваецца краіна. Я заўсёды з задавальненнем адзначаю, што па тэмпах развіцця вы пераўзыходзіце Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта здорава. Мы бачым простым вокам, як мяняецца сталіца. Нават прыляцеўшы ноччу, я гэта заўважыў. І сёння яшчэ раз пераканаўся ў тым, што вы на правільным шляху. І, паверце, мы за вас вельмі рады», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю задумы па правядзенні ў Душанбэ бізнес-форуму з удзелам не толькі дзелавых колаў Беларусі і Таджыкістана, але і прадстаўнікоў іншых краін рэгіёна. «Мы суседзяў падцягнем у Таджыкістан і пакажам нашы магчымасці. Разам з вамі будзем далей рухацца ў іншыя краіны, развіваючы гандлёва-эканамічныя адносіны», — заявіў ён.

У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца адным з ключавых партнёраў Таджыкістана. «Мы надаём вялікае значэнне вашаму афіцыйнаму візіту. Упэўнены, што яго вынікі дадуць новы імпульс нашым адносінам цеснай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — дадаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Адносіны – на ўзровень стратэгічнага партнёрства

«Нашы краіны звязваюць дружалюбныя, блізкія адносіны, падмацаваныя ўзаемным даверам і павагай. Сёння мы абмяркоўвалі праблему двухбаковых адносін і дамовіліся з Эмамалі Шарыпавічам — ён прапанаваў — выйсці на ўзровень стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі. Думаю, гэта будзе добрая аснова для развіцця нашых адносін па ўсіх напрамках, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў цудоўную магчымасць дэталёва абмеркаваць напрамкі беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва. Ён таксама звярнуў увагу на захаванне пазітыўных тэндэнцый па павелічэнні двухбаковага тавараабароту ў гэтым годзе.

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на працягу рабочага тыдня ў Таджыкістане адбудзецца шэраг буйных мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі. Сярод іх — нацыянальная выстаўка і другі Міжнародны бізнес-форум «Беларусь — Таджыкістан — Афганістан».

«Мы гатовы сур’ёзна працаваць у Таджыкістане, ствараць з вамі сумесныя вытворчасці на ўвесь рэгіён. Мы яшчэ шмат знойдзем напрамкаў для нашага супрацоўніцтва. Галоўнае, што ў нас ёсць давер адзін да аднаго. І гэта тая аснова, на якой мы можам будаваць адносіны», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Беларусь і Таджыкістан падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2019-2020 гады

Беларусь і Таджыкістан падпісалі дарожную карту двухбаковага супрацоўніцтва на 2019-2020 гады.

Дакумент вызначае параметры беларуска-таджыкскага ўзаемадзеяння ў ключавых сферах на бліжэйшую перспектыву. Яго падпісалі сустаршыні міжурадавай камісіі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц і міністр сельскай гаспадаркі Таджыкістана Ізатула Саторы.

Акрамя таго, у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў у Душанбэ падпісаны план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на 2019-2020 гады.

Заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Камітэтам дзяржкантролю Беларусі і Падліковай палатай Таджыкістана.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падпісала пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве з Акадэміяй навук Таджыкістана.

Пагадненні аб супрацоўніцтве ў судова-экспертнай дзейнасці заключаны Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз Беларусі з Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам юстыцыі Таджыкістана. ДКСЭ таксама падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы судовай медыцыны з Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана.

Прыняты комплексны план мерапрыемстваў на 2018-2020 гады па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж МНС Беларусі і Камітэтам па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароне пры ўрадзе Таджыкістана.

Заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам прамысловасці і новых тэхналогій Таджыкістана.

Мінадукацыі Беларусі заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы дашкольнай адукацыі з Міністэрствам адукацыі і навукі Таджыкістана. Таксама падпісана пагадненне паміж Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Таджыкскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам аб акадэмічным і навуковым супрацоўніцтве.

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана.

Заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі і Дзяржаўны камітэт па зямельным кіраванні і геадэзіі Таджыкістана.

Прыняты план мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Выканаўчым органам дзяржаўнай улады горада Душанбэ.

Ад палітыкі і эканомікі да барацьбы з тэрарызмам

Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон па выніках афіцыйных перагавораў у Душанбэ прынялі сумесную заяву.

У дакуменце адзначаецца, што перагаворы прайшлі ў традыцыйна дружалюбнай, давернай і канструктыўнай атмасферы. Бакі пацвердзілі гатоўнасць да ўмацавання палітычнага дыялогу, намецілі шляхі далейшага развіцця беларуска-таджыкскіх адносін і ўзаемадзеяння па важнейшых пытаннях міжнароднага парадку дня.

Вялікая ўвага ў сумеснай заяве ўдзяляецца тэматыцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнты падкрэслілі прыярытэтнае значэнне ўзаемадзеяння ў гэтай сферы і выказалі імкненне да яго пашырэння з улікам інтарэсаў бакоў.

Абазначана ўзаемная зацікаўленасць у павелічэнні аб’ёмаў двухбаковага гандлю, развіцці доўгатэрміновых форм эканамічнага супрацоўніцтва, паглыбленні інвестыцыйнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Таджыкістанам.

Бакі таксама дамовіліся падтрымліваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні сумесных вытворчасцей, прадаўжаць удасканальваць умовы для работы беларускіх і таджыкскіх інвестараў, прымаць практычныя меры па рэалізацыі праектаў у горна-металургічнай і будаўнічай галінах, у лёгкай і харчовай прамысловасці, у сферах сельскагаспадарчай кааперацыі і лагістыкі. Выказана ўзаемная зацікаўленасць у пашырэнні ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі як эфектыўнай формы ўмацавання ўзаемаадносін, у стварэнні неабходных умоў для развіцця прамых сувязей паміж суб’ектамі гаспадарання.

Пацверджана таксама зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, навукі і тэхнікі, культуры і мастацтва, аховы здароўя, спорту і турызму.

У сумеснай заяве таксама гаворыцца аб узаемадзеянні на міжнародных пляцоўках, падкрэслена ўзаемнае імкненне да садзейнічання ўмацаванню міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіянальным і міжнародным маштабах. Адзначана рашучасць умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, незаконным гандлем зброяй.

Беларусь гатова да актыўнай работы з Таджыкістанам па ўсіх напрамках

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

«Мы гатовы да самай актыўнай работы па ўсіх без выключэння напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, на карысць нашых працавітых і дружалюбных народаў Беларусі і Таджыкістана», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Гэта сустрэча яшчэ раз пацвердзіла даўно замацаваны дружалюбны статус нашых адносін, заснаваных на прынцыпах павагі і даверу. Мы маем намер і ў далейшым падтрымліваць дыялог на самым высокім узроўні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, на перагаворах былі дэталёва разгледжаны пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначаны добрыя перспектывы для нарошчвання прамысловай кааперацыі і ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што гандаль з Таджыкістанам дынамічна развіваецца. У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся больш як у два разы і прадаўжае расці. У спісе беларускага экспарту — трактары, спецыялізаваная аўтамабільная тэхніка, прадукты харчавання. «Нашы гіганты — БелАЗ, МАЗ, «Гомсельмаш» — прадстаўлены ў вашай краіне сеткай таваравытворчых філіялаў. З мінулага года тут працуе першая зборачная вытворчасць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Мяркую, што гэты праект стане зыходнай кропкай для выбудоўвання доўгатэрміновых кааперацыйных сувязей у розных сферах — прамысловасці, АПК, фармацэўтыцы і іншых. Менавіта сумесная вытворчасць якасных канкурэнтаздольных тавараў зробіць эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана эфектыўным і ўзаемавыгадным», — упэўнены Прэзідэнт.

 Беларусь была і застаецца важным партнёрам для Таджыкістана

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Для Таджыкістана Беларусь была і застаецца важным партнёрам у сістэме міжнародных адносін. Адносіны дзвюх краін развіваюцца па нарастаючай», — сказаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Паводле яго слоў, асаблівы акцэнт у ходзе перагавораў быў зроблены на пытаннях развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Размова ішла аб павелічэнні аб’ёмаў і дыверсіфікацыі структуры двухбаковага тавараабароту. «Тэндэнцыя яго росту за апошнія гады сведчыць аб вялікім патэнцыяле нашых краін», — адзначыў Эмамалі Рахмон.

«Мы дамовіліся ўсямерна падтрымліваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні эфектыўных сумесных вытворчасцей, у тым ліку ў нашых свабодных эканамічных зонах, прадоўжыць работу па фарміраванні спрыяльных умоў для работы таджыкскіх і беларускіх інвестараў. Развіццё прамысловай кааперацыі паміж Таджыкістанам і Беларуссю адпавядае інтарэсам бакоў і з’яўляецца фактарам напаўнення нашых эканамічных адносін практычным зместам», — сказаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Шырокія магчымасці для вытворчай кааперацыі ёсць у сферы АПК, лесапапяровай і нафтахімічнай прамысловасці, а таксама ў шэрагу іншых сфер. «У гэтым кантэксце АПК, галіны машынабудавання, вытворчасці лекавых прэпаратаў, лёгкай і харчовай прамысловасці былі вызначаны намі як перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва», — заявіў Эмамалі Рахмон.

Нацыянальная выстава Беларусі адкрылася ў сталіцы Таджыкістана

Чырвоную стужку на ўваходзе ў экспазіцыю ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон.

Выстаўка ў Таджыкістане — адна з самых вялікіх нацыянальных экспазіцый Беларусі за апошнія гады.

Першапачаткова меркавалася, што Нацыянальная выстаўка Беларусі ў Таджыкістане прадоўжыцца па 17 мая, аднак у самым пачатку агляду экспазіцыі Эмамалі Рахмон выказаў меркаванне, што тры дні — вельмі кароткі перыяд для таго, каб усе жадаючыя маглі паўнацэнна азнаёміцца з магчымасцямі супрацоўніцтва з Беларуссю і прапанаваным асартыментам прадукцыі. Кіраўнік беларускай дзяржавы пагадзіўся з гэтым. У выніку было дадзена даручэнне, каб замест першапачатковых трох дзён выстаўка працавала на працягу тыдня.

Прэзідэнты падрабязна азнаёміліся з экспазіцыяй, падоўгу затрымліваючыся каля некаторых стэндаў і абмяркоўваючы канкрэтныя напрамкі і магчымыя праекты па развіцці супрацоўніцтва ў тых ці іншых сферах. Вялікую цікавасць у Эмамалі Рахмона выклікала прадукцыя беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі перспектывы далейшага прасоўвання на рынак Таджыкістана прадукцыі ААТ «БелАЗ». Пры гэтым у працэсе агляду экспазіцыі не раз узнікала тэма стварэння сумесных прадпрыемстваў. Напрыклад, Прэзідэнт Таджыкістана прапанаваў вывучыць пытанне аб адкрыцці зборачнай вытворчасці беларускага ліфтавага абсталявання, у сферы вытворчасці прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў. Цікавасць таксама выклікала сучасная камунальная тэхніка.

Агульная плошча выстаўкі — 2 тыс. 233 кв.м, у тым ліку ў павільёне — 953 кв.м, на адкрытай пляцоўцы 1 тыс. 280 кв.м. Удзел у ёй прымаюць 147 арганізацый, уключаючы рэспубліканскія органы дзяржкіравання і іншыя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду.

Лукашэнка і Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі ў Таджыкістане

Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі, якая размешчана ў горадзе Гісары.

Кіраўнікі дзяржаў з гэтай нагоды адкрылі памятны знак на тэрыторыі прадпрыемства, азнаёміліся з вытворчасцю, абмеркавалі перспектывы яе развіцця, сустрэліся з работнікамі.

Размова таксама ішла аб практычнай падрыхтоўцы таджыкскіх спецыялістаў на канвеернай вытворчасці ў Беларусі. «Гэта (вытворчасць. — Заўвага БЕЛТА) — пачатак. І адсюль павінны пайсці інжынеры для Таджыкістана», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама адзначыў магчымасці выкарыстання тэхнікі МТЗ для патрэб камунальнай гарадской гаспадаркі і даручыў даставіць у Таджыкістан узоры адпаведнага навяснога абсталявання.

Як паведаміў журналістам дырэктар АТЗТ «Агратэхсэрвіс» Джалалідзін Нураліеў, беларуская сельгастэхніка запатрабавана ў Таджыкістане, паколькі яе парк вельмі зношаны. «Сёння ёсць няхватка амаль 10 тыс. толькі па трактарах. Таму мы вырашылі адкрываць зборку тут. Гэта таксама ў святле праграмы па стварэнні рабочых месц, ператварэнні рэспублікі з аграрнай у аграрна-індустрыяльную», — адзначыў ён.

На базе зборачнай вытворчасці пачата рэалізацыя праекта па стварэнні вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы тэхнічных спецыялістаў сярэдняга звяна па абслугоўванні і эксплуатацыі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Вядуцца перагаворы па задзейнічанні ў адукацыйных праграмах вучэбнага цэнтра выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *