Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе будаўніцтва, якое адносіцца да ліку ключавых галін і шмат у чым вызначае стан эканомікі, на дасягненне дадатнай дынамікі. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі.
Адкрываючы мерапрыемства, Прэзідэнт адзначыў, што гэту нараду з вертыкаллю ўлады можна назваць традыцыйнай і такія мерапрыемствы будуць і ў далейшым праводзіцца рэгулярна, прыкладна адзін раз у паўгода. «Гэта своеасаблівыя «пленумы ЦК», — параўнаў кіраўнік дзяржавы. — Ад гэтай формы масавага і калектыўнага мазгавога штурму тых ці іншых пытанняў органамі ўлады адыходзіць не трэба. Трэба пераймаць усё, што было лепшае ў нашай гісторыі».
«Сёння вельмі важна, каб мы на гэтым этапе, збіраючы такія нарады, бачылі ад іх карысць. Гэта нарада нацэлена перш за ўсё на тое, каб атрымаць вынік. Гэта больш за ўсё мяне непакоіла ў плане яе падрыхтоўкі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт сарыентаваў удзельнікаў нарады менавіта на абмеркаванне і вырашэнне праблемных пытанняў у будаўнічым комплексе праз пяць гадоў, як у гэтай сферы была прынята новая нарматыўна-прававая база. «Мы тады вывучылі вопыт работы Беларусі, скаргі і прапановы грамадзян Беларусі, выявілі ўсе недахопы, якія ў нас здараліся або працвіталі ў асобных месцах у будаўнічым комплексе, і паспрабавалі стварыць адзіную і канчатковую нарматыўна-прававую базу, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Каб раз і назаўсёды выкараніць бюракратыю ў гэтым плане. Каб і грамадзянін, і юрыдычная асоба, і забудоўшчык, і падрадчык, і іншыя праектанты маглі ўбачыць свае правы і абавязкі і дзейнічаць у гэтым напрамку».
Пра мэты семінара-нарады і недапушчальнасць карупцыі
Гаворачы пра работу семінара-нарады, ён яшчэ раз падкрэсліў, што ён праводзіцца не для птушкі, а для канкрэтнага выніку. Для гэтага неабходна адказаць на шэраг вельмі важных пытанняў. У ліку найбольш важных пытанняў ён назваў цану, якасць і тэрміны будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пытанне якасці будаўніцтва не столькі ў так званай кадравай праблеме, а часта менавіта ў няўменні кіраўнікоў кіраваць сваімі арганізацыямі. «Работа кіраўніка вельмі дрэнная. Я ўжо не гавару пра эфектыўнасць таго ці іншага прадпрыемства», — даў ацэнку Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў растлумачыць, чаму зноў з’яўляюцца дамы, будаўніцтва якіх не завяршаецца ў тэрмін. Ён папракнуў чыноўнікаў, што яны нават да гэтай нарады не прынялі дзейсных мер для завяршэння будаўніцтва такіх аб’ектаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў першую чаргу трэба вырашаць зямныя пытанні, якія хвалююць людзей. Ён таксама расказаў аб адным з абуральных фактаў, пра які яму нядаўна далажылі. Размова ішла аб будаўніцтве ў Мінску кватэр па прымальных цэнах, якімі ў далейшым павінны былі распараджацца гарадскія ўлады: або прадаваць па рыначным кошце, або прадастаўляць жыллё малазабяспечаным і шматдзетным.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён тады прыняў рашэнне аб будаўніцтве па такой схеме. А нядаўна кіраўніку дзяржавы далажылі, што больш за 60 такіх кватэр, пабудаваных па цане, эквівалентнай $650, купілі нейкія дзялкі для далейшага перапродажу па рыначнай цане. «54 або 56 паспелі прадаць кватэр. А дзе старшыня гарвыканкама? Па-мойму, у Цэнтральным раёне гэта было. А дзе кіраўнікі гэтага раёна? Учора мной было прынята рашэнне: усіх да аднаго ў следчы ізалятар, надзець наручнікі, разабрацца з усімі і вярнуць грошы народу», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць змякчэння адказнасці за карупцыйныя злачынствы. «Мы давядзём да кожнага на месцах патрабаванні Прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй і іншымі правапарушэннямі. А потым ад мяне дабра не шукайце», — папярэдзіў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ўбачыў пралаз, калі карупцыянераў за хабары і іншыя правапарушэнні пазбаўляюць волі, а потым, праз некаторы час, выпускаюць на волю за добрыя паводзіны. «Гэтага больш не будзе», — сказаў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наконт гэтага ўжо дадзены ўказанні: «За карупцыю толькі дабаўляць будзем. Трапілі ў турму на 20 гадоў — яшчэ 10 дабавім. Думайце, як жыць далей».
Пра будаўніцтва жылля
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пытанне заўсёды было важнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў галіне. Аднак з 2014 года аб’ёмы будаўніцтва пастаянна зніжаюцца — з амаль 7 млн кв.м у 2010 годзе да амаль 4 млн кв.м у 2017-м.
«І калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся і колькасць усіх маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў штогод зніжаецца, то чарга шматдзетных сем’яў бесперапынна расце, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Радавацца трэба было б, таму што вырашаем самую галоўную дэмаграфічную задачу. А мы людзям не можам на працягу года, як было прынята рашэнне, выдаць жыллё».
За два апошнія гады іх колькасць павялічылася на 8,5 тыс. Пры гэтым паўсюдна не выконваецца даручэнне аб накіраванні шматдзетных сем’яў на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года. На пачатак 2018 года з 34 тыс. такіх сем’яў не накіраваны на будаўніцтва 25 тыс., амаль 7 тыс. чакаюць у чарзе больш як тры гады.
Аляксандр Лукашэнка назваў такую сітуацыю недапушчальнай і паставіў задачу ўраду сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам павялічыць аб’ёмы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі маючых патрэбу: «Разам з банкамі вызначыце неабходныя крыніцы фінансавання, за два наступныя гады ліквідуйце ўтвораную чаргу і выйдзіце на забеспячэнне шматдзетных сем’яў жыллём на працягу аднаго года, як гэта прадугледжана ўказам нумар 13».
Кіраўнік дзяржавы таксама занепакоены наяўнасцю звышнарматыўных жылых дамоў. Цяпер такіх дамоў у краіне 35. «Гэта, вядома, не 380 дамоў, як у 2013 годзе, але і іх быць не павінна. За кожным з іх стаяць нашы суграмадзяне. Ад усіх губернатараў і старшыні Мінскага гарвыканкама патрабую: кожны такі дом узяць пад асабісты кантроль і завяршыць будаўніцтва. Апошні тэрмін — першая палова 2019 года», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт даручыў Камітэту дзяржкантролю і Генпракуратуры прааналізаваць сітуацыю ў гэтым пытанні і прыняць неабходныя меры.
Важнейшым пытаннем Прэзідэнт назваў кошт узводзімага жылля. «Задачай урада застаецца захаванне формулы «адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэднямесячную заработную плату». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў усіх, што дасягненне ўзроўню заработнай платы ў памеры Br1 тыс. не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж.
Прэзідэнт адзначыў і марудныя тэмпы развіцця рынку арэнднага жылля. За шэсць гадоў яго ўведзена толькі 745 тыс. кв.м, што складае два з паловай працэнты ад агульнага аб’ёму. Для прыкладу, у Германіі гэта 58 працэнтаў, а ў Швейцарыі — 71 працэнт. «Як паказвае практыка, у нас яно вельмі запатрабавана. Толькі ў Мінску на адну такую кватэру 150 і больш жадаючых. Развіццё рынку арэнднага жылля неабходна і для вырашэння пытанняў працоўнай міграцыі», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт даручыў ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму перагледзець праграмы жыллёвага будаўніцтва, максімальна павялічыўшы долю арэнднага жылля з прыцягненнем фінансаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Пра планаванне тэрыторый
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка акцэнтуе ўвагу на неабходнасці лепшага планавання тэрыторый, каб малыя населеныя пункты былі прывабныя для жыцця людзей.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нізкая прывабнасць малых населеных пунктаў абумоўлена неразвітасцю ў іх інфраструктуры, адсутнасцю камфортнага асяроддзя для жыцця. «Патрабую ад урада неадкладна пачаць выкананне прынятых рашэнняў па развіцці гарадоў-спадарожнікаў з павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва жылля. Акрамя таго, там адначасова трэба ствараць адпаведную інжынерна-транспартную і сацыяльную інфраструктуру», — запатрабаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на такія буйныя гарады, як Баранавічы, Бабруйск, Маладзечна, Орша, якія таксама павінны стаць месцам прыцягнення людзей. «У іх трэба развіваць не толькі вытворчасці з добрааплатнымі рабочымі месцамі, але і камфортнае асяроддзе для жыцця людзей. Не трэба там будаваць 25-павярховыя будынкі. Трэба ствараць раёны малапавярховай забудовы», — лічыць Прэзідэнт.
Ён даручыў у адным з такіх гарадоў рэалізаваць пілотны праект па комплекснай забудове зямельнага ўчастка малапавярховымі жылымі дамамі.
Яшчэ адзін праблемны момант, на які звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, — гэта развіццё інфраструктуры ў раёнах, дзе вядзецца жылая забудова, у тым ліку індывідуальная. «Як правіла, не ў людзях праблема. Гэта мясцовыя ўлады не могуць забяспечыць будаўніцтва неабходнай інфраструктуры. Так быць не павінна!»- падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што недалёка ад Мінска зямельныя ўчасткі набываюць, як правіла, не бедныя людзі. «Таму будаваць водаадвядзенне, водазабеспячэнне, газіфікаваць, лініі электраперадач і дарогі вы павінны разам з імі. Нельга ўсё будаваць толькі за кошт бюджэту. Так, перш як выводзіць людзей на нейкую карту для забудовы, трэба падзяліць на ўчасткі і падвесці дарогу, каб людзі або забудоўшчык маглі будаваць гэтыя дамы. А далей дамаўляйцеся з людзьмі», — сказаў Прэзідэнт.
«Прыдамавая тэрыторыя добраўпарадкоўваецца мінімальна. У лепшым выпадку дзіцячая пляцоўка не зразумела якая, пара дрэў, а то і наогул толькі асфальт або плітка, — адзначыў беларускі лідар. — Як у такіх каменных джунглях можна жыць чалавеку? Сорамна глядзець на новыя кварталы».
«Год наступны на вырашэнне гэтай праблемы», — даручыў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе задачу па азеляненні жылых раёнаў.
У той жа час у Беларусі ёсць станоўчыя прыклады, калі такія раёны ўзводзяцца прыгожымі, зручнымі і функцыянальнымі.
Ён даручыў Мінбудархітэктуры ўстанавіць абавязковыя правілы па стварэнні камфортнага асяроддзя ў мікрараёнах-новабудоўлях.
Пра важнасць ПМК для рэгіёнаў
Прэзідэнт нагадаў, што губернатарам і ўраду не раз даваліся даручэнні рэанімаваць перасовачныя механізаваныя калоны — гэтыя важныя для раёнаў прадпрыемствы. Аднак большасць з іх сёння працуюць стратна, а ў асобных рэгіёнах іх наогул няма.
Так, у Віцебскай і Гомельскай абласцях — па восем раёнаў без ПМК (перасовачных механізаваных калон), у Гродзенскай — пяць, у Магілёўскай — два, у Брэсцкай і Мінскай — па адным. Пры гэтым у Гродзенскай вобласці 13 з 19 ПМК стратныя, у Мінскай — 10 з 21.
«Што вы за гаспадары, калі ў вас няма будаўнічай арганізацыі хаця б у памеры 20 чалавек? Што вы можаце там вырашаць і будаваць? Вы ж нават хлеў не зможаце адрамантаваць, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да старшынь райвыканкамаў. — Ёсць прыклады, калі ПМК працуюць прыбыткова і вырашаюць вялікія пытанні».
«Таму чарговы раз патрабую ад губернатараў на працягу 2019 года адрадзіць ПМК у кожным раёне і зрабіць усё, каб яны былі эфектыўнымі. Проста для птушкі, паказухі адраджаць не трэба. У першую чаргу яны павінны вырашаць усе пытанні будаўніцтва і рамонту ў вёсцы. Пры гаспадарчым падыходзе ім заўсёды знойдзецца работа», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Пра якасць і тэрміны праектавання
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў прэтэнзіі да якасці і тэрмінаў распрацоўкі праектнай дакументацыі. Ён заўважыў, што часта праектаванне вядзецца не два-тры месяцы, а расцягваецца на гады.
«Віцэ-прэм’ер і міністр адпаведныя, вазьміце пад кантроль гэта пытанне і прымусьце ўсіх — і прыватнікаў, і дзяржаўныя структуры — працаваць як трэба. Яшчэ ніводны аб’ект, які знаходзіцца ў мяне на кантролі, не пабудаваўся без карэкціроўкі праекта. А карэкціроўка — гэта зацягванне тэрмінаў і падаражэнне будаўніцтва, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Цяпер у Беларусі будуецца каля васьмі тысяч аб’ектаў. З іх з перавышэннем нарматыўнага тэрміну — палова. І ў большасці выпадкаў прычынай з’яўляюцца бясконцыя карэкціроўкі праектаў».
Пры гэтым праекціроўшчыкі не нясуць ніякай адказнасці за якасць дакументацыі і зусім забылі пра аўтарскі нагляд, адзначыў Прэзідэнт. «Яны самаўхіліліся, абвінавачваючы то заказчыка ў няправільным заданні, то будаўніка, які не зразумеў і няправільна ажыццявіў іх ідэю, — сказаў Прэзідэнт. — Выпрацуйце нормы і патрабаванні па адказнасці да праектантаў».
У прыклад ён прывёў капітальны рамонт жылых дамоў у Магілёве. У час распрацоўкі праекта спецыялісты не ўбачылі, што нясучая здольнасць балконных пліт страчана. І толькі калі будаўнікі зрэзалі на іх агароджы для замены, гэта выявілася. Пасля чаго балконы закрылі, і з ліпеня 2017 года праект карэкціруецца.
«Губернатар замест таго, каб кантраляваць гэтыя працэсы, піша: аддадзім на экспертызу ў снежні 2018 года. І гэта адбываецца пры капітальным рамонце дамоў. Можна ўявіць сабе, што тады робіцца ў новым будаўніцтве, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Праекціроўшчык павінен быць прафесіяналам і адказваць за прынятыя рашэнні. За непарадак трэба камусьці адказваць, і яго трэба спыніць. Прыміце неабходныя меры па павышэнні адказнасці распрацоўшчыкаў за якасць праектнай дакументацыі і тэрміны яе падрыхтоўкі».
Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не трэба зацыклівацца на тыпавым праектаванні і будаваць усё аднолькавае.
Пра вынікі
На пленарнае пасяджэнне ў Палацы Незалежнасці былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, мясцовай вертыкалі ўлады, арганізацый будаўнічай галіны. Сярод удзельнікаў таксама памочнікі Прэзідэнта, кіраўнікі банкаў, прафсаюзаў і грамадскіх аб’яднанняў, рэктары ВНУ.
У ходзе нарады падрабязна абмеркаваны праблемныя пытанні і напрамкі ўдасканалення работы будкомплексу Беларусі, перспектывы яго развіцця.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вырашыць праблему ўзаемаразлікаў. Ён таксама асабліва звярнуў увагу на неабходнасць захаваць кадры ў будаўнічай галіне — зарплата павінна быць дастойнай, але не менш важна забяспечыць жыллём саміх будаўнікоў. «Прадпрыемствам пара падключацца да будаўніцтва жылля. Аддайце яго спецыялістам, у якіх вы маеце патрэбу, заключыўшы з імі дагавор. Праз жыллё мы «прывязваем» работнікаў да арганізацый», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ураду даручана вызначыць участкі для будаўнічых арганізацый, каб яны больш актыўна будавалі не толькі сацыяльнае жыллё з абмежаванай рэнтабельнасцю, але і камерцыйнае. «Бярыце зямельныя ўчасткі столькі, колькі трэба ў любым месцы. Выдзяляйце для іх — і няхай будуюць», — адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, перашкод для работы іншых кампаній на будаўнічым рынку быць не павінна, але трэба выконваць пастаўленыя ўмовы: «Нам важна цана, якасць, тэрміны. Калі ўкладваецца ў гэтыя параметры — няхай канкурыруе і будуе».
«Выпрацуйце нармальныя ўмовы, і я ўпэўнены, што вы зямельнымі ўчасткамі забяспечыце дзяржаўныя і прыватныя кампаніі, якія маюць свае будаўнічыя арганізацыі, цесляроў, муляраў, зваршчыкаў і гэтак далей. Хто пад гэтыя ўмовы прыйдзе — атрымае зямельны ўчастак. Абавязкова па конкурсе», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Аб сітуацыі ў будаўнічым комплексе і мерах па павышэнні яго эфектыўнасці на нарадзе расказаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак. Акцэнт будзе зроблены на жыллі для шматдзетных і індывідуальным будаўніцтве, павелічэнні колькасці арэндных дамоў. Прапануецца перагледзець прынцыпы фарміравання аплаты працы будаўнікоў — патрэбны больш прагрэсіўныя формы. Кіраўнікам хочуць дазволіць самім вызначаць прынцыпы аплаты працы ў будаўнічых арганізацыях. Пры гэтым узровень зарплаты ў галіне павінен адпавядаць заработку будаўнікоў у сумежных краінах.
У ходзе дыскусіі таксама ўзнімаліся тэмы нарматыўнага рэгулявання, некаторых нестыковак у дакументах розных ведамстваў, што ў канчатковым выніку ўплывае на тэрміны і якасць праектавання, яго эфектыўнасць. Часткова гэта звязана з тым, што элементы сістэмы нарміравання ў будаўніцтве засталіся яшчэ з савецкіх часоў, а ва ўмовах развіцця тэхналогій, з’яўлення новых матэрыялаў ранейшы падыход не заўсёды дазваляе працаваць найбольш аптымальна.
Аляксандр Лукашэнка даручыў у самыя кароткія тэрміны канчаткова адрэгуляваць адпаведныя пытанні, у тым ліку ўстанавіўшы нормы, зыходзячы з сучасных падыходаў. «Я яшчэ больш за пяць гадоў таму казаў пра неабходнасць адысці ад норм савецкага перыяду і ўстанавіць гібкія, а недзе і спрошчаныя. Неадкладна спрасціць нормы там, дзе яны застануцца. А там, дзе яны перашкаджаюць, — зняць», — сказаў ён.
Абмяркоўвалася і тэма гарантыі на завершаныя аб’екты, адказнасці будаўнікоў за сваю работу. Было адзначана, што ў гэтым плане пакуль няма дастаткова эфектыўнага спагнання за недапрацоўкі і дапушчаныя пралікі.
Размова таксама ішла аб комплексным развіцці населеных пунктаў, падыходах па ўстанаўленні санітарна-ахоўных зон, выкарыстання некаторых зямель прамысловых зон, якія з вельмі вялікім запасам рэзерваваліся ў савецкі час. «Вырашыце гэта пытанне неадкладна. Я нават падумаць не мог, што такое сёння існуе. Да 1 студзеня ўсё павінна быць вырашана», — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.
Працяглы час на семінары-нарадзе абмяркоўваліся пытанні ўрбанізацыі, развіцця сельскіх тэрыторый, стварэнне неабходнай інфраструктуры і камунікацый для камфортнага пражывання людзей. Кіраўнік дзяржавы асабліва акцэнтаваў увагу на пытаннях добраўпарадкавання, азелянення і стварэння бяспечных умоў у гарадскім асяроддзі. У якасці прыкладу ён прывёў устаноўленыя апошнім часам агароджы на раздзяляльных палосах у Мінску, якія разам з раслінным упрыгожваннем гэтых канструкцый не толькі вырашылі праблемныя моманты ў сферы бяспекі для пешаходаў і вадзіцеляў, але і ўпрыгожылі горад.