Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць падстаў мяняць існуючы знешнепалітычны курс краіны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, дзе прысутнічалі міністры замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пастаянна павышаецца аўтарытэт і роля Міністэрства замежных спраў, а ў кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства выбудаваны дружалюбныя адносіны з замежнымі калегамі, што пацвярджаецца частымі запрашэннямі на розныя канферэнцыі і міжнародныя мерапрыемствы. «Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь пачынае адыгрываць усё большую ролю на міжнароднай арэне. Таму ў гэтай сітуацыі неяк мяняць знешнепалітычны курс я падстаў не бачу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Пашырана кола замежных партнёраў, саюзнікаў, адкрыты перспектыўныя рынкі (вядома, не зусім так, як хацелася б па хуткасці, але тым не менш). Беларуская дыпламатыя выйшла на якасна новы ўзровень. Вы таксама гэта не можаце не заўважыць. На мінскай перагаворнай пляцоўцы абмяркоўваюцца вельмі складаныя рэгіянальныя і глабальныя праблемы», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у фармаце жывой дыскусіі абмяняцца думкамі, як дзейнічаць далей і выбудоўваць збалансаваную знешнюю палітыку.

На сустрэчу былі запрошаны Пётр Краўчанка (узначальваў МЗС у 1991-1994 гадах), Уладзімір Сянько (1994-1997), Іван Антановіч (1997-1998), Урал Латыпаў (1998-2000), Міхаіл Хвастоў (2000-2003), Сяргей Мартынаў (2003-2012), а таксама цяперашні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Умовы паглыбленага саюзнага будаўніцтва з Расіяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў умовы, на якіх магчыма развіццё саюзнага будаўніцтва з Расіяй, у тым ліку ўвядзенне адзінай валюты, уніфікацыя падатковай і мытнай палітыкі.

«Саюз — калі ласка. Аб’яднанне — калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а не мы. Мы не адмаўляемся ні ад аднаго тэзіса. Калі нехта мне пачынае гаварыць пра аб’яднанне, дык зноў жа з даху: давай валюту агульную. Мы не супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанка Расіі. Павінен быць эмісійны цэнтр, створаны на роўных умовах. Калі вы прыводзіце прыклад ЕС, добра — на прынцыпах Еўрасаюза. Але каб умовы былі роўныя і падыход», — заявіў беларускі лідар.

«Вы хочаце падатковую, мытную палітыку ўніфікаваць? Згодны. Тое ж сказаў мінулы раз: але на лепшых традыцыях і ўмовах, возьмем усё лепшае ў беларусаў і расіян. Але не так: мы — вялікія, вы — малыя, давайце рабіце так, як у нас», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў некаторых нападках на Беларусь няма ніякіх міждзяржаўных або міжнародных адносін. «Усё ў асобах, усё ў тым, што некаму не падабаецца курс, які Беларусь праводзіць. Нават не знешнепалітычны. А тую эканоміку, якую мы будуем, той сацыяльны ўклад, які мы ствараем на прынцыпах перш за ўсё справядлівасці. Гэты тэзіс я 20 з лішнім гадоў прапаведую. Аказваецца, ён сёння ў Расіі вельмі запатрабаваны. Таму ўсё банальна: камусьці хочацца панізіць градус Беларусі ў Расіі. Вось і пачынаюцца гэтыя нападкі», — адзначыў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэта неабходна рэагаваць спакойна і мэтанакіравана.

«Як бы ў нас ні складваліся адносіны з Расіяй, мы ніколі не дазволім, каб у нас у Беларусі на гэтай святой зямлі дрэнна ставіліся да расіян. Не толькі да рускіх. І калі некаму хочацца сутыкнуць нас — не атрымаецца. Мы ведаем, як на гэта рэагаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка не лічыць цяперашні момант адносін з Расіяй нейкім крытычным або вострым. «Проста павінен сказаць, што там з’явіліся… Не з’явіліся, а і былыя кіраўнікі, якія даўно працуюць, яны занялі пэўную пазіцыю націску нават на ўласнага Прэзідэнта Пуціна. Думаю, гэта ж не хлопчык, у палітыцы не навічок. І па сустрэчах з ім бачу, что чалавек нацэлены на тое, каб мы ні ў якім разе не разарвалі адносіны Беларусі і Расіі, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта вельмі нявыгадна. Для яго як палітыка, а для мяне тым больш. Таму што мы заўсёды з вамі праводзілі, можна сказаць, прарасійскі курс. Прапаведуючы шматвектарную знешнюю палітыку, мы заўсёды Расію вызначалі не проста як нашага галоўнага партнёра, а як самую блізкую, брацкую дзяржаву, дзе жывуць проста нашы людзі. Так і будзе».

Прэзідэнт асудзіў спробы сутыкнуць беларусаў з расіянамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў тым, што сутыкнуць беларусаў і расіян не атрымаецца, нягледзячы на асобныя спробы ў гэтым напрамку.

«Апошнім часам (вы, напэўна, чуеце) і мяне, і асабліва Уладзіміра Уладзіміравіча (міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. — Заўвага БЕЛТА) абвінавачваюць не ў тым курсе, які мы праводзім у знешняй палітыцы. Нашы браты расіяне гавораць, што мы ўжо занадта празаходнія. На Захадзе нас крытыкуюць за залішняе нахіленне ў бок Расійскай Федэрацыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб тым, што яго асабліва трывожыць, і, паводле яго слоў, справа не ў падатковым манеўры, які праводзіцца ў нафтавай сферы Расіі. «Перажывём мы яго. Мне не зусім зразумела (думаю, трэба будзе задаць пытанні кіраўніцтву Расіі) такая атака на Беларусь у СМІ. Няхай навобмацак пакуль, але тыпу таго: «Бацька-1», «Бацька-2», «Бацька-3″… Але калі тады яны ў мяне хацелі знайсці нейкія грошы і забраць. Няхай знойдуць і забяруць. Я абсалютна чысты і сумленны перад вамі. Насцярожвае тое, што яны спрабуюць нас ужо сутыкнуць з рускімі», — заявіў Прэзідэнт.

У гэтых адносінах кіраўнік дзяржавы згадаў выпадак, які быў агучаны ў інтэрнэце, а потым выкарыстаны ў расійскіх СМІ ў якасці спробы праілюстраваць нападкі на рускіх людзей у Беларусі. «Вы ведаеце ў інтэрнэце гэты выпадак, калі хтосьці ў метро ўчыніў канфлікт з нейкім чалавекам, і ўсё гэта хуценька было паднесена (як быццам з Расіі заказалі) як тое, што ў нас ажыццяўляюцца нападкі на рускіх людзей. Калі я прачытаў гэта, неадкладна даручыў разабрацца. Я разумею, што ўсялякія могуць быць выпадкі. Аказваецца, там рускімі, як яны кажуць, і не пахла. Гэта канфлікт двух беларусаў. Прытым ён хутка быў зняты на відэа (цяпер гэта проста робіцца) і ўкінуты ў інтэрнэт. І яны (расійскія СМІ. — Заўвага БЕЛТА) за гэта ўхапіліся. Аказваецца, адзін беларус, які некалі быў асуджаны (супрацоўнік АМАПа, за хабар быў пасаджаны, выйшаў з турмы). Другі быў таксама беларус. І завязалася бойка. Прычым тут рускія?!» — расказаў падрабязнасці здарэння Аляксандр Лукашэнка.

«Я гэта кажу для таго, каб вы разумелі маю пазіцыю: нас не ўдасца сутыкнуць — беларусаў з расіянамі. Не толькі з рускімі. Наогул з расіянамі. Гэта не той шлях, каб неяк атрымаць у Расіі каму-небудзь ад гэтага дывідэнды. Не атрымаецца. Я ўжо груба гаварыў некалі: мы самі рускія, нас немагчыма сутыкнуць адзін з адным, беларус — гэта рускі са знакам якасці (я яшчэ 20 з нечым гадоў таму сказаў). На гэтай тэме паіграць — вельмі небяспечна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Я часам задаю гэта пытанне сам сабе, але сёння скажу публічна: няўжо камусьці ў Расіі Украіны не хапае? Няўжо трэба абавязкова стварыць праблему на роўным месцы? Ну няма ў вас магчымасці кампенсаваць нам страты ад гэтага падатковага манеўру. Гасподзь з вамі. Мы ж у вас не адбіраем ваш тавар. Гандлюеце вы нафтай, газам, якія Гасподзь туды паклаў у нетры, і свідравіны мы бурылі ў свой час. Уладзіміру Уладзіміравічу (Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. — Заўвага БЕЛТА) аб гэтым гаварыў на апошняй сустрэчы. Кажу: Не забывай, у тыя савецкія часы, калі мы пад стол з табой хадзілі, адсюль (з Беларусі. — Заўвага БЕЛТА) ляталі чартары, і вахтавым метадам бурылі свідравіны — нафтавыя і газавыя. І яны сёння яшчэ працуюць», — заявіў беларускі лідар.

Што датычыцца спроб сутыкнуць беларусаў з расіянамі, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэта недапушчальна і можа прывесці да эскалацыі сітуацыі. «Калі толькі гэта тэма становіцца актуальнай, асабліва ў расійскіх СМІ, то заўтра нават калі ў Беларусі не будзе адмарозкаў, якія будуць біць рускіх, нам іх падкінуць. Вы ведаеце — з любой краіны нам іх падкінуць, каб гэтыя відэа ўвесь час былі ў інтэрнэце. А яны з інтэрнэту, не разабраўшыся, будуць укідваць на асноўныя каналы ў Расіі. Вось у чым небяспека — эскалацыі гэтага працэсу», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Гэта не пройдзе ў Беларусі, не атрымаецца. А калі, не дай бог, такія факты будуць, вельмі жорсткая будзе рэакцыя. Праваахоўныя органы атрымалі адпаведнае ўказанне спыняць такія рэчы самым жорсткім чынам і разбірацца», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Беларусь не запраўляе ўкраінскія танкі

«Апошнім часам нас пачалі папракаць, што мы запраўляем танкі (украінскія. — Заўвага БЕЛТА) дызельным палівам. Я даручыў разабрацца, якое там дызельнае паліва. Калі мне далажылі (я толькі што даведку другі раз прачытаў), там жа ўсё дызельнае паліва расійскае. І расіяне пастаўляюць, пастаянна нарошчваючы аб’ёмы гэтых паставак — бензінаў і дызельнага паліва — ва Украіну. Дык як жа так? Мы ваюем з Украінай ці Расія? І хто запраўляе гэтыя танкі? А нашы аб’ёмы зніжаюцца. Нас проста выштурхоўваюць з украінскага рынку. І не толькі па нафтапрадуктах. Гэтак жа таксама па ўгнаеннях і іншых пазіцыях. Ідзе канкурэнцыя. А нас пачынаюць у гэтым папракаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на папрокі аб тым, што з Украіны цераз Беларусь нібыта ідуць санкцыйныя тавары. Ён падкрэсліў, што гэта мізэрныя аб’ёмы, і ў любым выпадку размова ідзе аб змыканні ўкраінскіх і расійскіх пастаўшчыкоў пры спрыянні мытні і іншых службаў Расійкай Федэрацыі. «Беларусамі і не пахне там. Калі беларусы і патрэбны, то нейкую прыватную структуру могуць падцягнуць да гэтага, каб падказалі, як лепш праехаць па Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, ён расказаў, што яму пастаянна дакладваюць аб масіраваным прытоку зброі з Украіны. «І што самае страшнае (нас расіяне іншым разам папракаюць: вось, у вас там цераз граніцу…), цераз расійскую граніцу (з Украінай. — Заўвага БЕЛТА) ідуць, а потым да нас заходзяць праз адкрытую беларуска-расійскую граніцу, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Зразумела, гэта камусьці патрэбна. Проста так жа везці не будуць з рызыкай. Яна ж некаму тут трэба. І мы ўжо бачылі, каму яна трэба была».

Палаючы ва Украіне пажар не павінен перакінуцца на Беларусь

«Усе хочуць пагрэць рукі на Украіне. І пажар, які там палае сёння (ён невядома, чым скончыцца), не павінен перакінуцца на Беларусь. Таму нам трэба тысячу разоў быць асцярожнымі, акуратнымі і ні ў якім разе не дапусціць унутранай дэстабілізацыі ў краіне. Відаць, пераважная большасць нашага насельніцтва і нават пераважная большасць нашай так званай апазіцыі разумеюць, што гэта можа скончыцца вельмі дрэнна», — заявіў беларускі лідар.

Што датычыцца намаганняў і ролі непасрэдна Беларусі ў напрамку мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб гэтым не трэба шмат гаварыць. «Бяда ў нашых родных людзей. Прытым не мы ж былі ініцыятарамі гэтай пляцоўкі. Ініцыятарам была спадарыня Меркель. Гэта яна прапанавала сустрэцца ў Мінску. Я быў у Сочы разам з Пуціным, перагаворы праводзіў у гэты час. І я ў той жа дзень паехаў, каб заўтра арганізаваць сустрэчу», — сказаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў выніку ўкраінскага канфлікту Беларусь сутыкнулася з патокам бежанцаў і перасяленцаў у колькасці амаль 150 тыс. чалавек. Частка з іх ужо вярнуліся ва Украіну, а большасць засталіся ў Беларусі і ім прадастаўлены роўныя правы, адзначыў Прэзідэнт.

«Нам хапіла ад Украіны, і ці тое яшчэ будзе. Таму мы ўвязаны ў гэты канфлікт, можна сказаць, па вушы. Будзе дрэнна, калі канфлікт зацягнецца. Зыходзячы з гэтых прагматычных мэт, мы проста займаем пэўную пазіцыю па ўкраінскім пытанні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы назваў і іншыя прычыны, па якіх бакам трэба прыкласці максімальныя намаганні для хутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці канстатаваў, што Еўропа нібыта заклапацілася падзеямі ў гэтым рэгіёне, увязаны ў канфлікт і ЗША. «Я ўжо часта і публічна гавару: слухайце, такога падарунка, які мы паднеслі ў выглядзе Украіны Захаду і перш за ўсё Амерыцы, і не снілася. Першы падарунак — развал Савецкага Саюза. Другі — Украіна. Чаго сёння амерыканцаў папракаць? І не дай бог там будуць пастаўлены ракеты меншай і сярэдняй далёкасці (чаму цяпер гэты дагавор перакрэслілі фактычна). Да Урала абстрэльваецца поўнасцю малымі ракетамі ўся Расія. Дык трэба і ў выніку гэтага закрываць гэту праблему», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што трэба баяцца нават не таго, што на тэрыторыі Украіны будзе НАТА: «Там дастаткова людзей ва Украіне, якія будуць у дзесяць разоў горшыя за НАТА. Мы будзем маліцца некалі, каб там НАТА было, а не людзі, якія сёння са стрэльбамі ходзяць. І я таксама кіраўніцтву Расіі давёў гэту пазіцыю. Гэта таксама трэба разумець і бачыць».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што кожны на фоне канфлікту ва Украіне дбае аб сваіх мэтах. У бакоў часам няма жадання зноў сабрацца і абмеркаваць праблемы бяспекі ў рэгіёне. «Нядаўна на Мюнхенскай сустрэчы і наогул, сустракаючыся з амерыканцамі, еўрапейцамі — яны ўсюды гавораць, што хочуць міру ва Украіне, каб у Еўропе быў парадак. Я гавару: слухайце, давайце хоць збяромся ў рамках АБСЕ, абмяркуем праблемы. Не, не хочацца. У кожнага свае мэты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *