У Верхнядзвінску знойдзены рэдкія артэфакты

Актуально Наш край

Падрыхтоўка да абласных “Дажынак” у Верхнядзвінску адметная не толькі маштабнымі праектамі  па добраўпарадкаванні. Набываючы новы воблік, горад аддае сваім гаспадарам прадметы даўніны. Падчас будаўнічых работ тут знойдзены артэфакты XII—XІX стагоддзяў.

IMG_2263 копия

Апошнія раскопкі ў Верхнядзвінску вяліся каля 30 гадоў назад. Але рабілася гэта выбарачна, на той час не было такой шырокай магчымасці паглыбіцца ў таямніцы зямлі. Сёлета, з масавым разгортваннем будаўнічых работ і выкарыстаннем сучаснай тэхнікі, у навукоўцаў з’явіўся рэдкі шанц правесці плённыя раскопкі і зазірнуць у мінулае роднага краю. Археалагічны нагляд за работамі ажыццяўляе Акадэмія навук Рэспублікі Беларусь на чале з адным з вядучых археолагаў краіны Маратам Васільевічам Клімавым. З красавіка літаральна “дзяжураць” на аб’ектах супрацоўнікі раённага музея. Намаганні навукоўцаў не былі дарэмнымі – удалося ажыццявіць знаходкі, якія дазволяць па-новаму асэнсаваць гісторыю нашага горада. Падрабязней расказаць аб гэтым мы папрасілі супрацоўніка раённага музея Юрыя КАРАСЁВА.
— Паколькі выемка грунта вялася на значную глыбіню, нам пашчасціла дабрацца да мацерыковай абалонкі зямлі, што дае магымасць даследаваць увесь яе культурны слой. Хаця ў выніку раскопак ён змяшаўся, па знойдзеных артэфактах можна меркаваць аб тым, што людзі жылі ў гэтых мясцінах значна раней летапіснай даты заснавання горада ў 1386 годзе. Аб гэтым гаворыць, напрыклад, дэкаратыўная накладка ад каліты з шумячымі прывескамі — бубенчыкамі, датуемая ХІІ стагоддзем, або фрагмент меднага браслета са змеявідным аканечнікам, які адносяць да ХІІ-ХІІІ стагоддзяў.
Увогуле ж, знойдзена вялікая колькасць прадметаў быту і ўпрыгожвання нашых продкаў розных перыядаў. Гэта пярсцёнак з кружочкамі і пярсцёнак з рунамі (магічнымі сімваламі), якія выкарыстоўвалі ў ХІІІ-ХІV стагоддзях, многа сярэднявечных манет, керамічных вырабаў.
Найбольшую колькасць артэфактаў удалося знайсці падчас рыцця катлавану пад фундамент новага дома, а таксама пры пракладцы траншэй на плошчы Юбілейнай. Відавочна, што стары горад канцэнтраваўся ў гэтым месцы, таму і прадметы ўжытку сустракаюцца тут найбольш часта. Будаўнікі вядуць работы асцярожна – яны папярэджаны аб магчымым з’яўленні каштоўных артэфактаў. Такім чынам яны “зачапілі” смеццевую яму ХІV стагоддзя, дзе і знойдзена пераважная частка старажытных рэчаў, у тым ліку біты керамічны посуд і манеты.
Асаблівую археалагічную каштоўнасць уяўляюць сабой фрагменты глінянай патэльні, якія адносяцца да ХVІ стагоддзя – на Віцебшчыне гэта толькі другі экспанат такога роду. Спецыялісты годна ацанілі таксама добра захаваны свяцец, у які продкі ўстаўлялі лучыны для асвятлення памяшканняў. Каштоўная музейная рэч зроблена з чорнага металу, які звычайна падлеглы карозіі, але ў нашым выпадку быццам “закансерваваўся” у слоі і ўзняты на паверхню ў непашкоджаным выглядзе.
Знойдзена нямала прадметаў больш позніх перыядаў: медыцынскія бутэлечкі, таварныя пломбы, посуд, па стылю і характэрных асаблівасцях якога навукоўцамі будуць устаноўлены дакладны час і месца яго вырабу.
У Верхнядзвінску гэта не першы выпадак знаходкі археалагічных каштоўнасцяў — гады тры назад у ваколіцах горада ўзнялі з зямлі кашэль з дырхемамі Х стагоддзя. А ў 2010 годзе быў знойдзены клад – сумка з аўчыны са срэбнымі манетамі часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Багацце таямніц, якія захоўвае ў сабе наша зямля, прымушае навукоўцаў да больш настойлівай і паслядоўнай працы – патрэбны планавыя раскопкі, калі слой здымаецца акуратна, па 3-4 сантыметры, з далейшым паглыбленнем. Такія работы сумесна з Акадэміяй навук плануецца пачаць ужо ў ліпені на ўчастку неапрацаванай зямлі на беразе Заходняй Дзвіны — у рысе старога горада.
Цяперашнія і будучыя знаходкі пасля вывучэння спецыялістамі і складання археалагічнай справаздачы будуць знаходзіцца ў мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі.
Запісала
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *