Вясной традыцыйна актывізуюцца работы па навядзенні парадку на зямлі.
Сёлета асаблівая ўвага нададзена ўпарадкаванню прыгранічнай тэрыторыі раёна ў латвійскім напрамку. У нядзелю ў райвыканкаме адбылася рабочая нарада старшыні райвыканкама І. І. Марковіча з кіраўнікамі працоўных калектываў, на якой пастаўлены канкрэтныя задачы па ўпарадкаванні прыгранічных земляў і населеных пунктаў.
Адзначана, што аб’ём работ вялікі: у кароткі тэрмін трэба асвоіць 75 млрд рублёў на завяршэнне рэканструкцыі пункта пропуску «Грыгароўшчына», ажыццявіць інвестыцыйны праект па будаўніцтву мытнага тэрмінала, увесці ў строй аб’екты прыдарожнага сервісу, абсталяваць прыгранічныя дарогі рэкламнымі банерамі і, зразумела, прывесці ў парадак навакольныя вытворчыя збудаванні, населеныя пункты, помнікі, дарогі з абочынамі, палі, лясныя ўгоддзі, водазаборныя і іншыя аб’екты.
Дарожныя арганізацыі, меліярацыйныя і будаўнічыя службы, сельскія гаспадаркі і іншыя суб’екты гаспадарання атрымалі заданні па добраўпарадкаванні памежнай тэрыторыі. Кіраўнік раёна адзначыў, што выканаць іх трэба ў бліжэйшыя тыдні — да 1 красавіка. Пакуль не пачаліся актыўныя работы на пасяўным полі, ёсць магчымасць папрацаваць на імідж свайго раёна і ўсёй краіны. Бо менавіта першыя ўражанні замежных гасцей аб беларускай зямлі спрыяюць яе інвестыцыйнай прыцягальнасці.
С. АЛЯКСАНДРАВА.