Как в Верхнедвинске отмечали Масленицу?

Актуально Наш край

масленица колесо

Вясна ў гэтым годзе прыйшла амаль своечасова, а канчаткова развітацца з халадамі і гасцінна сустрэць надыходзячую цеплыню верхнядзвінцы прыйшлі ў гарадскі парк, дзе ў мінулую суботу адбыліся праводзіны зімы.

масленица ярыца

первые

Надвор’е ў гэты дзень як ніколі спрыяла адпачынку на свежым паветры. Хоць звычайна Масленіца атаясамліваецца з традыцыйнымі зімовымі забавамі, гулянні і без снегу прайшлі “на ўра”. Пад ззяючым сонейкам артысты Цэнтра культуры і народнай творчасці дарылі гледачам смех, радасць і вясёлы настрой. Баявая дзяўчына Фрося і яе сябар Стас – амаль што Міхайлаў, толькі ў вушанцы – праводзілі гульні, раз-пораз выбіраючы з натоўпу ўдзельніка чарговага конкурсу. Бітва экстрасенсаў, бой мяшкамі, эстафета ў шараварах, аўкцыён “БЛІН”, беларускія танцы і замежная ламбада – праз што толькі не прыйшлося прайсці канкурсантам!

люди масленица

вкусно

У перапынках паміж гульнямі гучалі любімыя песні ў выкананні народнага вакальна-харэаграфічнага калектыву “Ярыца”, а традыцыйнае катанне ў санях з поспехам замяніла “масленічнае таксі” – усіх жадаючых вазіў конь Рыжык з аграэкасядзібы “Падкова”. Для таго, каб госці свята не засталіся галоднымі, працаваў святочны гандаль – пачаставацца можна было не толькі масленічнымі блінкамі, але і салодкай ватай з папкорнам. Прыгожыя сувеніры з беларускім каларытам набывалі на выставе-продажы Дома рамёстваў і на “Кірмашы дабрыні” тэрытарыяльнага цэнтра.

костер

мишка
“Цвіком праграмы” стаў конкурс сярод арганізацый на лепшае выпяканне бліноў “З пылу, з жару”. На вачах у гледачоў удзельнікі павінны былі прыгатаваць масленічныя бліны на калодзе ўсяго за трыццаць хвілін. Журы ацэньвалі смак, колькасць бліноў, хуткасць іх прыгатавання і прыгажосць афармлення. Удзел у конкурсе прынялі тры каманды: лясгаса “Лесавік”, сектара спорту і турызму “Мядзведзі” і зборная “Маслёнкі”.

наташа

оксана
Спартсмены са старту нацэліліся на перамогу: бліны пяклі хутка, як на канвееры, стол накрылі багаты – з самаварам і баранкамі, а ў каманду падтрымкі паклікалі сапраўднага Алімпійскага Мішку. Не дзіўна, што з такім напорам “Мядзведзям” усё ж удалося заваяваць першае месца ў “блінным спаборніцтве”. Перамогу ў намінацыі “Самая высокая і самая смачная горка” атрымала каманда лясгаса. А “Маслёнкі” пакарылі журы хатнім смакам сваіх блінкоў з яешняй і выйгралі прыз у намінацыі “Малы залатнік, ды дарагі”.

парни-1

парни
Пачаставаўшыся блінамі, госці свята накіраваліся туды, дзе ўжо чакаў асілкаў непакорны масленічны слуп. На яго вяршыні – каштоўныя падарункі, але, каб атрымаць іх, трэба прадэманстраваць сапраўдныя моц і спрыт. Як ні стараліся хлопцы, як ні падбадзёрвалі іх гледачы, упарты слуп не паддаваўся. Справіцца з гэтым выпрабаваннем у мясцовых асілкаў атрымалася толькі напрыканцы свята.
Завяршыліся праводзіны зімы масленічным вогнішчам. У яго полымі згарэла не толькі пудзіла Масленіцы, але і ўсё дрэннае, што было ў мінулым годзе. Застаўся адзін попел, а наперадзе чакаюць вясна і радасць.
Алёна МАРОЗ.
Фота Алёны МАРОЗ,
Генадзя КАЗЛОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *