У сельскіх гаспадарках раёна адбываюцца справаздачныя сходы. Аднымі з першых падвялі вынікі мінулага года і намецілі перспектывы развіцця ў КУВСП “Каханавічы”.
Абмеркаваць калектыўную работу сабраліся амаль усе працаўнікі гаспадаркі. Сёлета ўдзел у сходзе прымалі спецыяліст аграпрама Люцыя Грэсько і старшыня Каханавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Дзмітрый Рэут.
Мінулы год склаўся для каханавіцкіх працаўнікоў намнога лепш, чым для шэрагу іншых гаспадарак. Па словах дырэктара Альберта Махмудава, ад вытворчасці валавай прадукцыі атрымана 6559 тыс. руб., выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 5123 тыс. руб.
Выкарыстоўваючы інтэнсіўныя тэхналогіі, прадукцыйную тэхніку, павялічыўшы вытворчасць кармоў і рапсу, удалося атрымаць валавай прадукцыі раслінаводства на суму 2765 тыс. руб., што вышэй мінулага года на 108 тысяч.
У жывёлагадоўлі вытворчасць малака склала 5043 тоны, таварнасць – 87,9% (у раёне 88,6%). Больш паловы прадукцыі рэалізавана гатункам “экстра”. Сярэднесутачныя прывагі — 483 г (у раёне – 415). Выхад цялят на 100 галоў – 88 (у раёне – 85).
Тым не менш, як заўважыў Альберт Загірбекавіч, у калектыве ёсць значныя рэзервы для лепшай работы. Ён назваў рад прычын, з-за якіх здараюцца недапрацоўкі. Для іх выкаранення патрэбны захаванне дысцыпліны працы і парадку, тэхналагічных працэсаў, беражлівыя адносіны да рэсурсаў.
У наступным годзе неабходна забяспечыць рост валавай прадукцыі на 105%. Належыць пасеяць 2400 га зерневых, 420 — зернебабовых, 800 — крыжакветкавых, 350 — кукурузы і 734 — шматгадовых траў. З гэтых плошчаў хлебаробы разлічваюць атрымаць 7200 тон зерня і 1100 тон рапсу. Жывёлаводы плануюць надаіць 5433 тоны малака, атрымаць 413 тон мяса, павялічыць пагалоўе на 335 галоў. Намечана нарыхтаваць не менш 22,4 ц.к.адз. травяных кармоў на зімне-стойлавае ўтрыманне жывёлы.
— Для пасяўной кампаніі ёсць усе неабходнае, — сказаў кіраўнік гаспадаркі. – Пад поўную патрэбу нарыхтавана насенне зерневых, зернебабовых і траў, маецца неабходная сельгастэхніка, назапашваюцца ўгнаенні. Поспех залежыць ад руплівасці і дбайнасці саміх сельгасвытворцаў.
Апладысментамі віталі прысутныя трактарыста-машыніста Васіля Мароза, якога Прэзідэнт узнагародзіў медалём “За працоўныя заслугі”. Сёлета на трамбоўцы пашчыравалі Юрый Наумаў, Іван Кукса, Мікалай Забагонскі. У жывёлагадоўлі – Сяргей Мартынчук і Руслан Давыдзёнак. Усе без выключэння працаўнікі атрымалі падарункі, прыўрочаныя да святаў 23 лютага і 8 Сакавіка, у іх адрас гучалі шчырыя словы падзякі.
З асабістым 50-гадовым юбілеем віншавалі калегі трактарыста-машыніста Юрыя Нядоўбу і аператара машыннага даення Таццяну Яфімаву. Пенсійнага ўзросту дасягнулі дырэктар гаспадаркі Альберт Махмудаў і начальнік малочна-даільнага блоку МТФ “Каха-навічы” Надзея Спірыдовіч, якія аддалі гаспадарцы амаль па 20 гадоў бездакорнай працы. Для іх старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СП “Каханавічы” Кацярына Хадзючэнка, згодна з калдагаворам, падрыхтавала каштоўныя падарункі.
Адбыўся справаздачна-выбарчы сход прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі, на якім абраны прафсаюзны лідар К. Хадзючэнка і члены камітэта тэрмінам на 5 гадоў. Зацверджаны калектыўны дагавор, які прадугледжвае шэраг мер матэрыяльнага стымулявання.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.