Тэма тыдня

Спорт

лис

На мінскім стадыёне «Дынама» пагас факел II Еўрапейскіх гульняў. Спартыўны форум, які правяла Беларусь, завяршыўся маляўнічай цырымоніяй закрыцця, у якой прынялі ўдзел спартсмены з 50 краін. У ложы ганаровых гасцей за цырымоніяй назіралі разам з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам многія высокапастаўленыя госці, сярод якіх Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, Прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян, кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах.

Шоу на стадыёне «Дынама» стала лагічным працягам цырымоніі адкрыцця. Арганізатары здзівілі гледачоў грандыёзным паказам з выкарыстаннем найноўшых тэхнічных сродкаў і IT-рашэнняў. Асаблівая ўвага ўдзелена ўшаноўванню спартсменаў і валанцёраў.

Фінальную песню цырымоніі закрыцця «Time to Say Goodbye» выканалі беларуская оперная спявачка Аксана Волкава і расійскі спявак Мікалай Баскаў.

Пад кампазіцыю «Да новых сустрэч» беларускай артысткі Юліі Быкавай быў пагашаны факел спартыўнага форуму.

Лукашэнка на закрыцці II Еўрапейскіх гульняў: гэта было свята яркіх уражанняў і моцных эмоцый

II Еўрапейскія гульні былі святам яркіх незабыўных уражанняў і моцных эмоцый. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўрачыстага закрыцця спартыўнага форуму.

«Гэта было свята яркіх незабыўных уражанняў і моцных эмоцый. Было ўсё — радасць, шчасце і расчараванне. Такі яго вялікасць спорт. Гэта было свята дружбы і яднання, гарачага запалу спаборніцтваў, якія з’ядналі мільёны жыхароў Еўропы ў адну вялікую сям’ю, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Але перш за ўсё мы падарылі яго сабе, беларусам — як сведчанне нашых магчымасцей і таго, што мы горы можам звярнуць. Але толькі тады, калі мы разам».

«Для гасцей мы шырока расчынілі ўсе дзверы Беларусі — краіны сярэднееўрапейскіх памераў, што жыве і развіваецца па сваіх законах і традыцыях, якія ідуць з глыбокай даўніны стагоддзяў. Краіны, якая не стварае праблем і не выстаўляе прэтэнзій суседзям. Яны ў нас, гэтыя суседзі, вельмі розныя. І ладзіць з імі часам няпроста», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на працягу дзесяці дзён на мінскіх арэнах панавала цёплая атмасфера ўзаемапавагі, якую стваралі жыхары і госці Беларусі — усе, хто любіць спорт, верыць у сілу алімпійскай місіі, нацэленай на захаванне міру на зямлі. «Увасабленнем гэтай вялікай ідэі стала Полымя міру — сімвал II Еўрапейскіх гульняў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ад спартсменаў да Лесіка — Лукашэнка падзякаваў усім за арганізацыю і правядзенне Еўрапейскіх гульняў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто меў дачыненне да арганізацыі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў, унёс свой уклад у гісторыю гэтых спаборніцтваў.

Арганізатарам кіраўнік дзяржавы падзякаваў за вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення спаборніцтваў і ўрачыстых мерапрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка адрасаваў словы ўдзячнасці журналістам, якія па-спартыўнаму хутка і эфектыўна асвятлялі ўсе падзеі, своечасова знаёмілі гледачоў і чытачоў з самымі моцнымі эпізодамі гульняў.

Арбітрам — за сумленную працу і непрадузятае судзейства.

«І, вядома, усім атлетам, якія самааддана адстойвалі спартыўны гонар сваёй краіны, увайшлі ў гісторыю II Еўрапейскіх гульняў гучнымі рэкордамі і яркімі перамогамі», — сказаў беларускі лідар.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт выказаў валанцёрам, якія амаль кругласутачна працавалі, дапамагалі гасцям і спартсменам адчуваць сябе ў Беларусі гэтак жа ўтульна і камфортна, як дома. «Без вашай дапамогі нам было б немагчыма стварыць такую цёплую, шчырую і добразычлівую атмасферу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў і ўсім балельшчыкам, чыя гарачая падтрымка натхняла ўдзельнікаў спаборніцтваў, зараджала іх верай у поспех і вяла да запаветных вяршынь.

«Ну а табе, мілы Лесік (лісяня Лесік — талісман II Еўрапейскіх гульняў. — Заўвага БЕЛТА), асаблівая ўдзячнасць.  Твае сяброўскія абдымкі, непераўзыдзены артыстызм застануцца ў памяці мільёнаў назаўсёды. Ты пакарыў нашы сэрцы. І нам хочацца верыць, што, пайшоўшы ў свой казачны лес, ты не забудзеш нас і яшчэ не раз вернешся сюды», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў стварыць у Беларусі банк даных валанцёрскага руху

Кіраўнік дзяржавы адзначыў працу валанцёраў у час і напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў і той факт, што без іх дапамогі было б немагчыма стварыць цёплую, шчырую і добразычлівую атмасферу.

«Я даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта стварыць банк даных валанцёрскага руху і выкарыстоўваць для развіцця краіны вашы веды і таленты. Мы не можам страціць восем тыс. чалавек, якія два гады рыхтаваліся да гэтай падзеі. Якія навучыліся аказваць першую дапамогу і падтрымку, якія ведаюць шмат моў. Дзякуй вам вялікі!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь выдатна правяла Еўрапейскія гульні — Качыянчыч

Беларусь выдатна правяла II Еўрапейскія гульні. Аб гэтым журналістам заявіў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч.

Кіраўнік ЕАК адзначыў вялікую работу, якую правёў беларускі бок. «Гэтыя гульні праведзены цудоўна, яны з’яўляюцца добрай асновай для правядзення наступных», — сказаў Янез Качыянчыч. Ён падкрэсліў, што Еўрапейскія гульні захоўваюць чысціню ад допінгу і павіншаваў з гэтым усе краіны-ўдзельніцы і арганізатараў.

Янез Качыянчыч прывёў статыстыку гульняў. У іх прынялі ўдезл 3660 спартсменаў з усіх 50 краін Еўрапейскіх камітэтаў. Медалі атрымалі 43 краіны. Больш за ўсё на рахунку Расіі — 109 медалёў.

Падтрымаў прэзідэнта ЕАК старшыня каардынацыйнай камісіі ЕАК па Еўрапейскіх гульнях у Мінску Спірас Капралас, падкрэсліўшы, што «II Еўрапейскія гульні перасягнулі ўсе чаканні». Ён сказаў, што спартсмены, спартыўныя федэрацыі і алімпійскія камітэты добра адзываліся аб умовах пражывання, транспартных перавозках, далі высокую ацэнку спартыўным аб’ектам.

Спадчына II Еўрапейскіх гульняў будзе прыносіць карысць яшчэ доўгія гады — Качыянчыч

Спадчына II Еўрапейскіх гульняў будзе прыносіць карысць яшчэ доўгія гады, заявіў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч на цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

«Гульні сталі добрай інвестыцыяй краіны, яны адпавядалі прынцыпам устойлівага развіцця. Вам не давялося ўкладваць сродкі ў будаўніцтва вялікай колькасці аб’ектаў, — сказаў Янез Качыянчыч. — Спадчына гульняў, несумненна, будзе прыносіць карысць яшчэ доўгія гады: і беларускім спартсменам, і беларускім студэнтам, і будучым пакаленням у цэлым».

Паводле слоў прэзідэнта ЕАК, гаспадыня II Еўрапейскіх гульняў бліскуча прадставіла свету сваю краіну. «Усе еўрапейскія і многія іншыя краіны свету глядзелі трансляцыі гульняў і змаглі ўбачыць Беларусь у новым пазітыўным ракурсе», — адзначыў ён.

Цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Мінску адбылася на галоўнай спартыўнай арэне Беларусі — Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама».

II Еўрапейскія гульні ў Мінску праходзілі на працягу 10 дзён. Больш за 4 тыс. спартсменаў з 50 дзяржаў спаборнічалі ў 15 відах спорту. Афіцыйны дэвіз гульняў — Bright Year, Bright You («Яркі год, яркі ты»). Лагатып — «папараць-кветка», што мае сімвалічнае значэнне ў культуры славян. Талісман — лісяня па імені Лесік.

Беларускія атлеты па выніках спаборніцтваў аказаліся ў ліку лідараў еўрапейскага і сусветнага спорту. На дамашніх пляцоўках беларусы заваявалі 24 залатыя, 16 сярэбраных і 29 бронзавых узнагарод. Усяго — 69.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *