На поўдні Беларусі рэкі ўжо ачысціліся ад лёду. У нашых мясцінах Заходняя Дзвіна і Дрыса толькі збіраюцца адправіць свой зімовы покрыў у Балтыку. І многіх жыхароў Верхнядзвіншчыны непакоіць пытанне: ці пагражае сёлета паводка збудаванням і падвор’ям, хатняй маёмасці? Адказаць на яго мы папрасілі намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. У. СУШКО:
-Пакуль чалавецтва не навучылася «камандаваць» прыродай, трэба рыхтавацца да любой сітуацыі. У раёне загадзя быў створаны аператыўны штаб па папярэ-джанні і ліквідацыі наступстваў паводкі, узначаліў яго намеснік старшыні райвыканкама С. П. Валковіч.
Паводле дадзеных Белдзяржгідрамета, узровень вады ў Дзвіне не павінен перавысіць сярэднегадавы паказчык — 8 метраў 60 сантыметраў. Але многае залежыць ад тэмпаў таяння снегу ў вярхоў-ях ракі. Як вядома, працягласць Дзвіны складае 1020 кіламетраў, на Беларусі — 328 км, астатняе рэчышча пралягае па Расіі.
У сярэдзіне сакавіка нас правярала камісія Міністэрства па надзвычайных сітуацыях; у райвыканкаме адбылася нарада, на якую былі запрошаны ўсе зацікаўленыя службы — жылкамунгас, наш аддзел, сувязісты, медыкі, гандаль, міліцыя, аддзел адукацыі і іншыя.
-А пры чым міліцыя і адукацыя?
-Супрацоўнікі РАУС абавязаны забяспечыць правапарадак, ахову дзяржаўнай і ўласнай маёмасці грамадзян, а аддзел адукацыі — прадаставіць, пры неабходнасці, месцы для размяшчэння людзей, адселеных з затопленых участкаў.
-Якая ж ацэнка камісіі?
-Станоўчая. Зрэшты, асаблівых праблем не прадбачыцца. У 2010 годзе ўзровень вады перавышаў 10 метраў. Але нічога асаблівага не здарылася.
-Тым не менш, штогод некаторым жыхарам райцэнтра даводзіцца ратаваць сваё дабро на дахах, здараецца, узнікаюць праблемы з пераправамі…
-Напагатове інжынерная і адпамповачная тэхніка, 20 лодак, палова з якіх — маторныя. Праўда, што датычыць помпаў, то яны прымяняюцца звычайна пасля паводак — для адкачкі вады з кало-дзежаў, падвалаў.
-Па Вашых асабістых шматгадовых назіраннях, якім вуліцам горада ў першую чаргу пагражае высокая вада?
-Палявой, дзе пры ўзроўні пад 9 метраў назіраецца падтапленне гаспадарчых збудаванняў і падвор’яў. А таксама вуліцам Пралетарскай, Заводскай і Дружбы, тут раней узнікалі «астраўкі», даводзілася арганізоўваць пераправы, каб людзі маглі дабрацца да работы і назад. Узнікалі і пытанні ля Луначарскага дома-інтэрната, затаплівалася частка дарогі, і нашай службе даводзілася дзяжурыць на пераправе. Дарэчы, і сёлета наладжана кругласутачнае дзяжурства ўсіх зацікаўленых службаў у сельвыканкамах, дзе таксама складзены процівапаводкавыя мерапрыемствы.
-Аляксандр Уладзіміравіч, у ранейшыя гады ўзрывалі лёд на Дзвіне. Што будзе сёлета?
-Каманда ўзрыўнікоў пабывала ў раёне. Зроблены замеры лёду, і прынята рашэнне не прымяняць выбуховыя рэчывы — няма неабходнасці.
-Вада ўсё ж прыбывае. Якімі тэмпамі?
-За некалькі апошніх сутак па нарастаючай — 16, 21, 26 сантыметраў.
Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да жыхароў горада. Не засмечвайце водаадводныя каналы. Не займайцеся на іх самабудаўніцтвам. Інакш станеце саўдзельнікамі падтаплення сваіх участкаў і ўладанняў суседзяў.
-Дзякуй за гутарку. Жадаем поспехаў у вашай справе.
М. АРЛОЎ.
Конечно, положительная оценка комиссии, а пусть бы приехали на Полевую, как там жители «плавают» почти каждый год.