Хрыстос уваскрос з памерлых!
Смерць смерцю зваяваў, парваўшы путы пекла, жыццё нам дараваў.
Кожны год Бог у сваёй міласэрнасці дае нам магчымасць перажыць вясну сваёй веры. Напоўніць яе жыццёвымі сіламі малітвы, загартаваць поснымі пастановамі і ажывіць учынкамі любові да бліжняга. І як пасля зімы абуджаецца да жыцця прырода, так пасля Вялікага посту душа веруючага чалавека расцвітае велікоднай радасцю.
Свята Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста кожны раз нагадвае нам аб вялікай перамозе, што была здзейснена Божым Сынам на крыжы. Хрыстос перамог смерць і адкрыў нам брамы жыцця вечнага. Крыж, які быў знакам пакарання, стаў сімвалам збаўлення, перамогі любові над нянавісцю.
Уваскрасенне Хрыстова напаўняе наша жыццё сэнсам, дае веру ў будучыню. І хоць непазбежнасць фізічнай смерці нас засмучае, але надзея на вечнае жыццё ў Божым валадарстве нясе нам пасхальную радасць і супакой.
Няхай жа шчырае перажыванне пасхальных урачыстасцяў напоўніць нашыя сэрцы і нашыя сем’і велікоднай радасцю, абудзіць нашую веру, падтрымае надзею і ўзмоцніць любоў.
Ад усяго сэрца віншуем католікаў Верхнядзвіншчыны з велікоднымі святамі!
Ксёндз Аляксандр
і айцец Чэслаў.
Расклад набажэнстваў на Святы Пасхальны Трыдуум у Верхнядзвінску:
— Вялікі Чацвер (св. Імша Вячэры Пана) – 18.00.
— Вялікая Пятніца (літургія Мукі Пана) – 20.00.
— Вялікая Субота (Пасхальная Вігілія) – 22.00.
У Нядзелю раніцай св. Імша Змёртвыхпаўстання Пана (Рэзурэкцыя) – 6.00.
У Велікодны панядзелак св. Імшы ў 10.00 і 18.00.