У Верхнядзвінскім раёне адзначылі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 74-ю гадавіну вызвалення роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Па традыцыі галоўнае свята нашай дзяржаўнасці праходзіць на Верхнядзвіншчыне ў асобым фармаце: у беларускім памежжы, дзе барацьба за свабоду Бацькаўшчыны заўсёды мела надзвычайную моц, святочныя дні насычаны мерапрыемствамі памяці. Яны пачаліся яшчэ ў нядзелю традыцыйнай сустрэчай ветэранаў, моладзі, жыхароў прыгранічных рэгіёнаў на Кургане Дружбы. На стыку трох рэспублік сабраліся прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Латвіі, каб нагадаць веліч сумеснай барацьбы з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанаваць памяць загінуўшых за свабоду Радзімы, засведчыць вернасць ідэалам міру і добрасуседства. Дэлегацыю беларускага боку ўзначальваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, расійскага – часова выконваючы абавязкі губернатара Пскоўскай вобласці Міхаіл Вядзернікаў, латвійскага – дэпутат сейма Латвіі Артур Рубікс. Удзельнікі сустрэчы ўсклалі вянкі да помнікаў героям партызанскага руху, правялі мітынг памяці і наведалі мерапрыемствы, падрыхтаваныя да свята.
Увечары 2 ліпеня ў Верхнядзвінску адбыў-ся ўрачысты мітынг “Спыніся ля абеліску”, удзел у якім прынялі старшыня райвыканкама І.І. Марковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф. Козел, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны У.У. Дашчонак і П.Я. Баярын, прадстаўнікі райвыканкама, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, жыхары і госці раёна. Урачыстасць суправаджалася выступленнем раённага духавога аркестра, нататкамі з храналогіі аб вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, літара-турна-музычнай кампазіцыяй. Удзельнікі мітынга ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў мінутай маўчання і правялі акцыю “Запалі свечку памяці”, падчас якой да абеліскаў былі прынесены кветкі і знічкі з палаючымі агеньчыкамі.
С. АЛЯКСАНДРАВА.
Урачыстасці працягваліся 3 ліпеня ў гарадскім парку, дзе верхнядзвінцам і гасцям раёна была прапанавана вялікая святочная праграма.
Верхнядзвінскі народны цэнтр культуры і народнай творчасці падарыў землякам і гасцям святочны канцэрт з удзелам салістаў і калектываў аматарскай творчасці. Апладысментамі сустракалі землякі народны клуб “Ветэран”, народны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Ярыца” і народны ансамбль народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі”, якія, як заўсёды, “запалілі” аўдыторыю. Святочны рытм задавалі выступленні ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Лялькі”, эстраднай групы “Праект”. Добры настрой гледачоў падтрымалі салісты хора “Надзея”.
Працавалі розныя пляцоўкі па інтарэсах. Асабліва зацікавілі фотавыстава раённай бібліятэкі “Роднага горада рысы” і экспазіцыя раённага музея “Цуды Верхнядзвіншчыны”, дзе былі прадстаўлены фотаздымкі горада ад даўніх часоў да сучаснасці і экспанаты XIII – XX ст. Працавалі выставы творчых работ устаноў адукацыі і раённага цэнтра дзяцей і моладзі “Шчаслівае дзяцінства”, дзіцячай школы мастацтваў “Пісьмо салдата”. Самабытнасцю пакарыла выстава майстроў народнай творчасці “Край родны, назаўжды любімы”.
Папулярнасцю карысталіся пляцоўкі, дзе праводзіліся акцыі РАНС, па зборы адпрацаваных батарэек, “Кірмаш дабра” ТЦСАН, “Дзень энергіі”, “Астравок здароўя” ЦРБ. Працавалі атракцыёны, гандлёвыя палаткі райспажыўтаварыства, выставы-продажы прадпрыемстваў горада і раёна, было наладжана катанне на конях.
Адбыліся спаборніцтвы па пляжным валейболе і тэнісе як сярод дзяцей і моладзі, так і ўзроставых каманд. Самымі відовішчнымі атрымаліся спаборніцтвы па рускім жыме, дзе асілкі дэманстравалі сваю моц у жыме штангі вагой 70 кілаграмаў. Усе прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
У гарадскім парку не было такога чалавека, які б не адчуваў сваё дачыненне да вялікага свята. І, працягваючы традыцыю, прысутныя выканалі галоўную песню нашай краіны – Гімн Рэспублікі Беларуь.
А завяршыла святкаванне танцавальна-гульнёвая праграма для дзяцей “Міні-дыска” і дыскатэка для моладзі “Танцуй, Верхнядзвінск!”
Ксенія КАВАЛЁНАК.