Медыкі Верхнядзвіншчыны лечаць «кветкатэрапіяй»

Актуально

Конкурс кветак і кампазіцый у чарговы раз адбыўся ў цэнтральнай раённай бальніцы.

IMG_6127

Такая цудоўная традыцыя прыйшлася даспадобы медыцынскім работнікам. Нягледзячы на паўсядзённыя клопаты, яны кожную восень з задавальненнем здзіўляюць цудоўнымі кампазіцыямі. Сёлета творчыя працы былі прыўрочаны да Года малой радзімы. Тэма натхніла канкурсантаў на ўвасабленне ў жыццё сапраўды арыгінальных ідэй.

IMG_6129
Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі аддзяленні ЦРБ, а таксама ўстановы аховы здароўя раёна.
Разнастайная гародніна і садавіна, кветкі з уласных палісаднікаў, прадметы побыту нашых продкаў і шмат чаго іншага з дапамогай багатай фантазіі і ўмелых рук перетварыліся ў творчыя шэдэўры.

IMG_6139
Агурковыя змеі – ад шайцераўскіх медыкаў, чароўныя букеты з дзіўнымі назвамі – вынік працы бігосаўцаў.
Цэлы мікрараён з будынкамі з кабачкоў, бульбы, дэталямі дзіцячага канструктара і мноства кветак прадставіла дзіцячае аддзяленне, даўшы назву сваёй кампазіцыі “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”. А побач – “Лета збіраецца ў дарогу”: у чамадане сабрана самае неабходнае – садавіна, гародніна і кветкі.
Сумесную працу – духмяныя букеты ў вазах – паказалі прыёмны пакой і служба хуткай дапамогі. Кампазіцыі з кветак мелі музычныя назвы “Цвет настроения – синий”, “Салют кветак”.

IMG_6149
Хірургічнае аддзяленне прад-ставіла свае букеты – “Акварэль”, “Асеннюю фантазію”, “Фламінга”, “Таму што гладыёлус!”. Яны збіраліся з астраў, вяргіняў, бархатцаў, львінага зеву і іншай прыгажосці. Дробныя белыя кветачкі натхнілі аўтараў на стварэнне “Млечнага шляху”. А паколькі здароўе для медыкаў знаходзіцца на першым месцы, адну кампазіцыю зрабілі з прафілактычнай мэтай – заклікам да барацьбы з курэннем.
Прыгажосць сваёй малой радзімы ўвасобілі ў цікавую кампазіцыю работнікі Асвейскай бальніцы. Цудоўнае возера з востравам – як сапраўднае! А побач букеты “Ранішні туман”, “Галубіная пошта”.
“Трэба дома бываць часцей” – з такім заклікам стварылі кампазіцыю супрацоўнікі рэанімацыйнага аддзялення. Драўляны прас, саматканыя дарожкі, гліняны збан – самабытная даўніна арганічна ўпісалася ў сучаснасць і адпавядала тэме конкурсу.
Духмяны каравай на рушніку — як сімвал радзімы, а яшчэ жаночае шчасце – куды ж без яго?! Аб гэтым кампазіцыяй “Мая малая Радзіма Беларусь, дзе жыве жаночае шчасце” расказвалі супрацоўнікі дзіцячай кансультацыі. Дарэчы, гатунак памідораў, якія тут былі выстаўлены, так і называўся “Жаночае шчасце”.
Вынікі сваёй творчай працы прадставілі таксама акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне і тэра-пеўтычнае.
“Фарбы восені”, “ Лета восень сустрэла” – для сваіх кампазіцый работнікі Боркавіцкай УБ выбралі насычанага колеру пунсовыя астры ў чорнай вазе і смачную садавіну.
Прадметы побыту – калаўрот, ночвы, рушнікі, пралкі, палявыя кветкі і чарот – сабралі ў кампазіцыю “Мне засталася спадчына”работнікі паліклінікі.
Валынецкая бальніца сястрынскага догляду прадставіла на суд журы букет і “Пано “Дажынкі-2018” з кветкамі і хлебным калоссем як напамін, што восень пройдзе пад знакам святочнай падзеі для нашага раёна.
Лепшым сярод букетаў прызнаны твор Асвейскай бальніцы, на другім месцы – боркавіцкія медыкі, трэцяе – за калектыўнай працай работнікаў хуткай дапамогі і прыёмнага пакою ЦРБ.
У намінацыі “Кампазіцыя” першае месца падзялілі паліклініка і педыятрычнае аддзяленне. На другім месцы – творчая праца работнікаў Асвейскай бальніцы. Трэцяе прысуджана супрацоўнікам рэанімацыі і Боркавіцкай участковай бальніцы.
Творчыя перамогі дапоўняцца таксама грашовымі ўзнагародамі.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *