У ліпені 1944 года наш раён быў вызвалены ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў. Першы і другі Прыбалтыйскія франты за 18 дзён ачысцілі верхнядзвінскую зямлю ад ворагаў. Памяць аб гераізме воінаў-вызваліцеляў заўсёды жыве сярод нас, а ўдзячнасць за іх подзвіг – бязмерная.
Не толькі перад святкаваннем значных юбілеяў, але і ў паўсядзённым жыцці наш знакаміты зямляк, краязнаўца, старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея Антон Францавіч Бубала праводзіць экскурсіі для наведвальнікаў музея і расказвае аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. На гэты раз сюды наведаліся малодшыя школьнікі з СШ №2 – экскурсія ў іх не першая, але як заўсёды захапляльная і змястоўная. Дзеці не толькі слухалі расказ супрацоўніка музея і разглядалі экспанаты, але і самі ўдзельнічалі ў жывой размове, выказвалі меркаванні, разважалі на тэму, чым адрозніваюцца партызаны ад салдат, успаміналі аб сваіх прадзедах – удзельніках ваенных дзеянняў.
Антон Францавіч паказвае наведвальнікам унікальныя экспанаты: фотаздымкі, дакументы, інсталяцыі. Напрыклад, кнігу, напісаную ад рукі партызанам Асвейскай брыгады імя Фрунзе Васілём Лукашонкам. Гэта своеасаблівы дзённік – хроніка партызанскіх будняў, у якой выказаны асабістае бачанне і ацэнка ваенных дзеянняў.
Некаторыя людзі знаходзяць з дапамогай музея інфармацыю аб сваіх продках. Праўнук палкоўніка Ніканава шукаў звесткі аб месцы пахавання свайго прадзеда. Высветлілася, што Ніканаў загінуў на Асвейшчыне і пахаваны ў брацкай магіле. Праўнук з Ніжняга Тагіла прыехаў, каб пакланіцца продку і пабываць на яго магіле. І перадаў раённаму музею выдадзеную ім кнігу, дзе надрукаваны пісьмы прадзеда з фронту. На вокладцы паметка: “просмотрено цензурой”.
Музейныя супрацоўнікі вядуць вялікую пошуковую работу па ўвекавечванні воінаў, загінуўшых падчас вайны ў нашым раёне, удакладняюць спісы і месцы пахавання, уносяць папраўкі. Адметна, што выда-дзеная кніга “Памяць” таксама “жывая”: у аўтара Антона Бубалы на палях яе старонак – паметкі і ўдакладненні.
Цеснае супрацоўніцтва наладжана з пошуковымі інтэрнэт-сайтамі, вядзецца перапіска з расійскім “Общественным банком данных “Мемориал”.
— Змяніліся адміністрацыйныя межы, назвы гарадоў, раёнаў, – гаворыць Антон Францавіч. – Выпраўляем назвы, каб маладое пакаленне разумела, дзе пахаваны яго продак. Удакладненыя спісы друкуюцца на старонках раённай газеты. Трэба разумець, што журналы вяліся ў перапынках паміж баямі, пахаронкі пісаліся наспехам. Бывала, што ў спісы загінуўшых пападалі і жывыя людзі. Пераблытаны літары, ці прозвішчы напісаны на рускі манер. Трэба разбірацца ў семантыцы гучання і змяненні гукаў і шукаць правільны варыянт.
— У раёне, – адзначае навукоўца, – прозвішча кожнага загінуўшага салдата занесена на мемарыяльную дошку нават калі дакладная магіла невядома. І гэта праца працягваецца. Падчас пашпартызацыі магіл савецкіх воінаў знайшлі няўлічанае пахаванне партызана. Высветлілі яго імя і прозвішча. Зараз вядзецца работа па ўстанаўленні там помніка.
Як адзначае суразмоўца, большая частка маладога пакалення цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, ведае ўраджэнцаў раёна, якія мужна змагаліся з фашыстамі. Але трэба адрадзіць паходы па месцах баёў – гэта не толькі памяць, але і даніна гераізму вызваліцеляў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.