«Хатка бабкі Параскі» пераехала ў Бігосаўскую бібліятэку

Актуально Наш край

IMG_3995

У Міжнародны дзень роднай мовы вучні Бігосаўскай школы сабраліся ў мясцовай бібліятэцы, каб першымі ўбачыць музейную экспазіцыю Сяргея Панізніка.
Аддаць даніну павагі беларускай мове, а таксама пазнаёміцца з жыццём і творчасцю вядомага паэта прыйшлі вучні дзявятага і дзясятага класаў на чале з настаўніцамі В. І. Сакаловай і А. С. Сангіной. Цікавае і павучальнае мерапрыемства для іх падрыхтавалі загадчык Бігосаўскай бібліятэкі-філіяла № 4 А. С. Амбружэвіч і бібліятэкар А. Ф. Качан. Прысутнічалі на адкрыцці новай музейнай кампазіцыі і госці з Верхнядзвінска: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Г. Кісялевіч; дырэктар ДУК “Верхнядзвінская ЦБС” Л.А. Куў-шынава; загадчык аддзела інфармацыі і абслугоўвання раённай бібліятэкі Н. С. Глацёнак; загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Р. С. Анджан.
Размова пачалася з гісторыі свята. Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЭСКА ў 1999 годзе, і з таго часу ва ўсім свеце адзначаецца 21 лютага. Наша беларуская мова ўжо прызнаная – яна дзяржаўная, нароўні з рускай. Аднак праблема ўсё ж існуе. Падчас перапісу насельніцтва беларускую мову прызналі роднай больш за 5 мільёнаў чалавек. Здаецца, многа. Але ці шмат ужываюць яе ў паўсядзённым жыцці? У размове з сябрамі, у краме ці ў спартыўнай зале? Трэба часцей успамінаць пра родную мову, бо пакуль жыве мова, жыве і народ.

IMG_3997

IMG_4064
Нагадаўшы гісторыю развіцця і станаўлення беларус-кай мовы, удзельнікі сустрэчы перайшлі ў невялікае памяшканне, дзе размясцілася музейная экспазіцыя “Хатка бабкі Параскі” Сяргея Панізніка.
У маленькім пакойчыку – некалькі стэлажоў з кнігамі, фотаздымкамі і дакументамі; круглы стол з пішучай машынкай; старая лаўка, карціны, розныя прадметы побыту. Усё гэта Сяргей Панізнік збіраў і захоўваў на сваёй сядзібе ў в. Цінкаўцы, вядомай як “Хатка бабкі Параскі”. Бабка Параска – рэальна існуючая жанчына, у сакавіку 1979 года Сяргей Сцяпанавіч купіў хату ў яе ўнука. Гэтаму будынку было прызначана стаць больш чым проста дачай. Хата ператварылася ў самабытны этнаграфічны музей, створаны адным чалавекам без старонняй дапамогі. Усё ў гэтым месцы насіла адбітак творчай натуры паэта: якар на сцяне, які, напэўна, быў знойдзены дзе-небудзь на беразе Дзвіны; конскія сківіцы, ровар на драўляных колах; рушнік-абярэг, які застаўся ад былой гаспадыні, і многа, вельмі многа кніг.

IMG_4011

IMG_4000
Але старая хата без належнага догляду разбуралася, некаторыя рэчы Сяргей Сцяпанавіч забраў, ратуючы ад пацукоў і волкасці, некаторыя – не паспеў. Нарэшце было вырашана перанесці астатнюю частку экспанатаў у Бігосаўскі СДК – пад нагляд бібліятэкараў. І зараз пазнаёміцца з міні-калекцыяй можа кожны жадаючы.
Першы стэлаж распавядае пра жыццёвы шлях знакамітага паэта. Сяргей Сцяпанавіч нарадзіўся ў в. Бабышкі Міёрскага раёна, хадзіў у Лявонпальскую школу. Менавіта ў Лявонпалі знаходзіцца яшчэ адзін, амаль аналагічны этнаграфічны музей, створаны Сяргеем Панізнікам. Ён таксама размешчаны ў невялікім пакойчыку пры клубе, захоўвае яго бібліятэкар. У музеі захаваліся аўдыёзапісы, якія паэт зрабіў падчас пошуку гісторый для сваіх кніг.
Пасля школы будучы паэт паступіў у Магілёўскае медыцынскае вучылішча, скончыў яго і зноў паступіў – на гэты раз на журналісцкі факультэт Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Працаваў у газеце, на тэлебачанні, паспеў нават пабыць ваенным журналістам, але найбольшую вядомасць яму прынесла менавіта літаратурная дзейнасць. Сяргей Панізнік узнагарожнаны медалём Францыска Скарыны, ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі, з’яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка і Ганаровым грамадзянінам г. п. Асвеі.
Чаму менавіта Асвеі? Пра гэта раскажа стэлаж, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і непасрэдна Асвейскай трагедыі. Сяргей Сцяпанавіч ад хаты да хаты абыйшоў “вогненныя вёскі”, пацярпелыя ад карнай экспедыцыі “Зімовае чараўніцтва”, і сабраў успаміны сведкаў тых страшных падзей. Так нарадзіліся дакументальныя кнігі “Браніслава” і “Освейская трагедия”.
У “Хатку бабкі Параскі” да паэта прыязджалі не толькі беларусы, але і рускія, немцы, палякі, чэхі. Нездарма шыльдачка на сцяне сведчыла: “Шлях з грэкаў у варагі”. Гандляры, якія раней падарожнічалі па Заходняй Дзвіне, прывозілі на нашу зямлю не толькі розныя тавары, але і часціцы сваёй культуры. Так і пры падтрымцы Сяргея Панізніка наладжваліся зносіны паміж прадстаўнікамі розных народаў. Стэлаж музейнай экспазіцыі прысвечаны братэрскім адносі-нам Беларусі і Латвіі.
Сустрэча, як і ўсё цікавае ў нашым жыцці, праляцела хутка, на адным дыханні. Дзеці слухалі бібліятэкараў, разглядалі прадстаўленыя экспанаты, фа-таграфавалі і расказвалі вершы Сяргея Панізніка. Напрыканцы слова ўзяла Наталля Генадзьеўна Кісялевіч. Яна падзякавала супрацоўнікам бібліятэкі за вельмі цёплае мерапрыемства, звярнула ўвагу вучняў на тое, як важна памятаць свае карані, сваю малую радзіму.
Алёна МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *